Вход/Регистрация
Рэканструкцыя неба
вернуться

Гапеева Вольга

Шрифт:

Я вызваляюся ад вашых абдымкаў і накіроўваюся, куды звычайна накіроўваюцца пасьля сну - у прыбіральню. Менавіта там я прачынаюся. Мыю рукі, іду у пакой, аднак некаторыя рэчы прымушаюць мяне задумацца, і я разумею, што: варыянт А - я так і не прачнулася, варыянт В - гэты гармідар - няпроста сон. Чамусьці мая (пад)сьвядомасьць абірае варыянт В і я пачынаю лямантаваць, клікаць Цябе, потым Вас, не разумеючы хто з вас хто, і каго ж у рэшце рэшт я клічу. Адзінае чым ня розьніліся людзі ў маім пакоі былі іхнія імёны, якія я так і выгуквала

Э.-..Й.-..Р..-.А.-..Н.-.Д. Ніхто не зьбіраўся мяне ратаваць, а мой пакой папаўняўся новымі гасьцямі: мядзьведзямі ў матроскай амуніцыі, коньмі з разгубленымі позіркамі і усім тым, што валодала майстэрствам мімікрыі ва ўмовах маёй псыхікі. Гэй, хто тут гаспадар? Працяглы час я ляжу, не варушачыся, і слухаю, як арытмічна пульсуе артэрыя на шыі. Гэта яна будзе вырашаць, прачынацца ці не.

Дэталь 8

– чытаеш?

...ён падраўняў лісты, з манернасьцю маёй знаёмай-алькагалічкі. Мяне начало цягнуць на ваніты, але я стрымалася: псаваць уражаньне ад прачытанага не хацелася.

– ну й як?

...ён пастукаў аркушамі аб стол так, быццам расшпіліў верхні гузік на маёй сукенцы (хаця не, на мне была сукенка з маланкай, але гэта не істотна).

– што? што ты кажаш?

...ён - быццам адзіная вялізная смочка, падумалася мне, смочка што падрыхтавалася да пацалунка-мацунка. Не-е, даражэнькая, ня пойдзе. Шукай сабе іншы дэлікатэс.

– добра, я падумаю

...гэта для навакольных ты абтрасаеш попел са сваёй сьмярдзючай цыгарэты, а я вось уздрыгваю, адчуваючы, як расшпільваецца станік на сьпіне.

– няма экспрэсіі?

...затое ў цябе яе зашмат... зараз ён возьме кубак, паднясе яго да свайго рота, быццам гэты кубак - мая голаў, якую дазволена бессаромна аблізваць кожны раз, калі пачынае дапякаць смага.

– яшчэ кавы?

...добра што ён не замовіў вячэры, інакш бы маё цела ператварылася ў канапку, і ранкам я прачнулася б пагрызеная й надкусаная з усіх бакоў. I як толькі я гэта разумею, рашуча прамаўляю:

– Хадзем, мне тэрмінова трэба дадому

...гэта называецца перарваны (ежавы) акт. Я ведаю, пра што думае цяпер наш любімы-сарамлівы Юрасік-карасік Б., калі бачыць у маім тэксьце слова “кава”. Ён узгадвае верш паэткі В.Г. і ў думках пытаецца: ці то была ў гэтай каве спэрма, ці то не? Адказваю - нЕ б-ы-л-о-о.

Дэталь 34

Я згодная ўявіць цябе ў позе лётаса пры адной умове: ты маеш быць асобай мужчынскага полу, бо цябе-жанчыну я ўяўляла б ў іншай прасторава-часавай камбінацыі. Да таго ж зь цябе атрымалася б ня самая лепшая паненка. Не хавайся, вопратка табе не спатрэбіцца, а вось я прыхаплю тое-сёе. У тым ліку й кніжкі. Я прымушу цябе чытаць уголас усё, чым ты завальваў мяне падчас нашага Вы-кальнага пэрыяду, які, мяркуючы па ўсім, мог бы цягнуцца бясконца, калі б не мая рашучасьць і жаданьне быць першай. Гэта дзякуючы мне ты меў выключную магчымасьць пачуць, як я (дакладней мае галасавыя вязі й моўны апарат - шчыра кажучы, слова “апарат” трохі пужае, яно большае за мой раток) спалучаю выбуховы пярэднеязычны цьвёрды гук “т” з галосным сярэдняга раду верхняга пад’ёму “ы”.

Дэталь 13

Ты выгульваеш свае думачкі на павадках, у кожнай зь іх матузок свайго колеру. Так яны меней блытаюцца. Вось ты вяртаешся зь вечаровай шпацыркі, перакусваеш марской капусткай, а потым бавіш час, гуляючыся зь імі, сваімі паслухмянымі жывёлінкамі. I ўсё ідзе як мае быць, пакуль у тваёй кватэры не зьяўляюся я й не ўчыняю крывавую масакру тваіх гадаванцаў. Кагосьці я адстрэльваю на месцы, кагосьці прост зачыняю у ванным пакоі, а хто й сам паслухмяна складае лапкі і добраахвотна саскаквае з 9-га паверху. Ты бездапаможна азіраешся вакол. Але маўчыш. Цалуеш мяне ў вусны і маўчыш. Я той, хто парушае звычайную хаду рэчаў, я ня дзейнічаю паводле схемы (прынамсі табе такая схема не знаёмая), я не жадаю, каб у тваёй галаве жылі штучныя індустрыяльныя мутанты, я павяртаю цябе да коней зь лябірынтавымі вачыма, да птушак, да сярэднявечных вядзьмарак, валасы якіх пахнуць вогнішчам і нечым далёкім-далёкім... ты маўчыш. I тут я бачу, як паказваецца галоўка чарговай маленькай паскудніцы, і ты прамаўляеш яе:

– мне так сорамна, але я не кахаю цябе.

1..2..3..4...6..8..9.5.67..4ц.2.оал..74.2палво40-

958лопавфзўш430975е8_556..0..0..0..0..0 ад

мяне амаль нічога не застаецца.

я сашкрабаю з кіліма кавалачкі сябе,

усьведамляючы, што прастора ўзарвалася зь сярэдзіны.

Дэталь 6

Кожны дзень я кагосьці зьядаю.

Кожны дзень я кагосьці зьядаю. I мне пляваць, што ніхто не глядзіць на такія дзеяньні як на злачынства. Ніхто мяне не папракае, мне ўсё адно сорамна, і я ўжо не магу трымаць відэлец, рукі робяцца ці то ватнымі, ці то гумовымі, сківіцы нямеюць, вочы засяроджваюцца на адной бясконца белай (паступова бясконца чорнай, а потым зноўку белай) кропцы, наліваюцца-напаўняюцца нечым сьлізкім, ім на мяне пляваць, вочы пачынаюць жыць сваім асабістым жыцьцём, і есьці ўжо робіцца немагчыма. Мяне паралізуе. Калі ты кагосьці ясі - нехта абавязкова павінен зьесьці й цябе. Ад гэтай думкі робіцца ніякавата, і я ўзгадваю Генрыха, які часам ня можа прымусіць сябе ўскрыць бляшанку кансэрваў, бо гэты працэс топіць яго ў дэпрэсіі. Нешта такога кшталту робіцца й са мной.

Не, гэта не лянота, не ля нота... не мі нота ды й ня рэ, напэўна, тэта нейкая какафонія.

Я адкручваю кран - і праз колькі хвілінаў у мяне будзе сваё мора, не, нават акіян. Пайду плаваць. Стануся мараком. Выратую тубыльскую прыгажуню ад салёнай сьмерці. Ейны бацька будзе бязьмежна мне ўдзячны, і гэтая бязьмежнасьць скончыцца як мага хутчэйшым шлюбам ягонае донечкі, вядома ж, са мной. Гэтак тубыльскія плямёны наладжваюць вонкавыя сувязі. А я буду раўнаваць яе да ветру, да пырскаў, што прызямляюцца на ейную ледзь кранутую індуктаванай мэлянінавай пігмэнтацыяй скуру і, высыхаючы, пратачаюцца праз поркі да крыві. Я ж ніколі ня здолею так вось высахнуць і трапідь у тунэлі ейных судзінаў. I мне нічога не застанецца, як пакутаваць ад сваёй недасканаласьці. Яна будзе мяне любіць, але неяк па-спакойнаму. I гэта правільна, бо дзяцей не кахаюць - іх любяць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: