Вход/Регистрация
Заходнікі
вернуться

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Якія ўсе маладыя і прыгожыя! — добра ведаючы ўсіх, паблажліва пажартаваў Уладароў, назіраючы, дзе і як усе садзяцца, ды трымаючы меншыя пальцы правай рукі паміж гузікамі фрэнча. Калі гэтак мякка сцеле, дык сёння не будзе даваць наганяй, а пачне азадачваць. Нападзе на кагосьці, падсыпле перцу пад канец нарады, каліпойдзе «рознае» альбо «індывідуальная гутарка» — ахвяра, канечне, яму ўжо вядомая, але ён пакуль што тоіцца пра гэта.

Сярод іх ёсць звычайныя гаваркія людзі і тыя, хто заўсёды хоча трапіць на вочы Уладарову, падхалімы, але цяпер, ужо ведаючы пра блізкі вялікі клопат, ніхто з іх угодліва не загарэзаваў, каб падхапіць жарт Уладарова. Не той выпадак, каб падтакваць, выбіцца ў любімцы.

Уладароў адчуў гэта, адмыслова ўсміхнуўся: хітрыя ўсе вы, чэрці; многія таксама зразумелі яго гэтую ўсмешку, па-свойму адмыслова ўсміхкуліся, чакаючы «азадачвання».

Першы вытрымаў паўзу, каб усе расселіся, «сабралі-ся ў кулак», а потым абапёрся далонямі на свой стол, адразу змяніўся, падзелавеў:

— Таварышы камуністы!

Усе падаставалі з планшэтак блакноты, самапіскі і наструніліся, ведаючы, што Уладароў любіць, калі ўсе сама ўвага, і злуецца, калі хто-небудзь не слухае, перамаўляецца.

— Мы з вамі жывём у няпросты час, — як і заўсёды, пачаў з «палітычнай ацэнкі моманту» (заўтра ў сваіх сельсаветах пачнуць так нарады і яны, старшыні). — Савецкі народ пад мудрым кіраўніцтвам вялікага і геніяльнага Сталіна і нашай слаўнай партыі атрымаў цяжкую выдатную перамогу над лютым ворагам усяго чалавецтва — фашысцкай Германіяй, наладжваецца на мірнае стваральнае жыццё. Праўда, міжнародны імперыялізм спрабуе выкарыстаць нашы часовыя цяжкасці і паставіць нас на калені, палохае новай разбуральнай вайною…

Голас Уладарова пагучнеў, наліўся гневам.

— Ды нічога ў іх не выйдзе! — падняў, патрос у паветры кулаком. — Мы зноў супрацьпаставім цемрашалам і захопнікам нашу вернасць несмяротным ідэалам Леніна і Сталіна, нашу класавую свядомасць, еднасць, мужнасць і працавітасць — лепшыя рысы, уласцівыя найперш вялікаму савецкаму народу…

«Трыбун! Кіраў!» — які ўжо раз пазайздросціў Кура-глядаў, ведаючы, што Уладароў не нашмат старэйшы і не асабліва болей адукаваны, але лепш умее гаварыць. Найперш з-за вёрткага языка быў заўважаны і падняўся ўверх у партызанах.

— Ясна, таварышы, гэтыя якасці нялёгка рэалізаваць у нашых умовах, ва ўмовах несвядомасці, былых буржуазных і жывучых уласніцкіх настрояў пераважнай большасці мясцовых насельнікаў…

«Зараз скажа: „Але нашто тут мы з вамі?“

— Але нашто тут мы з вамі? — сапраўды ўсклікнуў Уладароў і сам адказаў: — Выявіць, судзіць ворагаў, пераканаць нелаяльных і заблуджаных, усім прывіць нашу свядомасць і ідэйнасць, каб усе як след уліліся ў дружную сям'ю савецкіх народаў.

Чуючы добра знаёмае, Кураглядаў расслабіўся і апусціў вочы долу — на свае бліскучыя боты, на шыкоўны рознакаляровы дыван. I нечакана ад таго, на што ўпёрся позірк, замёр. Колькі разоў слізгаў вачыма па гэтым прыгожым дыване (адзін такі ва Уладарова дома), раз-глядваў розныя спрытныя ўзоры і дзівосныя яркія колеры, але такое, як цяпер, убачыў упершыню: у вузкай палосцы, што акаймоўвала дыван з чатырох бакоў, сям-там вышыта свастыка! Дыван дык дыван! Сімволіка дык сімволіка! Ды дзе! У якім кабінеце!

Пахаладнела душа: перапыніць Уладарова, сказаць пра гэта пры ўсіх? Не скажы, ранапозна хтосьці агледзіць — усім не паздаровіцца за „страту пільнасці“. Але скажы цяпер, пры такім мностве люду, — можа разысціся страшная чутка. Не. Трэба паказаць аднаму Ула-дарову. Няхай, пакуль не позна, прыбярэ з вачэй і ад-сюль, і з дому гэтае паганае хараство, засцеражэ сябе і іх ад наручнікаў.

Уладароў сеў, узяў свой блакнот, дзе былі загадзя падрыхтаваныя ягоныя тэзісы.

— Перад намі, таварышы, сёння некалькі, я сказаў бы, баявых задач, — прамовіў. — Першая — палітычная. Трэба як след адсвяткаваць Першамай. Трэба прывучваць мясцовых, што не самыя галоўныя святы Каляды, Вялікдзень, розныя Пятры, усе святыя і гэтак далей, а галоўныя іншыя, нашы: Першамай, Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Вывесьце сцягі, партрэты кіраўнікоў партыі і дзяржавы, склічце сходы, а то і правядзіце шэсце па вёсцы з транспарантамі, музыкай, наладзьце танцы. Каб выманіць несвядомы люд з хат на вуліцу, мы пастараемся прыслаць у цэнтральныя вёскі аўталаўкі… Усё зразумела?

— Усё.

— Зразумела.

— Другая задача, таварышы, гаспадарчая і ў той жа час таксама палітычная, — прадоўжыў Уладароў. — Многія рэгіёны краіны засталіся без пасяўнога матэрыялу, найперш без бульбы. Значыць, трэба тэрмінова правесці растлумачальную работу ў сваіх сельсаветах і сабраць звыш дзесяці тысяч пудоў бульбы — недзе па ты-сячы пяцьсот пудоў ад кожнага сельсавета.

Усе заварушыліся, уздыхнулі: ого, колькі! Бачачы і чуючы, як застагналі старшыні, Уладароў пажартаваў:

— Калі, таварышы, здадзім яшчэ болей, дык нам усім будзе толькі лепш…

— Чаму, таварыш Уладароў, такая ўраўнілаўка? — падаў голас Кураглядаў, хоць яшчэ да апошняй хвіліны думаў маўчаць, баючыся гневу з-за свайго новага „асабістага пытання“. — Ёсць сельсаветы, як у мяне, дзе ўсе вёскі згарэлі ў вайну, а ёсць такія, дзе амаль усе вёскі ўцалелі. Дык ім лягчэй.

— Кураглядаў! — занелюбіў Уладароў. — Ты — што? Не разумееш моманту, партыйнага задання?

— Разумею. Але я супраць ураўнілаўкі. Прашу з майго сельсавета скінуць пудоў пяцьсот.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: