Гашак Яраслаў
Шрифт:
— Гэй, ты, з 91-га, калі хочаш, хадзем з намі,—прапанавалі яны Швэйку. — Наплюй ты на свайго обэр-лейтэнанта.
— Не, браткі, так проста гэта ня робіцца, — адказаў Швэйк і зарыўся ў салому.
Калі ён прачнуўся, была ўжо раніца, і ў стозе нікога ўжо ня было. Нехта (відавочна артылярыст) палажыў ля ног Швэйка акраец хлеба на дарогу.
Швэйк пашоў лесам. Недалёка ад Шчэнка ён сустрэўся з сваім даўнейшым знаёмым-валацугай, які па-прыяцельску пачаставаў Швэйка, даўшы глынуць гарэлкі.
— У такой адзежы не хадзі. Як-бы цябе твая абмундыроўка не падвяла, — навучаў валацуга Швэйка. — Цяцер усюды поўна жандараў і жабраваць у такім выглядзе не выпадае. Нас цяпер жандары ня ловяць, цяпер узяліся за вашага брата, толькі дэзэртыраў і шукаюць.
У словах жабрака чулася поўная ўпэўненасьць, што Швэйк— дэзэртыр, і Швэйк падумаў, што лепш не заікацца пра 91-шы полк. Няхай яго лічаць, за каго хочуць. На што разбураць ілюзію добраму старому.
— Куды цяцер мяркуеш? — спытаўся валацуга, калі абодва закурылі люлькі і, не сьпяшаючыся, абыходзілі вёску.
— У Будэйовіцы.
— Матка боская! — спужаўся жабрак. — Ды цябе ў адзін момант заграбуць. I дыхнуць ня ўсьпееш. Цывільнае адзеньне табе трэба, ды падранае. Прыдзецца табе стаць клышаногім… Ну, ды ня бойся; пойдзем праз Страконіцы, Валынь і Дуб, і чорт няхай мяне возьме, калі мы не разжывёмся на якую-небудзь цывільную адзежыну. У Страконіцах шмат ёсьць дурняў, якія, бывае, не замыкаюць нанач дзьвярэй, а ўдзень там наогул ніхто не замыкае. Пойдзе хто-небудзь да суседа пабалакаць, — вось табе і цывільнае адзеньне. Трэба-ж табе што? Боты ёсьць… Так, што-небудзь накінуць. Шынель стары?
— Стары.
— Можна пакінуць. У вёсках усе ў шынялёх ходзяць. Патрэбны порткі ды жакеціна. Калі дастанем цывільнае адзеньне, абмундыроўку можна будзе прадаць знаёмаму жыду Герману ў Ваднянах. Ён скуплёўвае казённыя рэчы, а потым прадае іх па вёсках… Сягоньня пойдзем у Страконіцы. Адгэтуль гадзіны чатыры хады да старой шварцэнбэрскай аўчарні,—разьвіваў ён свой плян. — Там у мяне пастух знаёмы — стары дзед. Пераначуем у яго, а раніцою кранёмся ў Страконіцы і сьвісьнем там дзе-небудзь вопратку.
У аўчарні Швэйк пазнаёміўся з сымпатычным дзядком, як помніў яшчэ, як расказваў яго дзед пра наполеонаўскія паходы. Пастух быў на дваццаць год старэйшы за старога валацугу і таму называў яго, як і Швэйка, «хлапчына».
— Дык вось, хлопчыкі,—пачаў расказваць дзед, калі ўсе паселі наўкол печы, у якой варылася бульба з мундзірамі.—У тую пору дзед мой, як вось гэты твой салдат, таксама быў дэзэртырам. Яго ўсё-такі злавілі, ды так высьцебалі, што ад задніцы толькі шмацьцё ляцела. Яму яшчэ пашанцавала. А вось дзеда, старога Ярэша, стоража, дык таго за ўцекі наладавалі волавам, а перад расстрэлам прагналі яго праз строй і ўсыпалі шэсьцьсот палак, і сьмерць для была толькі палёгкаю…
— А ты як зьбег? — змахнуўшы сьлязу, запытаўся ён у Швэйка.
— Пасьля таго, як зьявіўся на прызыў, калі нас завялі ў казарму, — адказаў Швэйк, разумеючы, што нельга ганьбіць гонар мундзіра перад старым.
— Пералез цераз сьцяну, ці што? — з цікавасьцю запытаўся пастух, відавочна ўспомніўшы апавяданьне свайго дзеда пра ўцекі.
— Іначай ніяк нельга было, дзядуня.
— Варта, нябось, страляла?
— Страляла, дзядуня.
— А куды цяпер нукіроўваешся?
— I якая яго муха ўкусіла. Цягне яго ўсё ў Будэйовіцы, — адказаў за Швэйка валацуга. — Вядома, чалавек малады, бяз розуму, дык і лезе сам сабе на пагібель. Прыдзецца ўзяць яго ў адукацыю. Сьвісьнем якую-небудзь адзежыну, а там — бог дасьць! — усё абыдзецца. Як-небудзь да вясны прабадзяемся, а вясною пойдзем да сялян працаваць. У гэтым годзе ў людзях будзе патрэба. Усіх валацуг, кажуць, будуць зганяць на палявую работу. Лепш, я думаю, пайсьці добраахвотна. Людзей, кажуць, мала будзе. Пераб‘юць усіх.
— Думаеш, у гэтым годзе ня скончыцца? — спытаўся пастух. — А й праўда. Доўгія войны ўжо бывалі. Наполеонаўская, швэцкая, — настаўнік расказваў,—сямігадовая. Самі людзі гэту вайну заслужылі. Таго яны і варты: вельмі ўжо яны заганарыліся, самаму госпаду богу адваротна стала глядзець. Ужо і бараніна стала ім не да смаку, ужо і яе ня хочуць жэрці. Раней да мяне чуць не чародамі хадзілі, каб я ім з-пад крысы прадаў гаспадарскага баранчыка, а цяпер падавай ім толькі дзічыну ды сьвініну, і не як-небудзь, а на масьле ды на сале. Вось бог і загневаўся на іх непамерную гордасьць Дачакаюцца яшчэ: будуць варыць лебяду, як у часы Наполеона. А панства зусім з дуру вар‘юецца. Стары пан, князь Шварцэнбэрг, езьдзіў у брычцы, а малады князь, сапляк, усё кругом сваім аўтомобілем засмуродзіў. Пачакай, Пан бог ужо нашмаруе табе рыла бэнзінам.
У гаршку з бульбай булькатала вада. Стары пастух, памаўчаўшы, як прарок, сказаў:
— Гэту вайну наш гасудар імпэратар прайграе. Які ў народа можа быць дух, калі гасудар не каранаваўся [11] , як кажа настаўнік з Страконіц. Няхай цяпер запраўляе Пятра Кірылава, каму хоча. Ужо, калі ты, старая шэльма, абяцаў каранавацца, то слова павінен стрымаць!
— Можа, ён гэта цяпер як-небудзь змадыгуе, — заўважыў валацуга.
— Цяпер, хлапчына, усім і кожнаму на гэта начхаць, — загарачыўся пастух, — у кожнага на вайне хто-небудзь ды ёсьць: у каго брат, у каго сват. Калі ў нас на вёсцы сыдуцца мужчыны ды пачнуць гаварыць, дык толькі дзяржыся! Пасьля вайны, кажуць, будзе слабода, ня будзе ні панскІх маёнткаў, яі цароў і ў князёў маенткі адбяруць. Ужо некага Коржынку за такія гутаркі згрэблі жандары: не падбухторвай, кажуць. Цяпер жандары, што хочуць, тое і робяць.
11
Франц-Іосіф не каранаваўся каралём Чэхіі—фармальнасьць, якую выконвалі ўсе імпэратары Аўстра-Вэнгерскай монархіі.