Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Побач з наступленнем у паўночна-ўсходнім кірунку войска Рэчы Паспалітай на чале з Канстанцінам Астрожскім (сынам вядомага нам ужо К. Астрожскага) рушыла ў паўднёва-ўсходнім кірунку і спустошыла Северскую зямлю да Старадуба і Почапа.

Здавалася б, што на гэтым супрацьстаянне з Масковіяй павінна было скончыцца, бо захопленыя ёй у гэтай вайне землі паўночнай Беларусі былі адваяваны. Аднак такога не адбылося, і вайна працягвалася. Што ж было прычынай гэтага? Рэч у тым, што адваяванне Полацка пацягнула за сабой і далейшае прадаўжэнне яго ранейшай шматвяковай палітыкі падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска. Яна пачалася яшчэ з канца X ст. пры першым полацкім князі Рагвалодзе і працягвалася пры Брачыславе, Усяславе Чарадзеі і далей да канца XII ст. Нават часовае аслабленне Полацка з прычыны захопу ў яго крыжакамі ў канцы XII ст. Ніжняга Падзвіння, адкуль ён чэрпаў дадатковую вайсковую сілу і эканамічную падтрымку, не спыніла гэтай яго палітыкі. На працягу першай паловы XIII ст. Полацк выкарыстоўвае суседнюю Літву для набегаў на Пскоўскую, Наўгародскую і Смаленскую землі, што ўносіла ў іх значную дэстабілізацыю.

У другой палове ХІІІ ст. мірна падначаліўшыся Новагародку і ўмацаваўшы з ім новую, беларускую дзяржаву BKЛ, Полацк стаў найбольш буйной яе часткай, што і дало яму магчымасць надаць ёй як прыярытэтную сваю ранейшую знешнюю палітыку — у прыватнасці імкненне падначалення сваёй уладзе Пскова, Ноўгарада і Смаленска.

Гэтым найперш і тлумачыцца, чаму пры Гедзіміне, Альгердзе, Вітаўце і іншых вялікіх князях, BKЛ, не зважаючы на шматлікія няўдачы, вяло барацьбу за падначаленне сабе гэтых земляў. Як бачым, і пры С. Баторыю гэта імкненне не знікла, і таму, адваяваўшы Полацк, С. Баторый павінен быў і дзейнічаць у яго інтарэсах. I гэта асабліва добра выявілася ў 1580 г. пры аблозе ім Вялікіх Лукаў, куды з’явіліся царскія паслы для перамір'я, згаджаючыся пры гэтым на ўступку Полацка і многіх гарадоў Лівоніі. Аднак С. Баторый рашуча патрабаваў уступіць яму Вялікія Лукі, Ноўгарад, Пскоў і Смаленск. Толькі гэтым і можна растлумачыць, чаму С. Баторый, паспяхова закончыўшы сваю вайсковую кампанію 1579 г., пасля стараннай падрыхтоўкі, якую вёў пад прыкрыццём працяглых перагавораў з Іванам Грозным, пачаў у 1580 г. з Чашнікаў свой паход, у выніку якога ім былі не толькі ўзяты Вялікія Лукі, Веліж, але і яго войскі праніклі ў глыб Наўгародскай зямлі, напаўшы на Холм і Старую Русу. А ў 1581 г. С. Баторый рушыў свае войскі з раёна Дзісны праз Полацк на Вострава, пасля ўзяцця якога 28 жніўня яму быў адкрыты шлях да Пскова. У гэты ж час атрад на чале з М. Радзівілам, выступіўшы з Віцебска і прайшоўшы праз Веліж, Тарапец і Старую Русу, падышоў да Пскова, дзе і злучыўся з войскам С. Баторыя, і 28 жніўня пачалася аблога гэтага горада, якая зацягнулася на 5 месяцаў і не мела поспеху.

Гэта няўдача С. Баторыя выклікала вялікую незадаволенасць у Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ён пайшоў на мірныя перамовы з Масквой. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім і было заключана перамір’е на 10 гадоў. Паводле яго Полацк і Веліж на ўсходзе і Лівонія на захадзе былі пакінуты за Рэччу Паспалітай. Аднак занятыя С. Баторыем рускія землі былі вернуты Масковіі. Такім чынам, калі ўдалося вярнуць цэласнасць тэрыторыі карэннай Беларусі, у прыватнасці былога Полацкага княства, то і на гэты раз не ўдалося далучыць Наўгародскую і Пскоўскую землі. Але тое, што за іх барацьба ішла і зараз, сведчыць адно немінуча: інтарэсы Полаччыны былі важнымі для ўсёй дзяржавы, для дасягнення якіх яна не шкадавала вялікіх намаганняў.

3 заключэннем у 1583 г. Плюскага перамір'я паўночная частка Эстоніі і гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад адыходзілі Швецыі. Так закончылася 25-гадовая Лівонская вайна. Як бачна, яна была зусім няўдалай для Масковіі, якая так і не дасягнула сваёй мэты — выхаду да Балтыйскага мора.

Для Беларусі Лівонская вайна была адным з найвялікшых бедстваў: у канцы вайны наша краіна вярнула сабе толькі тое, што было страчана ў пачатку яе. Але гэта абышлося вялікімі разбурэннямі нашых паселішчаў, вынішчэннем значнай часткі нашага люду. Пры гэтым трэба ўлічваць, што Лівонская вайна была толькі працягам шматлікіх ранейшых войнаў з Macкоўскай дзяржавай, арэнай якіх з’яўлялася Беларусь. Усё гэта не магло не прывесці нашу Радзіму да эканамічнага заняпаду, а разам з ім і да аслаблення яе палітычнай ролі ў супольнай дзяржаве. Вось гэта спрытна і выкарысталі жамойцкія феадалы ў сваіх мэтах. Як вядома, Жамойць, якая складае заходнюю і большую частку сучаснай Літвы, была апошняй тэрыторыяй, якая канчаткова ўвайшла ў склад BKЛ, што адбылося ў 1422 г. Ужо гэты факт сведчыць, наколькі беспадстаўна называць BKЛ Літоўскай дзяржавай у сучасным значэнні гэтага слова. Але, канчаткова ўвайшоўшы ў склад ВКЛ, Жамойць у асобе сваіх правіцеляў стала імкнуцца да пануючага становішча ў дзяржаве. Гэтаму добра садзейнічала тое, што пасля Грунвальдскай бітвы была нанесена страшэнная параза Тэўтонскаму ордэну, што прывяло ў далейшым да яго канчатковага аслаблення, у выніку чаго паступова спыніліся набегі крыжакоў на Жамойць. А гэта паспрыяла Жамойці ў эканамічным развіцці, умацаванні яе палітычнага становішча у дзяржаве ў параўнанні з Беларуссю, якая несла на сабе асноўны цяжар у войнах з Масковіяй. Ацаніўшы выгоды свайго становішча, жамойцкія феадалы пачалі прэтэндаваць не толькі на галоўнае месца ў дзяржаве, але і на заслугі яе стварэння, сцвярджаючы, што «…панства Літвы памнажалася ад Жамойці». Менавіта ў сярэдзіне XVI ст. і з’явілася жамойцкая версія ўтварэння ВКЛ. Паводле яе, менавіта жамойцкі князь Мантвіл, даведаўшыся пра батыеўскае спусташэнне рускіх земляў, паслаў з войскам свайго сына Ердзівіла, які, прайшоўшы спачатку Вяллю, а пасля Нёман, увайшоў у разбураны татарамі Новагародак, адбудаваў яго і зрабіў сваёй сталіцай. (Як бачым, у XVI ст. добра памяталася, што Новагародак быў першай сталіцай ВКЛ. Таму, каб надаць праўдзівасць гэтаму міфу, туды і садзілі жамойцкіх князёў). А ўжо сын Ердзівіла Мінгайла падначаліў сабе і Полацк, род князёў якіх пачаў выводзіцца ад жамойцкіх князёў. Зафіксаваная ў шэрагу тагачасных летапісаў тыпу «Хронікі Быхаўца» і асабліва ў «Хроніцы» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага, выдадзенай у 1582 г. у Кёнігсбергу, гэта версія пачала паўтарацца ў гістарычных даследаваннях і з некаторымі нюансамі ўтрымліваецца і ў сучаснай гістарыяграфіі. Так узнік, замацаваўся міф пра літоўскае заваяванне Беларусі ў жамонцкім паданні. Няма чаго казаць, што гэта не мае гістарычных падстаў. Ужо толькі тое, не гаворачы аб іншым, што Беларусь не ведала батыеўскага нашэсця, ад спусташэння якога яе не трэба было ратаваць, яскрава адвяргае гэту выдумку. I тое, што Жамойць апошняй сярод іншых земляў была ўключана ў склад ВКЛ, таксама адвяргае, што ад яе «…пачало множыцца панства Літоўскае».

Яшчэ раней узнікла паданне пра паходжанне жамойцкай знаці ад рымлянаў, якая, уцякаючы на караблях ад жорсткасцяў Нерона, высадзілася на ўзбярэжжы Балтыйскага мора пры ўпадзенні ў яго Нёмана. Вось чаму ў асяроддзі магнатаў ВКЛ узнікла мода выводзіць свой род «ад Жамойці», каб гэтым самым падкрэсліць сваё паходжанне ад рымлянаў. А гэта ў сваю чаргу ўздымала аўтарытэт Жамойці сярод іншых земляў ВКЛ, і яна набыла ў сабе ўвасабленне ўсяго балцкага ў дзяржаве. Важна звярнуць увагу на тое, што ў летапісах XVI ст. з назвы княства выпадае слова «Рускае», і яно называецца толькі Літоўскім і Жамойцкім. I гэта зразумела. У выніку Люблінскай уніі ўкраінскія землі, якія пераважна і называліся рускімі, адышлі пад Карону, г. зн. пад Польшчу. I ў складзе ВКЛ засталіся толькі беларускія і літоўскія (адны і другія ў сучасным значэнні гэтых слоў) землі. Вось чаму дзяржава не называлася Рускай, а пад назвай «Літоўскае» разумеліся беларускія землі, адкуль гэтая назва і прыйшла, і пад назвай «Жамойцкае» разумеліся сучасныя літоўскія землі.

Хоць у летапісах XVI ст. яўна праводзілася жамойцкая тэндэнцыя ў паказе ўтварэння і характару ВКЛ, аднак аніводзін з іх не напісаны па-жамойцку. Амаль усе яны напісаны на беларускай мове. I толькі адзін на польскай ды яшчэ адзін на лацінскай. А гэта ў ліку іншага сведчыць, наколькі беларускія мова і культура былі пануючымі ў дзяржаве, што нават жамойцкія ідэолагі вымушаны былі з гэтым лічыцца і свае домыслы выкладаць па-беларуску.

Варта адзначыць, што ў асяроддзі магнатаў ВКЛ ішло саперніцтва ў прыпісванні свайму роду справы ўгварэння дзяржавы. Так, калі ў адных летапісах гаворыцца, што жамойцкі князь Мантвіл паслаў свайго сына Ердзівіла, пад якім разумеўся роданачальнік Радзівілаў, то ў іншым летапісе пасланцам бараніць Русь ад татараў ужо з'яўляецца Скірмант, пад якім разумеўся продак магнацкага роду Скірмантаў.

Мы ўжо ведаем, што яшчэ ў канцы XIV ст. Жамойць імкнулася да першынства ў дзяржаве, але гэта закончылася правалам, выяўленнем чаго была трагічная гібель яе стаўленіка князя Кейстута, забітага Ягайлам. I толькі канчатковае ўваходжанне Жамойці ў склад BKЛ і адносна мірнае яе жыццё пасля Грунвальдскай бітвы і дало ёй магчымасць больш грунтоўна прэтэндаваць на палітычную гегемонію ў дзяржаве, што, як мы бачылі, і пацягнула за сабой грубую жамойцкую фальсіфікацыю ўзнікнення BKЛ, ад якой асабліва абабранай і збедненай аказалася гісторыя Беларусі. Менавіта Жамойць з’явілася адной з самых этнічна трывалых балцкіх земляў, якая таму і стала грунтам для выжывання і тым самым для захавання сучаснай літоўскай народнасці.

С. Баторый заставаўся незадаволеным заключаным мірам з Масковіяй і гатовы быў пачаць зноў з ёю вайну, аднак сойм не даў яму дазволу на гэта, што заслугоўвае асаблівай увагі. Здавалася б, што зараз, пасля Люблінскай уніі, Рэчы Паспалітай, у якой верх браў польскі бок, было выгадна далейшае пашырэнне яе дзяржавы. Аднак менавіта гэтага і не жадалі польскія палітыкі. Яны добра разумелі: паглынанне і пераварванне ў польскім духу далучаных украінскіх і беларускіх земляў будзе цяжкай справай. I таму далучэнне новых падобных тэрыторый можа стварыць яшчэ большыя цяжкасці і абвастрыць іхнюю гістарычную праблему.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: