Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

ДЗЯРЖАЎНЫ I ГРАМАДСКІ ЛАД ВКЛ

Пры разглядзе гісторыі ВКЛ, асабліва ў XVI ст., галоўная ўвага была скіравана на асвятленне знешніх абставін нашай дзяржавы, яе ўзаемаадносін з суседнімі краінамі, вайсковых сутыкненняў і прымірэнняў з імі. I гэта невыпадкова. Менавіта галоўнай асаблівасцю BKЛ і з’яўляецца перавага ў ім знешніх абставін над унутранымі, што і зразумела. Заціснутае з усіх бакоў дзяржавамі, якія ўвесь час імкнуліся падначаліць яго сабе, ВКЛ вымушана было ўвесь час галоўны дзяржаўны інтарэс сканцэнтроўваць на знешніх узаемаадносінах.

Аднак гэтыя неспрыяльныя знешнія ўмовы не маглі спыніць унутранага дзяржаўнага і грамадскага развіцця ВКЛ. Менавіта ў XVI ст. і закончыўся працэс іх канчатковага фарміравання, што і надало ВКЛ характэрнае дзяржаўнае аблічча.

Вышэйшая ўлада ў краіне належала вялікаму князю. Аднак, фармальна валодаючы шырокімі паўнамоцтвамі ва ўнутраных і знешніх справах дзяржавы, ён фактычна быў абмежаваны ў сваіх дзеяннях. Будучы выбраным і прыняўшы прысягу, ён абавязаны быў выдаваць грамату, якая пацвярджала непарушнасць ранейшых, а то і новых прывілеяў для феадалаў. А менавіта апошнія, валодаючы непамерна вялікімі багаццямі, найперш зямельнымі надзеламі, усё рабілі для таго, каб дзейнасць гаспадара была ў іх інтарэсах, якія далёка не заўсёды адпавядалі інтарэсам дзяржавы.

Аслабленню ўлады вялікага князя садзейнічала і тое, што ён выбіраўся яшчэ і каралём Польшчы. А гэта прымушала яго значны час быць у Кракаве. Пры адсутнасці яго ў Вільні краінай фактычна кіравала рада BKЛ, у якую ўваходзілі буйнейшыя феадалы, што адначасова займалі важнейшыя дзяржаўныя пасады. Паны радныя і мелі рашаючае значэнне ў вырашэнні дзяржаўных спраў. У выпадку, калі гаспадар супярэчыў волі рады, ён павінен быў падначаліцца ёй. Як бачым, калі ў суседняй Маскоўскай дзяржаве ў XVI ст. усё больш усталёўваўся манархічны абсалютызм, то ў BKЛ, гэтай другой ўсходнеславянскай дзяржаве, усё больш абмяжоўвалася ўлада гаспадара.

Калі рада была пастаянным органам дзяржаўнага кіравання, то соймы склікаліся вялікім князем і радай перыядычна і звычайна працягваліся два-тры дні, хоць зрэдку прадаўжаліся і значна больш. Адметнай асаблівасцю соймаў было і тое, што яны праходзілі не толькі ў Вільні, але і ў іншых гарадах (Гародні, Бярэсці, Слоніме). Часцей за ўсё на іх вырашаліся пытанні, звязаныя з міжнароднымі справамі, з аб’яўленнем вайны і заключэннем міру, з выдаткамі на вайсковыя дзеянні. Соймы прымалі новыя заканадаўчыя акты, і на іх абіраўся вялікі князь. Трэба зазначыць, што соймы ў значнай меры мелі паказны характар, бо яны прымалі ўсё тое, што жадалі вялікі князь і рада, прысутнасць на іх мясцовых прадстаўнікоў была фактычна фармальнай.

Важная роля належала і вышэйшым службовым асобам, якія кіравалі паасобнымі галінамі дзяржаўнай дзейнасці. Гэта перш за ўсё маршалак земскі, які звычайна старшынстваваў на соймах і пасяджэннях рады, аб’яўляў пастановы гэтых устаноў. Вайсковымі справамі ВКЛ кіраваў гетман найвышэйшы, паўнамоцтвы якога былі асабліва шырокімі ў час вайны. Яго намеснікам з’яўляўся намеснік дворны ці польны, які ў час вайны ўзначальваў частку войскаў, а ў мірны час памежныя войскі. Дзяржаўнай канцылярыяй кіраваў канцлер, у яго абавязкі ўваходзіла і захаванне дзяржаўнага архіва — метрыкі BKЛ. Існавала і пасада яго намесніка — падканцлера. Падскарбій земскі і яго памочнік падскарбій дворны былі хавальнікамі дзяржаўнай казны. Іх службоўцы — скарбнікі сачылі за своечасовым паступленнем сродкаў у казну. Выканаўцамі розных дзяржаўных даручэнняў з’яўляліся так званыя гаспадарскія дваране ці слугі, колькасць якіх вагалася ад 100 да 150 асоб.

У XVI ст. закончыўся падзел BKЛ на ваяводствы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Віленскае (часткова), Полацкае, Новагародскае, Віцебскае, Падляшскае, Бабруйскае, Менскае і Мсціслаўскае. Кожнае з іх мела свой герб і харугву. Вышэйшымі службовымі асобамі ў іх былі ваяводы, якія мелі цэлы штат памочнікаў, што кіравалі паасобнымі галінамі дзейнасці ў ваяводстве. Гэта: кашталяны, што ўзначальвалі войска галоўнага замка, ключнікі, што загадвалі зборам даніны, гараднічыя, што клапаціліся аб захаванні і рамонце галоўнага замка, канюшыя, што наглядалі за конегадоўляй, і ляснічыя, ці гаёўнікі, што загадвалі лясным промыслам і паляваннем.

Ваяводствы ў сваю чаргу падзяляліся на паветы. На тэрыторыі Беларусі імі былі Аршанскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Берасцейскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Гарадзенскі, Лідскі, Мазырскі, Менскі, Мсціслаўскі, Новагародскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слонімскі. На чале паветаў стаялі старасты, але паколькі гэта пасада для многіх была дадатковай побач з іншай і больш высокай, то часцей паветам кіраваў падстараста. Тут былі амаль тыя ж самыя пасады, што і ў ваяводстве (ключнікі, канюшыя, ляснічыя, гараднічыя). Сярод іх быў харужы, які з'яўляўся павятовым сцяганосцам.

У ваяводствах і паветах сабіраліся соймікі, на якіх маглі прысутнічаць усе шляхціцы гэтых тэрытарыяльных адзінак. Сярод шматлікіх бакоў дзейнасці гэтых саслоўна-прадстаўнічых органаў дамінаваў абавязак абараняць інтарэсы мясцовай шляхты. У самым нізе службовай піраміды BKЛ знаходзіліся дзяржаўцы, або цівуны, што кіравалі дзяржаўнымі і велікакняскімі маёнткамі. Імі прызначаліся сельскія войты, сотнікі, сарочнікі, дзесятнікі, галоўным абавязкам якіх было сачыць за выкананнем сялянамі розных феадальных павіннасцяў. Былі і такія мясцовасці, дзе не было дзяржаўных маёнткаў, але былі дзяржаўныя сяляне, што мелі свае органы самакіравання — сходы. На іх размяркоўваліся даніны, а таксама разглядаліся спрэчныя справы паміж сялянамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: