Гапеева Вольга
Шрифт:
Я падумаў: добра яшчэ, што яна сядзіць, ну, тая, што з краю. Уяўляеце, што было б, калі б яна церлася тут, стоячы ля мяне. Гузікі ейнае сукенкі былі зашпіленыя, але тканіна проста не вытрымлівала такога сьвінства й разыходзілася, агаляючы ейную бялізну. Ад яе сьмярдзела потам, малаком і таннай парфумай.
Цікава, што яна адчувала? Ейнае цела большае за маё. (Са шчырым задуменьнем, нават прыпыняе свае плеціва.) Мабыць, яна ўяўляе сябе Маці ўсіх сваіх знаёмых ці (задумліва) самкай-павучыхай. Натуральна, (як быццам бы зразумеўшы ўсё) яна ж займае больш прасторы. (Падхопліваецца й сыходзіць разам з вазком, прыгаворваючы.) Ну-ну, цішэй-цішэй.
(Зацямненьне)
ДЗЕЯ II
Ложак. На ім сядзіць Ён у супрацьгазе.
Д у м к а. А табе што больш даспадобы, дзейнік ці выказьнік?
Ё н. Мгыыплдлшўшуле. (Нічога не разабраць, кажа праз супрацьгаз.)
Д у м к а. Ты што, не падлічваеш колькасьці ўжытых табой дзейнікаў і выказьнікаў за дзень?
Ё н. Ыгмыыквыгаквые.
Д у м к а. А' я лічу, што яны павінны мець роўныя правы. Таму кожны вечар, кладучыся спаць, я лічу свае дзейнікі й выказьнікі. I калі раптам кагосьці я ўжыла болей, наступным днём я рэабілітую таго, каго пакрыўдзіла ўчора.
Сухі матэматычны падлік, — скажаш ты.
Раўнапраўе, — скажу я.
Яны ж такія крыўдлівыя. Ну, акурат муж з жонкаю.
Ё н. (Стогне.)
Думка. Ой, выбачай, я забылася. Гаротнік ты мой, адзін, зусім адзін. (Спачатку спачувальна, потым паступова — зьдзекліва.) Ніхто не разглядае з табой газэт й фатаздымкаў тых спаленых целаў, якія ты выцягнуў з затопленага дому падчас вясновае паводкі. Табе нават не абавязкова здымадь твайго сябра-супрацьгазу дома, усё адно ніхто не папракне цябе за непаголенае падбародзьдзе. (Ён пачынае мітусіцца па пакоі.)
Няма з кім лаяцца. Няма каго ўшчучваць за патаўсьцелыя сьцёгны. Жах. (Ён ужо не знаходзіць сабе месца.) Трэба абавязкова паведаміць належным органам.
Я ж Думка. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся паведамляць камусьці пра штосьці, бо хтосьці й дзесьці ўжо забыўся на кагосьці калісьці.
(Ён ня ў стане болей трываць і пачынае паволі, але з усёй моцы. рытмічна біцца галавой аб сьцяну. Думка адначасова зь ім б’ецца патыліцай аб сьцяну, да якой прыкаваная. Думка губляе прытомнасьць. Ён, змарнелы, здымае супрацьгаз).
Думка (апрытомнеўшы, зьдзекліва): Гм. Бачылася я з тваёй... як там яе — свабодай. Яна ж нават макароны ня здолее прыгатаваць. Я ўжо не кажу пра сьвяточны пірог.
Ё н. У той дзень, калі на вуліцы, паралельнай маёй, мянялі лямпачку ў чацьвертым зь левага боку ліхтары...
Думка. ... я вярталася з суседняе крамы...
Ён. ... я адпусьціў сабе бараду й прысьвяціў яе табе...
Д у м к а. ... у той дзень, калі на вуліцы, пэрпэндыкулярнай маёй, згасла лямпачка ў пятым з правага боку ліхтары...
Ён. ... каб ты не сумавала і пляла мне па вечарох коскі.
Д у м к а. А чаму яна рудая?
Ё н. (Бярэ люстэрка і ўважліва глядзіцца ў яго. Ніякай барады ў яго няма.) Ну-у. Гэта ж маскіроўка. Каб агонь не распазнаў мяне.
Д у м к а. A-а. Традыцыя.
Ё н. Мг.
Д у м к а. Прафэсійная?
Ё н. Сямейная. (Паўза.)
Я хачу падарыць табе вершык. Ён належаў маёй бабулі, але зараз я хачу, каб ён быў твой. (Чытае вершык.)
Агонь ахутвае твае валасы
рукі сьцёгны
сонечным зьзяньнем
ты пахнеш падсмажанай куркай
мы п’ем гарбату з попельных кубкаў
ты — мая думка
Д у м к а (крычыць). Я не твая думка. Я мая думка. Ма-а-я-а-а...
(Ён хапаецца за голаў і зьбягае.)
(Чуецца бум-бум-бум, як сыгнал небяспекі.)
(Убягаюць мужчына з калыскай, жанчына з кейсам, становяцца ў шэраг, за імі два крэслы, на якія яны й сядаюць.)
Думка. Дзядей заводзяць таму, што адно адному яны надакучылі і паступова зьяўляецца прага чаго-небудзь новага.
Мужчына з калыскай падымаецца). Я хачу сына (сядае).
Жанчына з кейсам( падымаецца). А я дачку (сядае).
Д у м к а. А як жа ваша гульня «Трэці залішні»?
Мужчына з калыскай (абурана устае). Як ты можаш? (Сядае.)
Жанчына з кейсам( устае). Ну і ну. (Сядае.)
Д у м к а. А потым яны не разумеюць, адкуль бяруцца комплексы. (Быццам тлумачачы нешта і так зразумелае.) Адкуль і дзеці бяруцца.
Мужчына з калыскай (устае). Амаралка. (Сядае.)
Жанчына з кейсам( устае). Эгаістка. (Сядае.)