Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Паколькі Лівонскі ордэн не быў звязаны з Прускім у яго барацьбе з Польшчай, пасля аб’яднання з Рыгай гэта дало магчымасць усе свае сілы накіроўваць супроць ВКЛ, аслабленага у вайне Польшчы з прусакамі. Лівонскія атрады ўчынілі напады на землі Вялікага княства, найперш на Жамойцію, у 1330, 1332 і 1333 гг. Не абміналі яны і беларускіх земляў. У 1333 г. лівонцы хадзілі на Полацк, сюды ж яны накіраваліся і ў наступным годзе пасля паходу на Вільню, дзе знішчылі 1200 чалавек. У 1336 г. крыжакі, сярод якіх было 200 знакамітых еўрапейскіх асобаў, зрабілі паход у Нальшчанскую зямлю (Нарачанскі край) на крэпасць Пулен. Аднак яе абаронцы і навакольныя жыхары пасля чарговай аблогі спалілі сябе, каб не аддацца ў рукі непрыяцеля.
Трэба зазначыць, што Польшча ў гэты час не прыйшла на дапамогу BKЛ. Больш таго, у 1337 г., калі рыхтаваўся новы аб’яднаны паход на Вялікае княства, польскі кароль Казімір (той самы, што ажаніўся з дачкой Гедзіміна Альдонай), хоць сам і не прыняў удзел у гэтай вайсковай акцыі, аднак намнога яе аблегчыў, заключыўшы мір з тэўтонамі. Паход гэты быў накіраваны да вярхоўя ракі Дубісы, г. зн. на тэрыторыю сучаснай Літвы. I вось што здзіўляе. Крыжакі прайшлі туды, збудавалі сваю крэспасць Марыенбэдэр, далей прайшлі да Нёмана і на яго правым беразе паставілі крэпасць Байербург, пасля авалодалі крэпасцю Веленай і, перабудаваўшы яе, назвалі Фрыдбургам. Толькі потым крыжакі вярнуліся ў Прусію. I вось за ўвесь гэты час ім не было аказана ніякага супраціўлення, гэтак жа як і раней, пры варожым нападзе на Пулен. Тое ж самае мы бачым і пры нападзе на Жамойць у 1339 г., калі двухдзённы рабунак быў спынены не вайсковай сілай, а выключна вялікім марозам, які і прымусіў крыжакоў вяртацца назад. Гэтак жа крыжацкі паход на Жамойць у 1340 г. быў асуджаны на няўдачу не сілаю войскаў праціўніка, а адлігаю. 3 усяго гэтага вынікае, што так званыя вялікія літоўскія князі менш за ўсё думалі аб абароне літоўскіх (у сучасным значэнні гэтага слова) земляў і іх насельніцтва. Яшчэ В. Антановіч слушна заўважыў, што насельніцтва карэннай Літвы варожа адносілася да велікакняскай дынастыі. І Гедзімін не быў тут выключэннем. Як мы ўжо ведаем, яшчэ не будучы вялікім князем, ён расправіўся з жамойцкімі старшынамі за іх сепаратысцкія дзеянні, што, відаць, надоўга засталося ў памяці як жамойтаў, так і Гедзіміна.
Гэта, па ўсяму відаць, добра ведалі і крыжакі і таму, карыстаючыся безабароннасцю земляў, у прыватнасці Жамойціі, так упэўнена будавалі тут свае ўмацаванні. Асабліва небяспечным быў Байербург, які знаходзіўся ўжо на правым беразе Нёмана, гэтым самым з’яўляючыся трывалай апорай для далейшага прасоўвання. I сапраўды, дзяржава апынулася над безданню. Толькі цяпер, з вялікім спазненнем, Гедзімін убачыў небяспеку і зрабіў спробу знішчыць пабудаваныя крыжацкія крэпасці, да таго ж умацаваныя агнястрэльнай зброяй, якая толькі-толькі пачала ўжывацца ў Еўропе. Аднак пры штурме Байербурга, паводле сведчання Віганда, ён быў забіты куляю. (Як ужо адзначалася, ёсць звесткі, што тут загінуў не Гедзімін, а яго старэйшы сын Вітаўт, які, на жаль, нідзе больш у крыніцах не ўпамінаецца, што робіць яго існаванне праблематычным). I, наогул, трэба адзначыць, звесткі аб даце Гедзімінавай смерці вельмі супярэчлівыя. Так, паводле Віганда, яна прыпадае на 1337 г., паводле Я. Длугаша — нават на 1307 г., а паводле М. Стрыйкоўскага — на 1328 г. Аднак усе яны памылковыя, і сучасная гістарычная навука лічыць найбольш дакладнай датай гібелі Гедзіміна 1341 г. Па некаторых звестках, Гедзімінава цела яго сыны прывезлі ў Вільню і спалілі на высокай гары згодна з язычніцкім абрадам. Вельмі маляўніча гэта апісана ў «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай». Аднак названая крыніца з'яўляецца, па сутнасці, перакладам «Хронікі» М. Стрыйкоўскага, і, як у яго, гэтая падзея пададзена пад 1328 г. Болей сведчання аб такім пахаванні Гедзіміна мы не сустракаем ні ў якіх іншых крыніцах. I таму, найверагодней, гэтыя звесткі трэба лічыць адным са шматлікіх домыслаў М. Стрыйкоўскага. Няма сумнення ў тым, што Гедзімін быў праваслаўным хрысціянінам. Вядома ж, нават сёння ў пахаванні хрысціянаў захоўваюцца некаторыя элементы язычніцтва. Трэба думаць, што іх значна болей было ў часы Гедзіміна.
25-гадовае княжанне гэтага ўладара было важным прамежкам нашай мінуўшчыны, і таму аб’ектыўная яго ацэнка мае прынцыповае значэнне для правільнага разумення далейшай беларускай гісторыі. У гэты час выразна пазначыліся як станоўчыя, так і адмоўныя асаблівасці нашага гістарычнага жыцця. Да першых трэба аднесці як найбольш важную — аб’яднанне асноўнай масы беларускіх земляў. Гэта надало ім моц і прыцягальную сілу для далейшага пашырэння, асабліва ва ўсходнім і паўднёвым кірунках, што і пачалося неўзабаве пасля Гедзімінавай смерці. Аб’яднанне стала трывалым грунтам і для канчатковага фарміравання беларускай народнасці, яе культуры і мовы.
Гэтую акалічнасць трэба асабліва падкрэсліць, бо калі, напрыклад, пры Іване Каліце, час дзейнасці якога супадае з княжаннем Гедзіміна, Маскоўскае княства толькі пачало ўзвышацца сярод іншых, яшчэ раз’яднаных будучых велікарускіх земляў, то большасць беларускіх земляў, як мы бачылі, ужо былі аб’яднаны ў адной дзяржаве, што дало магчымасць беларускаму этнаўтваральнаму працэсу намнога апярэдзіць велікарускі.
Перанясенне сталіцы ў Вільню асабліва садзейнічала далейшай беларускай каланізацыі і асіміляцыі ў заходнім кірунку. Але менавіта ў той час выразна выявіліся і тыя неспрыяльныя акалічнасці, што ў далейшым спрычыніліся да заняпаду BKЛ. Найперш і галоўным чынам, як мы ўжо бачылі, гэта значнае пагаршэнне знешніх умоў, што, у сваю чаргу, узмацняла і ўнутраныя супярзчнасці. Калі галіцка-валынскія князі, што пагразлі ў міжусобіцах, перасталі быць пагрозай для Княства з поўдня, то крыжакі па-ранейшаму засталіся самым небяспечным ворагам з захаду. I вось у дадатак да гэтай агрэсіі з усходу пачынае расці маскоўская пагроза, якая ў далейшым стане найбольш небяспечнай. Польшча, разумеючы неабходнасць супольнасці з Вялікім княствам у барацьбе з крыжакамі, найперш бачыла ў гэтым саюзе сваю надзейную апору для далейшага змагання супроць іх. Аднак, будучы каталіцкай дзяржавай, як і Ордэн, Польшча імкнулася пашыраць сваю дзяржаўную рэлігію ў суседняй дзяржаве, але ў адрозненне ад апошняга, які дзейнічаў і крыжам і мячом, яна дзейнічала толькі крыжам.
Такім чынам, BKЛ апынулася ў трохкутніку варожых сіл, стала арэнаю барацьбы з Усходу і Захаду, што найперш і абумовіла яго далейшы заняпад.
Сыны Гедзіміна i ix удзелы
Незалежна ад таго, ці Гедзімін загінуў у баі, ці быў атручаны, смерць яго была раптоўнай і таму заўчаснай, што спарадзіла шэраг праблем у жыцці дзяржавы.
Гедзімін — першы вялікі князь пасля Міндоўга, аб дзецях якога мы маем пэўныя звесткі. Сапраўды, мы нічога не ведаем пра нашчадкаў Трайдзеня — кім яму даводзіліся Будзікід, Будзівід і Лютувер. Праўда, у некаторых пазнейшых летапісах сынам Трайдзеня называецца Пялюза, ад якога нібыта велікакняскі пасад адабраў Віцень. Хаця ў П. Дузбурга і сказана, што бацька Віценя быў Лютувер, аднак мы маем справу з адзіным сведчаннем, праўдзівасць якога можа выклікаць вялікія сумненні. Няма таксама пэўнасці, кім быў Гедзіміну Віцень: братам ці сынам? Што да нашчадкаў Гедзіміна, дык тут поўная яснасць: ён меў сем сыноў і пяць дачок. Магчыма, тое, што князь пакінуў пасля сябе такі шматлікі род, трэба лічыць адной з найбольшых яго заслуг у гісторыі сваёй дзяржавы.
Многія даследчыкі ставілі ў заслугу Гедзіміну тое, што ён ажыццяўляў шлюбы сваіх сыноў і дачок дзеля дасягнення дзяржаўных мэт. Як намі ўжо адзначалася, так рабілі ўсе гаспадары дзяржаў, і Гедзімін не быў выключэннем. Аднак гэтыя шлюбы мелі значэнне толькі ўпачатку, калі імі падмацоўваўся заключаны палітычны саюз, а ў далейшым яны трацілі сваё значэнне і зусім не стрымлівалі развалу міждзяржаўных пагадненняў. Для прыкладу ўспомнім, што шлюб Гедзімінавай дачкі Ганны хоць і садзейнічаў збліжэнню Польшчы і Вялікага княства, але не спыніў яго развалу. Шлюб другой Гедзімінавай дачкі з Давыдам Гарадзенскім меў значэнне не таму, што ён уводзіў у кола велікакняскай сям’і найбольш выдатнага прадстаўніка рускай (чытай — беларускай) народнасці (з яе прадстаўнікоў складаўся тады велікакняскі двор, уключаючы і самога ўладара), а таму, што ён у найбольшай ступені садзейнічаў умацаванню сілы ўсёй дзяржавы, якая тады асабліва цярпела ад крыжацкіх нападаў. Мы ўжо не гаворым аб шлюбе Гедзімінавай дачкі Анастасіі з вялікім князем маскоўскім Сімяонам Іванавічам, бо гэта ніколькі не садзейнічала збліжэнню дзвюх дзяржаў. Што да выхаду Марыі Гедзімінаўны замуж за цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавіча, то не столькі шлюб садзейнічаў збліжэнню гэтай зямлі з Вялікім княствам, колькі яе варожасць да Масквы, што і прымусіла Дзмітрыя Міхайлавіча шукаць дапамогі ў Гедзіміна.
Аднак для нас большае значэнне маюць сыны Гедзіміна, іх лёс, іх месца ў дзяржаўным жыцці. Летапісы назвалі іх імёны і месцы іх княжання. Праўда, гэтыя крыніцы пазнейшага часу і таму звесткі іх не пазбаўлены блытаніны. Так, у адносінах да старэйшага сына Монвіда сказана, што яму былі аддадзеныя Карачаў і Слонім. У той час Карачаў, які знаходзіўся ў вярхоўях Акі, не ўваходзіў у склад Вялікага княства. Некаторыя даследчыкі замяняюць яго Кернавам, што болей верагодна. Наступны сын Нарымонт, як ужо адзначалася, быў пасаджаны ў Пінску. Зноў такі застаецца невядомым — калі: да таго, як ён паехаў у Наўгародскую зямлю, ці пасля, калі адтуль вярнуўся. Найверагодней, што да гэтага, бо пад 1338 г. у Полацку княжыў Глеб. Гэта імя насіў і Нарымонт. Былая сталіца дзяржавы Новагародак дастаўся Карыяту. Альгерду таксама пашчасціла стаць князем у двух удзелах. Маючы Крэва, ён у 1318 г. жэніцца з віцебскай князёўнаю Марыяй і пасля смерці яе бацькі Яраслава Васільевіча ў 1320 г. становіцца адначасова і віцебскім князем. Увесь заходні край дзяржавы з Жамойцю, Берасцем і Гарадзенам быў адданы Кейстуту. Любарт, які перасяліўся на Валынь, у 1325 г. стаў князем у Луцку. А самы малодшы Гедзімінаў сын Яўнут застаўся ў сталіцы — Вільні.