Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

У XVI ст. большасць гарадоў Беларусі мелі Магдэбургскае права, што вызваляла іх з-пад адміністрацыйных улад і давала ім магчымасць на самакіраванне. Гэтыя гарады ўзначальваліся войтамі, якія прызначаліся ўрадам. У сваю чаргу яны самі прызначалі сабе сваіх намеснікаў — ленвойтаў і памочнікаў — бурмістраў, што адказвалі за розныя бакі жыцця горада. Рады, што існавалі ў гэтых гарадах, звычайна вызначалі напрамак іх развіцця, іх добраўпарадкавання, а таксама клапаціліся пра абарону горада ў час вайны. У вялікіх гарадах рада выбіралася мяшчанамі, у меншых прызначалася войтам. Склікаліся і агульнагарадскія сходы, якія ў розных гарадах называліся па-рознаму (сойм, веча, капа).

BKЛ вызначалася высокай прававой культурай, пра што найперш сведчаць Статуты, прынятыя ў XVI ст. (1529, 1566, 1588). Менавіта яны рэгулявалі і судовую справу ў дзяржаве. Найвышэйшымі інстанцыямі тут былі велікакняскі (гаспадарскі) суд і суд паноў рады і сойма, іх вялікая судовая ўлада пазней была абмежавана ўтварэннем найвышэйшага — Галоўнага трыбунала, які складаўся з выбраных суддзяў. Звычайна ў лік іх пападалі выбраныя на павятовых сойміках уладары маёнткаў, якія былі дасведчанымі ў юрыдычнай справе. Пасяджэнні Трыбунала праводзіліся ў Вільні, Менску і Новагародку. У правінцыі найбольш важным быў замкавы або гродскі суд. У адрозненне ад вышэйназваных, якія разглядалі толькі справы феадалаў і шляхты, гэты суд быў усеагульным, бо ў ім разглядаліся справы і мяшчан, і сялян. У першай палове XVI ст. на Беларусі ўзніклі земскія суды, асаблівасцю якіх з’яўлялася тое, што яны былі незалежнымі ад адміністрацыйных улад і тым самым фарміравалі незалежнасць судовай улады, што было важным этапам у развіцці прававой культуры ў BKЛ. Такім жа быў і падкаморскі суд, галоўным абавязкам якога з’яўляўся разгляд спрэчных спраў аб межах феадальных землеўладанняў.

У гарадах з Магдэбургскім правам, а яны складалі большасць у Беларусі, дзейнічаў войтаўскі суд, які разглядаў і крымінальныя, і грамадзянскія справы. Ён складаўся з войта, яго намесніка — войта-лаўнічага і лаўнікаў (г. зн. засядацеляў), якія выбіраліся мяшчанамі. Нельга не адзначыць копных судоў, традыцыя якіх ішла з глыбокіх, яшчэ язычніцкіх часоў. Яго суддзямі былі простыя сяляне, якія называліся копнымі старцамі. Тут пераважна разглядаліся сялянскія справы, хоць часамі сюды звярталася і шляхта. На пасяджэннях гэтага суда прысутнічаў прадстаўнік адміністрацыі — возны, або віж, які сачыў за захаваннем копных звычаяў і мог на пэўны час адтэрмінаваць выкананне прысуду.

Грамадскі лад, які склаўся ў BKЛ, цалкам характарызуе яго як тыповую феадальную дзяржаву. Хоць яго грамадства дзялілася на пэўныя класы і саслоўі, аднак яны не былі аднастайнымі па сваім складзе, бо дзяліліся на шэраг груп, неаднолькавых па сваім маёмасным і прававым становішчы. Так, у асяроддзі феадалаў найвышэйшае месца займалі князі і вялікія паны, уладанні якіх былі своеасаблівымі «дзяржавамі» ў дзяржаве, бо фактычна ўладарылі над усімі людзьмі, якія жылі на тэрыторыі іх уладанняў і з якіх паўнапраўны ўладар мог нават збіраць сваё войска. Другая група феадалаў — зямяне-шляхта, уступаючы першым намнога меншымі памерамі сваіх уладанняў, уступалі ім і ў прававых адносінах, могучы займаць толькі другарадныя дзяржаўныя пасады. А сярод дробнай, так званай засцянковай шляхты можна было бачыць нямала такіх, якія амаль нічым не адрозніваліся ад сялян, бо самі апрацоўвалі сваю зямлю.

Тое ж заўважалася і ў асяроддзі мяшчанскага саслоўя, якое насяляла гарады. Побач з багатымі купцамі, уладальнікамі буйных майстэрняў і нават уласнікамі маёнткаў, што ўсе разам складалі вярхі гарадскога насельніцтва, большую масу яго запаўнялі дробныя гандляры і простыя рамеснікі. Самымі абяздоленымі сярод мяшчан былі так званыя «чорныя людзі», да якіх адносіліся наёмныя рабочыя, вучні майстроў, хатняя прыслуга. Параўнаўча большае прававое становішча мела мяшчанскае саслоўе, якое пражывала ў гарадах, што карысталіся Магдэбургскім правам.

