Гапеева Вольга
Шрифт:
* патрэбнае падкрэсьліць
Чытач мае права.
– карыстацца рознага кшталту пішучымі рэчамі падчас чытаньня
– уяўляць сябе на месцы галоўных герояў, якім аўтар, усьведамляючы патрэбы двухполавага грамадзтва, надаў як мужчынскія так і жаночыя канчаткі
– спрычыніцца да замацаваньня (не)раўнапраўя ў грамадзтве шляхам жорсткай крытыкі ці ўзьнёслага одапісаньня
– выкарыстоўваць пэўныя ўрыўкі як замовы ад зубнога болю, няшчаснага каханьня і сурокаў
Пажадана пазьбягаць:
– завучваньня на памяць асобных выразаў
– публічнага цытаваньня ў месцах масавага збору
Сонца сядала не куды-небудзь, а за левы ўзгорак ейных грудак. Вазьмі я аловак - можна было б правесьці дасканала простую лінію ад ейнае смочкі й да маёй зрэнкі, узбуджанай да такой ступені, што цяжка было разабраць: дзе вока, а дзе смочка.
Было рана.
Было рана датыкацца гэтай ледзь кранутай індуктаванай мэлянінавай пігмэнтацыяй скуры, і таму мая зрэнка, не зважаючы на тое, што за ёй сачылі, працягвала балянсаваць на той лініі, якую так старанна вымалёўвала натхненьне. Гэта былі яны, блякла-ружовыя, з морквавым адлівам вочы-смочкі, якія ўтаропіліся з уласцівай ім нахабнай засяроджанасьцю. Адна зь іх час ад часу ажно пакрывалася пупышкамі або ад таго, што сонца ўжо сядала й рабілася прахалодна, або ад таго, што сонца сядала менавіта за яе. Смочку так і расьпірала ад сваёй значнасьці, самаўпэўненасьці й ганарлівасьці. Яна ведала: яе абавязкова нехта пацалуе, лізьне, папесьціць, а мо нават і пакусае.
Такой самаўпэўненасьці заўсёды бракавала мне.
Сон, якога, па Борхесу, варта баяцца. Не, не лябірынты й не люстэркі, а ўсяго толькі адна маска. Гэта непрыемная размова з тым, хто ўмее размаўляць (у адрозьненьне ад цябе самога), памятаеш? ты што-небудзь памятаеш з тае размовы? Пажадана ўспомніць. Было 5 ці амаль 5. Ня выключана, што было 6. Я сустрэўся з табою ў надзеі /ня блытаць з імем/ палашчыць хоць чым-небудзь твой раток. Перад гэтым я нават памыўся, прыбраўся й бачыў сябе ў люстэрку. Нейкая мешаніна /венскім навукоўдам прыйшлося б даспадобы/.
Чамусьці мы стаім ля ўваходу ў мой дом, хоць па графіку павінен быць твой.
Да мяне нельга, - катэгарычна-сьлінява прамовіў я.
Мы блукалі да зімы, а потым да вечара. мешаніна № 2. за маёю сьпінаю - сьцяна /Вы чыталі “Сьцяну” Сартра?/ Памятаю, памятаю, гэтак за- пыталася ў мяне бібліятэкарка. Яна была нечым падобная да птушкі, і я падумаў, што няблага было б узяць яе ў нашае падарожжа. і я падумаў. А пасьля ўзгадаў, што...
Калі Эжэн ня мог заснуць, ён уяўляў сабе высачэзную гару, а потым спрабаваў узьлесьці на самую вяршыню. I пакуль поўз, ён засынаў. Эжэн малайчына. Ён шчыра поўз, ягоная гара ніколі ня мела вяршыні, яна была бясконцаю. 3 маёй сьвядомасьцю такія хітрыкі не праходзяць. Звычайна гара абвальваецца, або я пасьпяваю дасягнуць ейнае вяршыні раней, чымся засну. Я спрабую ратавацца па-свойму. Праз 2-3 хвіліны ў маім роце камячком ляжыць лыжка мёду. Чамусьці яна падаецца мне жанчынай, пульхнай і немаладой. Падобнай да скульптураў Генры Мура. Ну, вось, - падумаю я, - цяпер я ведаю, якія гэтыя жанчыны на смак. Круглыя й жоўтыя.
Рассмоктваць гэты камячок ня дужа хочацца, бо - лянотна. Няхай сама расьцякаецца. Ейны вобраз самы салодкі, саладзейшы за вусны-ракавінкі. Ён такі мяккі, што ў яго можна класьці яйка й не баяцца, што яно паб’ецца.
“Трактат пра курыныя пёркі, чорныя й белыя, якія я зьбірала на замову бяскрылых анёлаў”. Назва - нішто сабе, даўгаватая, але ўсё адно я была вымушаная зьбіраць тыя пёркі. Насамрэч яны не былі белыя, бо канчаліся рудаватымі прожылкамі. I толькі некаторыя рабіліся выключэньнем з гэтай недасканаласьці - паветраныя трусачкі пуху, што гадаваліся зусім ля цельца. Расхваляваныя, яны ніколі не былі ўпэўненыя, з кім і ў які бок ляцець. Што ж тычыцца чорных, дык яны былі пругкімі й сьпічастымі, якімі й павінны быць жаўнеры.
Калі зьбіраеш пёркі, рукі маюць быць сухімі, нават ня столькі рукі, колькі пальцы, самыя іхнія кончыкі. Інакш выпадкова прыхопіш зь пёркам пяску ці сьмецьця, якога адразу гэтак і не пазбавішся, прыйдзецца адкладаць пёрка, абтрасаць бруд, а гэта заўсёды забірае час. Пёрак у той дзень назьбіралася няшмат - 37, калі казадь дакладна, асьцярожна паклаўшы іх у пачак з-пад гарбаты, я вырашыла ўзяць ровар і паехала катацца.
Адметнасьцю таго дня была ягоная безвыразнасьць. Амаль кожны з нас у той дзень ня меў свайго колеру. Сонечны пылок ставіў пад сумнёў магчымасьць існаваньня як такога, і ўжо цяжка было зразумець, ехаў ты сам ці цябе везьлі. А калі нага пачынала ныць, хацелася ўзгадаць ня- добрым словам гаспадара, які зноўку забыўся паставіць новую падкову.
...кую кую ножку паеду ў дарожку
буду коніка каваць на дарожцы начаваць... гэтак прыемна казытала маю пятку толькі бабуля (
Мы жывем у розных краінах і ў розных часавых паясах. Калі тут 10, там яшчэ 9. Так што ў мяне ў запасе гадзіна.
Я вучуся ня хлусіць. Хоць, калі ня хлушу я, абавязкова знойдзецца нехта, хто будзе хлусіць мне. Я старанна праектую свае сказы, нібыта архітэктар, асабліва, калі кажу, што ты - чалавек, якога я кахаю, пазьбягаючы пры гэтым слова “адзіны”, якое пазбавіць мяне магчымасьці будаваць іншыя палацы ў гонар іншых чалавекаў, якіх я кахаю. Да таго ж, калі я цалуюся зь нетабой, гэта адбываецца на гадзіну раней. У тваім часе я заўсёды шчырая й заўсёды з табой. Так што, калі ты вырашыш зьехаць у Аўстралію, 6 месяцаў вольнага жыцьця мне гарантаваныя. Як гарантаванае табе маё вечнае чаканьне, бо адзіны, каму я здраджваю, - гэта час.
У мяне сьлізкія боты. Напэўна, ты гэтага ня ведаеш, але я збочваю на сьнег і чую, як ён файна рыпіць, так што хочацца зьляпіць зь яго сьнеж- ку й шпульнуць вунь у таго тоўстага дзядзьку, а потым бегчы, не азірацца й бегчы, правальваючыся па лыткі ў сумёт і адчуваць, як ліпнуць да скуры ўжо мокрыя нагавіцы. Амаль зіма. Амаль вечар. Амаль дома. Я націскаю кнопку ліфта.
...Ух ты!!! А ў маім пакоі нейкая вечарынка. Людзі п’юць гарбатку, размаўляюць. Вы седзіце побач і цалуеце маю шыю, у той час як я намагаюся прымусіць свае пальцы прабегчы па клявішах у бок гармоніі. Да д’ябла гармонію! Гармоны "uber alles, - крычаць яны. I я прымаю рашэньне: трэба прачнуцца.