Гашак Яраслаў
Шрифт:
Профос вытрашчыў вочы, потым махнуў рукою і вышаў, стукнуўшы дзьвярыма.
— Таварыства ўзаемадапамогі па выдаленьні профосаў, сказаў вольнапісаны, — справядліва дзелячы хлеб на дзьве палавіны. — Паводле параграфу шаснаццатага дысцыплінарнага статуту арыштаваны да вынясеньня прысуду павінен карыстацца салдацкім пайком, але тут, як відаць, пануе закон прэрый: хто першы ў арыштантаў паёк перахопіць.
Абодва сядзелі на нарах і жавалі салдацкі хлеб.
— На профосе лепш за ўсе відаць, якімі жорсткімі робіць людзей вайсковая служба, — аднавіў свае разважаньні вольнапісаны. — Бясспрэчна, профос быў да паступленьня на вайсковую службу маладым чалавекам з ідэаламі. Гэта быў сьветлавалосы херувім, пяшчотны і чулы да ўсяго, абаронца прыгнечаных, за якіх ён заступаўся, калі ў яго роднай краіне дзе-небудзь на фэсьце біліся за дзяўчыну. Усе яго, бясспрэчна, любілі і паважалі, але цяпер… божа мой! — з якім задаваленьнем я заехаў-бы яму па храпе, адбіў-бы яму, як тарану, галаву аб нары і выкінуў-бы яго разам з галавою ў сарцірную яму. I гэта, брат, таксама довад таго, што наша вайсковае рамяство робіць людзей жорсткімі.
Ён запеў:
Яна й на чорта не зважала, Ды тут ёй трапіўся салдат…— Дарагі сябар, — казаў ён далей, — як глянеш на нашу любую монархію, заўсёды прыходзіш да выніку, што яна знаходзіцца ў такім самым становішчы, як і дзядзя Пушкіна, гэта значыць нам застаецца толькі, як напісаў Пушкін:
Вздыхать и думать про себя: Когда-же чорт возьмет тебя?Шчоўкнуў ключ у замку, і профос запаліў лямпу ў калідоры.
— Прамень сьвятла ў цёмным царствеі — Крыкнуў вольнапісаны. — Пранікненьне асьветы ў вайсковыя шэрагі! Дабранач, пан профос! Кланяйцеся там усім афіцэрам і жадаю вам прыгожых сноў. Няхай, напрыклад. вам прысьніцца, што вы вярнулі мне пяць крон, тыя самыя, якія я вам даў, каб вы купілі папярос, і якія вы прапілі за маё здароўе. Дабранач, пудзіла гарохавае!
Усьлед за гэтым пачулася бурчаньне профоса пра тое, што заўтра прыдзецца зьявіцца да палкоўніка.
— Зноў адны, — сказаў вольнапісаны. — Перад сном я ахвярую некалькі хвілін на лекцыю пра пашырэньне зоолёгічных ведаў сярод унтэраў і афіцэраў. Для таго, каб выбіць з жывога вайсковага сырцу сьвядомае гарматнае мяса, патрэбна грунтоўнае знаёмства з прыродазнаўствам, у прыватнасьці па кнізе «Крыніцы экономічнага дабрабыту», якая вышла ў выданьні Кочы [34] , у якой на кожнай старонцы сустракаюцца словы: быдла, парасяты, сьвіньні. За апошні час аднак мы можам наглядаць, як у нашых найбольш прогрэсыўных вайсковых акругах уводзяцца новыя найменьні для навабранцаў. У адзінаццатай роце капрал Альтгоф ужывае слова «энгадынская каза». Яфрэйтар Мюлер, немец з Кашпэрскіх гор, былы настаўнік, называе навабранцаў «чэскімі сьмярдзючкамі», фэльдфэбэль Зондэрнумэр — «бычынымі жабамі» і «іоркшырскімі парсюкамі» і абяцае кожнаму навабранцу зрабіць з яга пудзіла, прычым выяўляе такія спэцыяльныя веды, нібы сам нарадзіўся ў сям‘і чучальніка. Начальства стараецца ўбіць у салдат любасьць да бацькаўшчыны сваяасаблівымі спосабамі, напрыклад: дзікім ровам, скокамі наўкол рэкрута, ваяўнічым рыкам, які нагадвае афрыканскіх дзікуноў, што зьбіраюцца злупіць скуру з ні ў чым невінаватай антылёпы ці рыхтуюцца ўсмажыць філе з якога-небудзь прыгатаванага на абед місыонэра. Да немцаў гэта, вядома, не адносіцца. Калі фэльдфэбэль заводзіць гутарку пра «сьвінячую банду», ён сьпяшаецца дадаць «чэскую», каб немцы не пакрыўдзіліся і ня прынялі гэтага на сябе. Пры гэтым усе ўнтэры 11-роты дзіка варочаюць бялкамі, як сабака, які глынуў з пражэрства намочаную ў прованскім масьле губку і ўдавіўся. Чуў я раз размову яфрэйтара Мюлера з капралам Альтгофам пра пляны навучаньня апалчэнцаў. У гэтай размове пераважала слова «блямба». Спачатку я думаў, што яны адзін з другім палаяліся і што разбураецца адзінства аўстрыйскай арміі, але я грунтоўна памыліўся. Гутарка ішла ўсяго толькі пра салдат. «Калі скажам гэтакая чэская сьвіньня, — аўторытэтна навучаў капрал Альтгоф яфрэйтара Мюлера, — нават пасьля таго, як па камандзе „лажыся“! разоў трыццаць выкачаецца ў гразі, ня можа навучыцца стаяць проста і не шавяліцца, дык даць яму разоў са два ў рыла — толку мала. Заедзь яму кулаком у жывот, другою рукою нацягні яму шапку на вушы, скамандуй „кругом!“, паддай яму, калі павернецца, нагою пад задніцу і ўбачыш, як ён пасьля гэтага пачне выцягвацца ва-фронт. А прапаршчык Даўэрлінг толькі сьмяяцца будзе». А цяпер, таварыш, я раскажу вам пра прапаршчыка Даўэрлінга, пра якога сярод навабранцаў 11-й роты ходзяць цэлыя паданьні, як пра якога небудзь мэксіканскага бандыта. Даўэрлінг карыстаецца рэпутацыяй людаеда, антропофага з аўстралійскіх плямён, якія ядуць людзей іншага племені, калі яны пападуцца ім у рукі. Увесь бліскучы жыцьцёвы шлях Даўэрлінга адзначан лёсам. Хутка пасьля нараджэньня яго ўпусьціла з рук нянька і да гэтага часу на галаве ў прапаршчыка ёсьць дужаватая ямка. Пасьля такога бліскучага пачатку ў сям‘і ня думалі, што ён бяз шкоды перанясе сатрасеньне мазгоў і што з яго выйдзе што-небудзь людзкае. Адзін толькі яго бацька палкоўнік ня траціў надзеі і, наадварот, запэўняў, што такая пусьцяковіна яму ў далейшым пашкодзіць ня можа, бо малады Даўэрлінг, калі падрасьце, пойдзе служыць у войска. Пасьля суровай барацьбы з чатырма клясамі гарадзкога вучылішча, якія ён прайшоў экстэрнам (прычым адзін з двух яго рэпэтытараў без пары пасівеў і звар‘яцеў, а другі прабаваў кінуцца з вежы сьвятога Стэфака ў Вене), малады Даўэрлінг паступіў у юнкэрскую школу. У юнкерскай школе ніколі не зьвярталі ўвагі на ступень адукаванасьці маладых людзей, якія туды паступалі, бо адукуванасьць не стасавалася з паняцьцем аб аўстрыйскіх страявых афіцэрах. Ідэалам вайсковай адукацыі было — умець гуляць у салдацікі. Адукаванасьць робіць людзей больш шляхетнымі, а гэта на вайсковай службе не патрэбна. Чым афіцэрства грубейшае, тым лепш.
34
Праскае выдавецтва.
Юнкер Даўэрлінг ня меў вялікіх посьпехаў нават і ў тых прадметах, якія кожны з юнкераў так ці іначай засвойвае. I ў юнкерскай школе ён давёў, што ў дзяцінстве яго нянька з рук упусьціла. Пра гэта няшчасьце выразна сьведчылі яго адказы нз экзаменах, якія вызначаліся такою бязьмернаю дурасьцю, што выкладчыкі іначай яго не называлі, як «наш ідыётык». Яго дурасьць так кідалася ў вочы, што сьмела можна было загадзе сказаць, што праз гадоў дваццаць ён пападзе ў Тэрэзіянскую [35] вайсковую акадэмію ці ў Вайсковае міністэрства. Пасьля абвяшчэньня вайны ўсім маладым юнкерам далі годнасьць прапаршчыкаў. У іх лік папаў Конрад Даўэрлінг, які быў назначан у 91-ы полк.
35
У Вене.
Вольнапісаны перадыхнуў і гаварыў далей.
— У выданьні Вайсковага міністэрства вышла кніга: «Вывучка ці выхаваньне?», з якой Даўэрлінг вычытаў, што на салдат трэба ўплываць тэрорам, прычым ступені тэрору адпавядае і ступень дысцыплінаванасьці. Даўэрлінг палажыў гэты прынцып за грунт свае дзейнасьці і дасягнуў вялікіх посьпехаў. Салдаты, каб ухіліцца яго крыкаў, цэлымі аддзяленьнямі падавалі рапарт аб хваробе, але гэта ні разу ня мела. посьпеху. Хто падаваў рапарт аб хваробе, той пападаў пад узмоцнены арышт. Дарэчы, ці вядома вам, што такое ўзмоцнены арышт? Цэлы дзень вас ганяюць па пляцы, а на нач — у карцар. Такім чынам, у роце Даўэрлінга хворыя перавяліся. Усе хворыя з яго роты сядзелі ў карцары. Даўэрлінг захоўваў на занятках разьбітны казарменны тон, які пачынаецца словам «сьвіньня» і канчаецца нязвычайным зоолёгічным тэрмінам «сьвінячы сабака». Урэшце, ён быў вельмі лібэральны і даваў магчымасьць салдатам выбіраць, што яны хочуць. Напрыклад, ён казаў: «Выбірай, вярблюд: у рыла ці тры дні ўзмоцненага арышту»? Калі салдат выбіраў тры дні ўзмоцненага арышту, Даўэрлінг даваў яму звыш гэтага яшчэ ў рыла і дадаваў у якасьці тлумачэньня: «Баішся за сваю храпу, а што будзеш рабіць, калі загаворыць цяжкая артылерыя»? Раз, выбіўшы вока аднаму навабранцу, ён сказаў так: «Падумаеш, якая важнасьць? Яму ўсёроўна здыхаць». Тое-ж самае гаварыў і фэльдмаршал Конрад фон-Гетцэндорф: «Салдатам усёроўна здыхаць».
Улюбёным і найбольш моцным сродкам у Даўэрлінга зьяўляюцца лекцыі, на якія ён выклікае ўсю чэскую каманду і чытае пра баявыя задачы Аўстрыі, спыняючыся пераважна на агульных прынцыпах вайсковага навучаньня. Гэта значыць ад шпангляў [36] да расстрэлу ці павешаньня. У пачатку зімы, яшчэ перад тым, як я трапіў у шпіталь, нас вадзілі на заняткі на пляц каля 11-й роты. Пасьля каманды «вольна» Даўэрлінг гаварыў прамову да рэкрутаў чэхаў:
«Я ведаю, — пачаў ён, — што ўсе вы нягоднікі і што трэба вам выбіць дур з галавы. З вашаю чэскаю моваю вам і да шыбеніцы не дабрацца. Наш вярхоўны галоўнакамандуючы [37] — немец. Чуеце?» — потым ён скамандаваў: — «Лажыся»!
36
Кайданы. Правая рука прыкоўвалася кароткім ланцугом да левай нагі, і салдата, які правініўся, пакідалі скручанага такім чынам на доўгі час.
37
Франц-Іосіф.
Усе ляглі, а Даўэрлінг стаў хадзіць сюды і туды перад імі і гаварыў далей:
— Сказана «лажыся»! — ну і ляжы. Хоць лопні, а ляжы. Такая каманда існавала ўжо ў старажытных рымлян. У тыя часы прызываліся ў войска ўсе ад семнаццаці да шасьцідзесяці гадоў і ўсе трыццаць гадоў вайсковай службы праходзілі пад адкрытым небам. Па казармах яны, як сьвіньні, не качаліся. I мова была тагды таксама адна для ўсяго войска. Папробаваў-бы хто загаварыць у іх па-этруску! Паны рымскія афіцэры паказалі-б яму, па чым фунт ліха! Я таксама патрабую, каб вы адказвалі мне па-нямецку, а ня вашаю «шалтай-балтай». Ну, як вам падабаецца ляжаць у гразі? Цяпер уявеце сабе, што каму-небудзь з вас не захацелася-б болей ляжаць і ён-бы ўстаў. Што-б я тагды зрабіў? Зьвярнуў-бы сукінаму сыну сківіцу на патыліцу за невыкананьне абавязкаў салдата, парушэньне статуту і дысцыпліны, за непаслушэнства і бунт, з чаго вынікае, што такога нягодніка чакае вяроўка.
Вольнапісаны змоўк і, відавочна намеціўшы ў час перапынку далейшую тэму з казарменнага жыцьця, загаварыў зноў:
— Быў яшчэ ў нас капітан Адамічка, чалавек надзвычайна апатычны. У канцылярыі ён сядзеў з выглядам ціхага вар‘ята і глядзеў у прастору, як быццам казаў: «Ежце мяне, мухі з камарамі». Раз да яго зьявіўся салдат 11-й роты са скаргай, што прапаршчык Даўэрлінг назваў яго вечарам на вуліцы чэскай сьвіньнёй. Салдат гэты да вайны бьзў пераплётчыкам, сьвядомым рабочым. «Та-ак, такія, значыць, справы… — задуменна і ціха сказаў капітан Адамічка. (Ён заўсёды гаварыў задумёна і ціха). — Сказаў, кажыце, на вуліцы? Трэба было-б даведацца, ці было вам дазволена пайсьці з казармаў? Пакуль што можаце ісьці…» Праз некалькі дзён капітан Адамічка выклікаў да сябе салдата, што падаў скаргу. «Высьветлена, — сказаў ён задумёна і ціха, — што ў гэты дзень вам было дазволена ісьці з казармаў да дзесяці гадзін вечара. Значыцца, вы пакараны ня будзеце… Можаце ісьці».