Сялянства, якое складала асноўную частку насельніцтва BKЛ, таксама не было аднастайным па сваім маёмасным і прававым становішчы. Як найбольш заможныя выдзяляліся гаспадарскія людзі, якія непасрэдна залежалі ад велікакняжацкай адміністрацыі і неслі якую-небудзь дзяржаўную павіннасць. Іх называлі баярамі (путнымі, панцырнымі, слугамі і інш.). Гэтым можна растлумачыць, чаму некаторыя нашы вёскі мелі назву Баяры, бо ў іх пражывала гэта група сялян. Альбо вось вёска Путнікі (Маладзечанскі р-н). Відаць, у ёй жылі баяры, якія былі ганцамі. Баяры мелі права валодаць зямлёй плошчай у дзве валокі. Найбольшую масу сялян складалі цяглыя людзі, якія выконвалі шматлікія павіннасці як перад сваім непасрэдным феадалам, так і перад дзяржавай. Яны маглі валодаць адной валокай зямлі. Сяляне, якія не адбывалі паншчыну, адносіліся да ліку асадных і павінны былі плаціць пэўную суму грошай і несці некаторыя іншыя павіннасці. Выдзяляліся таксама сяляне-даннікі, назва якіх гаворыць сама за сябе: яны абкладаліся рознымі данінамі, не маючы пры гэтым пэўнай зямельнай уласнасці. Тыя, што непасрэдна служылі ў маёнтках, адносіліся да ліку халопаў ці чэлядзі нявольнай. Праўда, для феадалаў іх у вялікай колькасці нявыгадна было трымаць, і яны часта пераводзіліся ў агароднікі, якія, маючы зямлі ў тры моргі (1,8 га), адраблялі паншчыну і неслі іншыя павіннасці. Самымі беднымі сярод сялянаў былі халупнікі, што мелі толькі хату, а таксама кутнікі, якія не мелі і сваёй хаты і павінны былі туліцца па чужых кутах.

Асобым саслоўем у BKЛ трэба лічыць і духавенства. Апроч праваслаўнага, якое было адзіным да Крэўскай уніі, і каталіцкага, якое пачало пашырацца пасля яе, былі таксама іудзейскія і магаметанскія духоўнікі. Калі з канца X і да пачатку XV ст. праваслаўная царква ў асноўным садзейнічала развіццю культуры Беларусі, асабліва пісьменства, асветы і літаратуры (варта толькі прыгадаць імёны Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага), то ў далейшым у выніку агрэсіўнай палітыкі каталіцызму яна паступова адыходзіць ад дзяржаўных інтарэсаў свайго народа, арыентуючыся на адзінаверную Маскоўскую дзяржаву. Каталіцтва, як нам вядома, з самага пачатку паказала сябе як выразмік інтарэсаў Польшчы. Пра гэта асабліва добра сведчыць тое, што каталіцкія епархіі ў BKЛ не з'яўляліся самастойнымі, а падначальваліся польскай каталіцкай адміністрацыі. Каталіцтва ў BKЛ услед за паварочваннем у сваю веру несла і паланізацыю, асабліва вярхоў грамадства. У XVI ст. у ВКЛ шырокае распаўсюджанне атрымала пратэстанцтва, асабліва адна з плыняў яго — кальвінізм. Да яго прымкнулі многія феадалы і мяшчане. Паколькі гэта вера была накіравана супроць каталіцызму, то дзяржаўная ўлада ўсё рабіла, каб перашкодзіць яго развіццю ў BKЛ. I сапраўды, у далейшым кальвінізм, асабліва пасля адыходу ад яго буйных феадалаў, паступова здаваў свае пазіцыі.

Ужо з гэтага кароткага агляду добра бачны асаблівасці ўнутранага жыцця BKЛ: складанасць яго дзяржаўных структур, разнастайнасць у класава-саслоўным складзе яго грамадства, значная колькасць рэлігійных канфесій, высокая прававая культура. Усё гэта сведчыць, што наша дзяржава знаходзілася на еўрапейскім шляху свайго развіцця.

ЛІВОНСКАЯ ВАЙНА

Калі аб заканчэнні перамір’я ў 1533 г. першымі ўспомнілі ў BKЛ і з гэтай прычыны накіравалі пасольства ў Маскву, то ў другім выпадку аб заканчэнні перамі’я ў 1548 г. першымі ўспомнілі ў Маскве і, зыходзячы з папярэдняга вопыту, сталі чакаць паслоў ад Жыгімонта II Аўгуста, які, заняты тады цяжкай справай аб сваім шлюбе з Барбарай Радзівіл, дазвол на які не даваў сойм, не звяртаў на гэта ўвагі. Маскве прыйшлося самой адпраўляць сваіх паслоў у Кракаў. Паспешлівасць Масквы на гэты раз была выклікана тым, што Іван IV, які ўжо к гэтаму часу прыняў тытул цара ўсёй Русі, рыхтаваўся да заваявання Казані, і яму патрэбна была ўпэўненасць у міры з BKЛ.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: