Вход/Регистрация
Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
вернуться

Гашак Яраслаў

Шрифт:

Вахмістр з задаваленьнем адзначыў у думках: «Правільна! Самы лепшы спосаб папасьці ў Расію».

— Вельмі добрая ідэя! — з захапленьнем сказаў ён, наглядаючы, якое ўражаньне зробяць яго словы на Швэйка, але не прачытаў на яго твары нічога, апрача поўнага спакою.

«Вокам чалавек не міргне, — жахнуўся ў глыбіні душы вахмістр. — Ну, і вытрымка-ж у іх! Каб я быў на яго месцы, у мяне пасьля гэтых слоў ногі-б хадуном захадзілі».

— Раніцою мы завязём вас у Пісэк, — кіўнуў ён як-бы між іншым. — Ці былі вы калі-небудзь у Пісэку?

— У 1910 годзе на імпэратарскіх манэўрах.

На твары ў вахмістра зьявілася пераможная ўсьмешка. Ён адчуваў, што ў сваёй сыстэме допыту перагнаў сам сябе.

— Вы былі там да канца манэўраў?

— Вядома, пан вахмістр. Я быў у пяхоце.

Швэйк спакойна глядзеў на вахмістра, які круціўся ад радасьці і ня мог больш стрымлівацца, каб ня прыпісаць гэта ў рапарт. Ён выклікаў свайго памочніка і загадаў вывесьці Швэйка, а сам дапоўніў у сваім рапарце:

«Плян яго быў такі: прабраўшыся ў рады 91-га палка, ён намерваўся разам з палком адправіцца на фронт і пры першым зручным выпадку перабегчы на бок рускіх, бо бачыў, што вярнуцца іншым шляхам з прычыны пільнасьці нашых органаў яму немагчыма. Зусім магчыма, што ён мог-бы з посьпехам ажыцьцявіць свае намеры, бо згодна з яго паказаньнямі, здабытымі шляхам перакрыжаванага допыту, ён яшчэ ў 1910 годзе прымаў удзел у якасьці радавога ў імпэратарскіх манэўрах у наўкольнасьці Пісэку. З гэтага відаць, што ён мае вялікія здольнасьці ў сваей галіне. Дазволю сабе ўпамянуць, што сабраны мною абвінаваўчы матэрыял зьяўляецца вынікам майго мэтоду перакрыжаванага допыту».

У дзьвярах зьявіўся ўнтэр.

— Пан вахмістр! Арыштаваны просіцца за сваёю патрэбаю!

— Прымкнуць штыхі! — скамандваў вахмістр. — Ці не, прывядзеце яго сюды.

— Вам трэба ў прыбіральню? — ветліва спытаўся ў Швэйка вахмістр. — Ці не хаваецца ў гэтым што-небудзь большае?

— Зусім правільна. Мне трэба за «вялікаю патрэбаю», пан вахмістр, — адказаў Швэйк.

— Глядзеце, каб ня было чаго-небудзь большага, — многазначна сказаў вахмістр, прышпільваючы кабуру з рэвольвэрам. — Я пайду з вамі.

— У мяне новы рэвольвэр, — сказаў ён Швэйку ідучы: сямінабойны, дасканала правільна б‘е.

Перш, чым выйсьці на двор, ён паклікаў унтэра і на вуха даў загад:

— Вазьмеце стрэльбу і, калі ён увойдзе ў сярэдзіну, станьце з другога боку прыбіральні. Каб ён не зрабіў часамі падкопу цераз рэтырадную яму.

Прыбіральняю была маленькая драўляная будка, якая стаяла нудліва пасярод двара недалёка ад кучы гною. Гэта быў патрэбнік-вэтэран, які абслугоўваў патрэбы цэлых пакаленьняў. У момант, які тут апісваецца, у ім сядзеў Швэйк і прытрымліваў аднэй рукой вяровачку ад дзьвярэй, між тым, як праз задняе акенца за ім наглядаў унтэр, як-бы Швэйк не зрабіў падкопу.

Каршуновыя вочы жандарскага вахмістра ўтаропіліся ў дзьверы, і вахмістр абдумваў, у якую нагу яму страляць, калі Швэйк папрабуе ўцякаць.

Але заміж гэтага дзьверы памаленьку адчыніліся, і з прыбіральні ня вышаў, а выплыў Швэйк! На абліччы яго была напісана спакойная здаволенасьць. Ён запытаўся ў вахмістра:

— Ці не занадта доўга я там быў: Ці не затрымаў я вас?

— О, зусім не, зусім не, — адказаў вахмістр і падумаў: «Якія яны ўсё-такі далікатныя, абыходлівыя. Ведае-ж, што яго чакае але застаецца ветлівым. Далікатны да апошняй хвіліны. Хіба мог-бы хто з нашых так трымацца на яго месцы?»

Вахмістр застаўся ў каравульным памяшканьні і сеў побач са Швэйкам на пасьцелі жандара Рампы, які быў у нарадзе і павінен быў да раніцы абыходзіць наўкольныя сёлы, а ў гэты момант быў ужо ў Працівіне ў шынку «У Варанога каня» і гуляў з шаўцамі ў «мар‘яж», у перапынках даводзячы, што Аўстрыя павінна перамагчы.

Вахмістр закурыў, даў натаптаць люльку і Швэйку, унтэр падкінуў у печ вугалю, і жандарскае аддзяленьне ператварылася ў самы прытульны куточак на сьвеце, у цёплае гнязьдзечка. На дварэ спускалася зімовая ноч.

Усе маўчалі. Вахмістр распрацоўваў нешта ў думках і нарэшце выказаў гэта памоцніку:

— Па-мойму, вешаць шпіёнаў — няправільна. Чалавек, які ахвяроўвае сябе па абавязку, скажам, за сваю радзіму, заслугоўвае сьмерці ганаровай, ад кулі. Як па-вашаму?

— Вядома, лепш расстраляць яго, а ня вешаць, — згадзіўся ўнтэр. — Паслалі-б, скажам, і сказалі-б: «Вы павінны высьветліць, колькі ў рускіх куляметаў. Што-ж, пераапрануліся-б і пашлі. I за гэта мяне вешаць як бандыта?!

Унтэр так разышоўся, што ўстаў і сказаў:

— Я за тое, каб яго расстраляць і пахаваць з вайсковым гонарам!

— Тут якраз і загвоздка, — сказаў Швэйк. — Калі хлопец ня дурань, — папробуй яго злаві. Ніколі яго не пазнаюць.

— А вось пазнаюць! — загарачыўся вахмістр. — Ён хітры, дый яны не тапаром шытыя. Трэба мець свой мэтод. Вы самі ў гэтым пераканаецеся. Самі не заўважыце, як пераканаецеся, — паўтарыў ён спакайнейшым тонам, прыветна пры гэтым усьміхаючыся. — Як ні круціся — у нас гэты нумар ня пройдзе. Правільна я кажу? — зьвярнуўся ён да ўнтэра. Унтэр кіўнуў галавою ў знак згоды і выказаў думку, што ёсьць некаторыя, у якіх справа ўжо даўно прайграна, і што яны могуць прыкідвацца зусім спакойнымі колькі хочуць, але гэта спакойства нікога ня зьдзівіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: