Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Трэба ўлічваць, што для BKЛ у той час так склаліся абставіны, што яму, княству, можна было выбіраць толькі паміж большым і меншым злом. I наша тагачасная дзяржава, заключыўшы Люблінскую унію, выбрала апошняе, г. зн. меншае, бо, як мы бачым, яна магла б аб’яднацца і з Масквой, што, несумненна, для таго часу было б большым злом для яе. Сапраўды, калі аб’яднанне з Польшчай, краінай меншай па памерах, абышлося для нашых продкаў толькі адабраннем ад нас вярхоў грамадства, якія складалі меншую частку народа, а большасць якога засталася некранутай, што і дало магчымасць беларусам не загінуць і ўзрадзіцца, то аб’яднанне з Масквой, дзяржавай вялікай па памеры, прынесла б нам поўнае перамолванне нашага народа ў жорсткіх умовах маскоўскай палітыкі і русіфікацыі. I зараз бы пра Беларусь не было б і напаміну. Яскравы прыклад гэтаму — Наўгародская зямля. Яна была адным з буйнейшых усходнееўрапейскіх дзяржаўных утварэнняў, мела свой дыялект, які адзначаўся яшчэ ў XIX ст. Аднак, рана заваяваная Масквой, яна паступова траціла сваю асобнасць, тыповы для яе рэспубліканскі лад, што адзначалі і адзначаюць і рускія гісторыкі, быў задушаны маскоўскім самадзяржаўным ладам, яе дыялект не змог развіцца ў самастойную мову, і ён, Вялікі Ноўгарад, паступова растварыўся ў Расійскай імперыі, страціў магчымасць свайго дзяржаўнага адраджэння. Вось такі б самы лёс чакаў бы і Беларусь, калі б яна ў гэты час аб’ядналася з Масквой, як прапаноўваў Іван Грозны. Аднак гэтага не адбылося.

3 прычыны таго, што Іван Грозны настойваў на сваіх умовах, на тым, што ён сам жадаў быць абраным на каралеўскі ці велікакняжацкі пасад, — усё гэта паслабляла маскоўскую партыю ў выбарчай гонцы. Апроч таго, Іван Грозны не пасылаў сваіх паслоў у Рэч Паспалітую, якія б павінны былі расхвальваць яго і раздаваць шчодрыя падарункі кіруючым колам. Не мелі поспеху і кандыдатуры аўстрыйскага імператара Максіміліяна і яго сына Эрнеста. У выніку аслаблення прамаскоўскай і прааўстрыйскай партый і быў выбраны каралём Генрых Анжуйскі — брат французскага караля Карла IX. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў французскі пасол Манлюк. У сваёй прамове на сойме ён не толькі расхвальваў свайго кандыдата ў каралі, але і сыпаў нямала кампліментаў Польшчы і палякам. Так, адзначыўшы, што палякі амаль нічым не адрозніваюцца ад французаў (гэта было намёкам на тое, што каралю-французу будзе няцяжка кіраваць палякамі), ён зазначыў, што Польшча з’яўляецца абаронаю хрысціянства (вядома ж, мелася на ўвазе каталіцкага).

Абранне француза каралём Рэчы Паспалітай асабліва ўстрывожыла пратэстантаў, што і зразумела, бо ў той час, а менавіта 28 жніўня 1572 г., адбылася так званая Варфаламееўская ноч, калі ў Парыжы і іншых французскіх гарадах адбылося масавае знішчэнне гугенотаў — тамтэйшых пратэстантаў. Вядома ж, пратэстанты Рэчы Паспалітай не маглі не прадбачыць і для сябе такой жахлівай перспектывы пры ўладзе брата таго французскага караля, пры якім адбылася такая страшная падзея.

Прыехаўшы ў Кракаў, Генрых быў каранаваны 18 лютага 1574 г. Здавалася б, што з абраннем караля ў Рэчы Паспалітай усталюецца грамадскі спакой. Аднак такое не адбылося. Пратэстанты, па-ранейшаму не ўпэўненыя пра далейшы свой лёс, патрабавалі пацвердзіць свае правы, ад чаго Генрых ухіляўся. Гэта прыводзіла да хваляванняў у сойме. Па-ранейшаму паміж прыхільнікамі паасобных партый узнікалі спрэчкі, якія нярэдка заканчваліся забойствамі. I ўсю гэту сумятню не мог супакоіць Генрых, бо яго каранаванне фактычна было фармальным. Гэтаму садзейнічала і тое, што ён не ведаў ні польскай, ні беларускай мовы. Трэба асабліва адзначыць, што апошняя цвёрда ўмацавалася пры каралеўскім двары за час Ягелонаў. Першы з іх, Ягайла, стаўшы польскім каралём і не ведаючы польскай мовы, увесь час гаворачы па-беларуску, перавёз з Вільні ўсю сваю канцылярыю, якая карысталася беларускай моваю. I з гэтага часу беларушчына трывала прыжылася пры каралеўскім двары. Найперш дакументы, якія тычыліся BKЛ, пісаліся пераважна па-беларуску. Гэтак было і пры Генрыху, пра што сведчыць напісаная ад імя яго 9 красавіка 1574 г. жалаваная грамата Жамойцкай зямлі. Цікава звярнуць увагу і на тытул Генрыха, указаны ў гэтай грамаце. Ён названы тут як кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жамойцкі, Кіеўскі, Валынскі, Падляшскі, Ліфляндскі і інш. Апроч гэтых, указаны і яго французскія тытулы. Як бачым, між іншым, тут жамойцкі тытул далёка не на першым месцы.

Вядома ж, няведанне рабочых моў прыраўнівала становішча Генрыха на сойме да становішча глухога ці нямога. Ён фактычна быў пешкай у руках соймавых груповак. I ў першую чаргу каталіцкай. Яму заставалася толькі марнаваць час у баляваннях і картачных гульнях, чаму ён з вялікай ахвотай і аддаваўся. Зразумела, што такое працягвацца доўга не магло, тым больш, што пачалі ўжо чуцца пагрозы скінуць Генрыха з каралеўскага пасада. Але гэтага не спатрэбілася, і развязка наступіла нечакана пасля некалькіх месяцаў недарэчнага каралявання Генрыха. Атрымаўшы вестку пра смерць свайго брата Карла IX, ён, упэўнены, што не будзе добраахвотна адпушчаны з Польшчы, таемна ноччу 27 ліпеня 1574 г. пакінуў яе. Незмагла яго вярнуць і пагоня, пасланая наўздагон за ім. Ён не паддаўся на ўгаворы, паабяцаўшы толькі вярнуцца, калі дазволяць абставіны. Але такога не адбылося, і сойм праз некаторы час павінен быў прыступіць да абрання новага караля.

I вось у гэты час зноў набыў вялікі шанец быць абраным на каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай Іван Грозны. Зноў — не толькі ў асяроддзі праваслаўных BKЛ, але і ў польскім асяроддзі. Пра апошняе добра сведчыць зварот гнезненскага арцыбіскупа Ухманьскага, які быў самай уплывовай асобай у Польшчы, да самога маскоўскага цара. Ён раіў яму, каб быць абраным на каралеўскі пасад, не скупіцца на падарункі соймавым дэпутатам. Аднак даючы шчодрыя абяцанні паасобным уплывовым людзям, у тым ліку Ухманьскаму, Іван Грозны замоўчваў выкананне тых патрабаванняў, пры якіх ён мог толькі быць выбраны каралём. А гэта і рабіла яго кандыдатуру менш прывабнай, чым іншыя, прадстаўнікі якіх былі асабліва красамоўныя на шчодрыя абяцанні. У выніку ўсяго гэтага на каралеўскі пасад Рэчы Паспалітай быў абраны семіградскі князь Стэфан Баторый (у некаторых беларускіх летапісах ён называўся Сцяпанам Батурам). 18 красавіка 1575 г. ён прыбыў у Кракаў, дзе і быў каранаваны. На гэтым і закончыўся час бескаралеўя. Дзяржаўная дзейнасць характарызавала С. Баторыя як чалавека з высокім палітычным розумам і цвёрдым характарам. Бясспрэчным з’яўляецца яго вялікі чалавечы, дзяржаўны талент і адміністратыўныя здольнасці.

ПРАЦЯГ I ЗАКАНЧЭННЕ ЛІВОНСКАЙ ВАЙНЫ

Адным з абяцанняў С. Баторыя перад яго абраннем было адваяванне ўсяго захопленага Іванам Грозным у час Лівонскай вайны. А гэта цалкам адносілася да Беларусі, якая побач з вялікімі людскімі і эканамічнымі ахвярамі страціла і значную частку сваёй тэрыторыі. Лівонская вайна далёка яшчэ не закончылася, бо ў 1570 г. было толькі заключана перамір’е паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай. Але яно было нетрывалым і ў любы момант магло сарвацца з боку Масквы, якая не адмаўлялася ад намеру дасягнуць канчатковай перамогі.

Добра разумеючы гэта, С. Баторый 25 ліпеня 1576 г. выдае акружную грамату ваяводам і старастам ВКЛ пра гатоўнасць пачаць вайну з маскоўскім царом. Каб быць падрыхтаванымі да яе, даецца распараджэнне пра збор грашовых падаткаў для аднаўлення ўскраінных замкаў і для аховы тамашніх межаў. Прымаюцца і іншыя меры, каб быць гатовымі да ўварвання ў ВКЛ «звыклага непрыяцеля». Так, дворнаму гетману Хрыстафору Радзівілу было загадана адправіцца з войскам у Лівонію, каб «… адпор непрыяцелю чыніў, а таксама аб хутчэйшым зборы ратных людзей». Сапраўды, перамір’е было парушана Масквой.

Выкарыстаўшы зручны момант, калі С. Баторый быў заняты ўціхамірваннем Данцыга, які патрабаваў для сябе большых правоў, Іван Грозны аднавіў наступленне на Лівонію. У пачатку 1577 г. маскоўскае войска было накіравана на Рэвель, але яго ўзяць не ўдалося. I вось летам таго ж года войска, якое выйшла з Ноўгарада і якое ўзначаліў сам Іван Грозны, уварвалася ў тую частку Лівоніі, што належала Рэчы Паспалітай. Яе невялікае войска, што было там, не магло супрацьстаяць шматлікаму маскоўскаму войску і адразу адступіла, не прыняўшы бою. Наступленне было паспяховым. Іван Грозны «…войском великим дошел до Ннфлянтов и колко десять замков выборнейших побрал и опановал, где великое мородёрство москва и их татаре над немцами чинили, панов и паненок гвалтуюче, мужей в полон брали».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: