Гапеева Вольга
Шрифт:
Пекла - гэта іншыя людзі
Жан Поль Сартр ПРАДМОВА ДА П'ЕСЫ У пакоі дом будуецца Для мятлушак-зелянушак Дзе нехта Хацеў спакусіць надзею чакалядкай белай Пасадзіў у няволю маленькую волю На веру глядзеў — зьесьці хацеў Сьпіртаваў у слоіках Ружовых слонікаў Прызнавайся, Калекцыянэр з цукеркамі ў лапах, Я адпомшчу табе адным махам Падпілую ножкі У твайго ложка Зьем усё печыва Паб’ю вокны I пайду сьвяткаваць вызваленьне сваёй рэспублікі Я — нацыянальны герой Люблю бублікіДзеючыя асобы
1 — Думка (асоба жаночага полу)
2 — Ён (асоба мужчынскага полу)
3 — Супрацьгаз (асоба ніякага полу)
4 — Мужчына з вазком
5 — Жанчына з кейсам
6 — Жаночы голас
Ложак пасярод прасторы. Сьцяна, да якой прыкутая дзяўчына за рукі, паднятыя ўгору. Ейныя вочы перавязаныя чорнай стужкай. Збоку асобна стаіць Ён, апрануты як пажарны, у руках трымае супрацьгаз. Глядзіць уперад. Тэкст прамаўляецца безэмацыйна.
Ён. Я пажарны. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.) Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.) А тэта — мая думка. Яна яшчэ зусім маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў маю галаву. (Рэзка хапаецца за галаву і лямантуе што моцы.)
(Гэтак жа рэзка спыняецца і прамаўляе звычайным голосам.) Мабыць, памылілася адрэсай, але я не жадаў, каб яна сыходзіла, і таму прывязаў яе да сьдяны.
Маленькая паршыўка, яна ня ведала, што я зусім не пажарны. О, не, зусім не пажарны.
Я калекцыянэр. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.)
Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.)
А гэта — мая жонка. Яна яшчэ маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў мой пакой і (дзявочы лямант) пабачыла мой труп. Варта дадаць, што быў аўторак.
Мабыць, яна памылілася днём тыдня?
– скажаце вы.
Глупства — скажу я. Як можна памыліцца днём тыдня, калі ў тыдні ўсяго адзін дзень... аўторак.
Таму дзеля прафіляктыкі я прывязваю яе да сьцяны, але гэта толькі па аўторках, я ж не садыст.
Я пасажыр, таму з абавязку службы я вымушаны карыстацца грамадзкім транспартам. Але я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву... (Застывае ў адной позе і стаіць так да заканчэньня дзеі.)
(Жаночы голас аднекуль зьверху)
— Атаньсьён, атаньсьён. Запаволены цягнік нумар 521 адыходзіць зь пятае пляцформы праз 6 месяцаў і 31 дзень. Просьба спазьніўцаў падысьці да адміністрацыі чыгункі... (Голас паступова заціхае, чуецца шум цягніка.)
(Уваходзіць мужчына з вазком, сядае на ложак, дастае з кайстры плеціва, пачынае калупаць пруткамі, зусім не зважаючы ні на Думку, ні на Яго).
Мужчына( кажа нэрвова, з раздражненьнем, азіраецца час ад часу).
Учора, калі я ехаў у трамваі, на сядзеньні для двух, бо ведаеце ж, ёсьць яшчэ і на аднаго, акурат ля мяне сядзелі дзьве кабеты.
Ну і сьпёка ж тады была, і трамвай быў перапоўнены як і заўжды.
(Дзіцё ў вазку пачынае раўсьці, мужчына ўстае, нахіляедца над калыскай і пачынае душыць дзіця, пакуль яго плач не пераходзіць у хрыпеньне. Мужчына абцірае рукі аб вопратку, сядае й працягвае.)