Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Такая нянавісць Пятра I, як і ранейшых расійскіх уладароў, да уніяцкай царквы зразумелая. Ён добра бачыў, што яна надавала уніятам — а яны складалі асноўную масу насельніцтва Беларусі — побач з іншым яркае нацыянальнае аблічча, якое адрознівала яго ад праваслаўнага насельніцтва Расіі. А гэта і не задавальняла расійскіх самадзержцаў, бо яны заваёўвалі Беларусь пад выглядам абароны яе праваслаўнага насельніцтва.
3 Полацка Пётр I з войскам у ліпені 1705 г. пайшоў у Вільню, куды і прыбыў 15 ліпеня 1705 г. Прабыўшы некалькі дзён, цар пакінуў тут значныя сілы, а сам накіраваўся з часткаю войска ў Курляндыю на дапамогу генералу Шарамецьеву. Заняўшы да канца лета 1705 г. Літву і Курляндыю, Пётр I у пачатку верасня сабраў свае асноўныя сілы колькасцю ў 35 тысяч чалавек каля Гародні і перадаў іх пад камандаванне Аўгуста II. Супроць гэтай групы войскаў і накіраваў свой удар Карл XII і з пачатку студзеня 1706 г. аблажыў гарнізон Гародні. Аўгусту II прыйшлося адступіць у Саксонію (яго радзіму), а частцы рускай конніцы ўдалося адступіць да Менску.
Вярнуўшыся з Расіі, куды ён вымушаны быў паехаць для расправы з Астраханскім паўстаннем, Пётр I зноў заняўся вайсковымі справамі, у лютым 1706 г. спыніўшыся ў Оршы, а ў сакавіку — у Менску. Тут расійскія войскі асабліва вызначыліся рабаўніцтвам жаночага Траецкага манастыра і Свята-Духаўскай царквы. (Вось так абаранялася імі праваслаўная вера!) За гэты час рускім войскам удалося прарвацца з аблогі ў Гародні і сканцэнтравацца ў раёне Кіева. Адступленне рускага войска з Гародні і заняцце яе шведамі адкрыла апошнім шлях у глыб Беларусі. У 1706 г. яны ўзялі і спалілі Нясвіж, Клецк, Полацк, Новагародак і аблажылі Ляхавічы, па-ранейшаму адданым саюзнікам шведаў быў П. Сапега. Менавіта разам з яго атрадам яны ў 1706–1707 гг. ўварваліся ў цэнтр Беларусі і рабавалі, руйнавалі маёнткі тых, хто ваяваў супроць іх. Разбуральныя і грабежніцкія дзеянні шведаў на Беларусі назаўсёды ўрэзаліся ў памяць нашага народа. Нездарма ж пра благога чалавека ў нас гаварылі: «Гэта не чалавек, а швед».
Але для Расіі ў гэты момант ствараліся неспрыяльныя ўмовы. Рэч у тым, што Карлу XII удалося прымусціь Аўгуста II адмовіцца ад саюза з Расіяй, і той згадзіўся заключыць сепаратны мір. Такім чынам, Расія засталася ў вайне са шведамі адзін на адзін. 3 гэтага часу падзеі Паўночнай вайны цалкам перамясціліся на тэрыторыю Беларусі. Рускія войскі з Валыні перайшлі ў Палессе. А шведскія войскі з Польшчы перайшлі зноў на Беларусь, у канцы студзеня 1708 г. занялі Гародню і рушылі на Ліду і Смаргонь, каб разбіць армію Шарамецьева, што не ўдалося, бо тая змагла адысці да Улы і Віцебска. Галоўныя сілы шведаў, што знаходзіліся каля Даўгінава і Радашковічаў, 7 чэрвеня 1708 г. прыйшлі да Менска, а праз тыдзень пераправіліся праз Бярэзіну. Як бачна, галоўныя сілы і шведаў, і расійцаў знаходзіліся на Беларусі і рыхтаваліся да рашаючых баёў. I першы з іх адбыўся каля мястэчка Галаўчын (зараз Бялыніцкі р-н), дзе частка рускай арміі, адарваўшыся ад шведаў, заняла баявыя пазіцыі і дзе 14 ліпеня 1708 г. адбылася бітва, у якой рускае войска было разбіта, за што камандзір яго, генерал Рэпнін, быў разжалаваны ў радавыя. Астатняе рускае войска падалося за Дняпро, каб перакрыць шведам дарогу да Смаленска, бо расійскі ўрад прадпрымаў усе меры, каб не дапусціць пашырэння вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Расіі. Так яно і было. Сапраўды, вайсковыя дзеянні адбываліся на тэрыторыі Літвы, Польшчы, Беларусі і закончыліся на Украіне. Увесь цяжар Паўночнай вайны выпаў на долю гэтых краін. (У час Паўночнай вайны ў адрозненне ад руска-польскай Расіяй не ставілася задача заваявання Беларусі. Апошняя для Пятра I была толькі месцам часовага прабывання, неабходнага для вайны са шведамі. I таму для яго Беларусь з’яўлялася чужой і нават варожай зямлёй, з інтарэсамі якой можна было не лічыцца і нават наносіць ёй шкоду. Гэтым і тлумачыцца тое, чаму расійскія войскі, адступаючы ўслед за шведамі на Украіну, спалілі гарады Віцебск, Дуброўна, Оршу. Магілёў, Мсціслаўль, Быхаў і інш.)
Але прыкрыўшы Смаленск, рускае войска адкрыла шведам дарогу на Магілёў, які ў верасні 1708 г. тыя захапілі. Аднак доўга яны тут не былі. Карл XII рашыў весці сваё войска на Украіну, дзе меў намер злучыцца з войскам гетмана Мазепы, які перайшоў на бок шведаў з мэтай пры іх дапамозе вызваліць Украіну з-пад улады Масквы. На дапамогу Карлу XII з Рыгі выйшаў корпус генерала Левенгауза. Перайшоўшы праз Дняпро ў раёне Шклова, 20-тысячнае войска ўзяло курс на Прапойск. Насустрач яму з 12-тысячным войскам рушыў Пётр I, дзе яны і сышліся ля в. Лясная (зараз Слаўгарадскі р-н). Тут 9 кастрычніка 1708 г. і адбылася паміж імі бітва, у якой шведы былі разгромлены, страціўшы шмат вайсковай сілы, узбраення і абозаў. Нездарма ж пасля Пётр I назваў пераможную для яго бітву як «маці Палтаўскай бітвы».
Хаця Паўночная вайна яшчэ цягнулася 13 гадоў, аднак яна пакінула ўжо тэрыторыю Беларусі. I толькі пасля Палтаўскай бітвы, якая была зноў пераможнай для Расіі, войскі Пятра I у 1709 г. аблажылі Ляхавіцкі замак, дзе засеў, ратуючыся ад палону, Мазепа і адкуль яму ўдалося ўцячы.
Гэта вайна, як і папярэдняя, прынесла Беларусі незлічоныя беды. Як было бачна, прабыванне на яе тэрыторыі як шведскіх, так і расійскіх войскаў суправаджалася разбурэннямі і драпежніцтвамі. I асабліва паказальнай з’яўляецца лічба, якая сведчыць пра колькасць страчаных беларускіх жыхароў за час вайны. Гэта — 800 тысяч чалавек. Далёка не дасягнуўшы ўзроўню свайго насельніцтва да руска-польскай вайны, Беларусь яшчэ страціла кожнага трэцяга. I толькі трэба здзіўляцца духоўнай сіле нашага народа, які, нягледзячы на шматлікія страты, на разбурэнні сваёй гаспадаркі, на спусташэнні сваёй краіны, не загінуў і не толькі змог выжыць, але і захаваць сябе як самабытны народ.
ПА ШЛЯХУ ДАЛЕЙШАГА ЗАНЯПАДУ
Ужо тады, калі цяжар Паўночнай вайны пачаў паступова спадаць, і ў наступныя некалькі дзесяцігоддзяў пасля яе заканчэння бесперапынна ішоў працэс унутранага, а разам з ім і знешняга аслаблення Рэчы Паспалітай. I гэтаму перш за ўсё садзейнічалі ўзаемная барацьба паміж магутнымі магнацкімі родамі і палітыка рэлігійнай нецярпімасці.
У пачатку 1710 г. сабраўся так званы «вялікі сойм», паводле пастановы якога Аўгуст II зноў аб’яўляўся каралём Рэчы Паспалітай і была ўзноўлена яго дамова з рускім царом Пятром I аб іх вайсковым саюзе. Адначасова сойм забараніў у далейшым збіраць прыватныя ўзброеныя канфедэрацыі, улічваючы іх вялікую шкоднасць у аслабленні дзяржавы. Аднак апошняе не толькі не адышло, але яшчэ больш узмацнілася. Не могучы справіцца са сваімі ўнутранымі звадкамі, польскі ўрад вымушаны быў звярнуцца да Пятра I, каб ён дапамог ахоўваць унутраны парадак у краіне, на што ахвотна цар згадзіўся. Што і зразумела, бо гэта давала яму магчымасць павялічваць свой уплыў у Польшчы.
У 1717 г. адбыўся сойм, які ўвайшоў у гісторыю як «нямы», бо прадаўжаўся ўсяго 7 гадзін. Пацвердзіўшы пастановы сойма 1710 г., ён адначасова выказаў падзяку Пятру I за прысылку войска ў Польшчу і надзяліў яго правам быць пасрэднікам паміж каралём і яго падданымі ў час іх нязгоды. Усё гэта засведчыла выключную слабасць улады Рэчы Паспалітай, якая не магла адолець свае ўнутраныя супярэчнасці і таму фактычна добраахвотна аддала сябе пад уладу суседняй дзяржавы.
Праўда, польскія вярхі скора зразумелі, наколькі яны звязаны пастановай «нямога сойма», і таму рашылі кампенсаваць сваю немагчымасць змагацца са знешнімі «маскалямі», пад якімі лічылі Расію, сваёй барацьбой з унутранымі «маскалямі», пад якімі яны разумелі сваіх праваслаўных жыхароў. Менавіта супроць іх і накіроўваўся так званы «Праект 1718 г.», які быў абвешчаны на сойме віленскім канонікам Жаброўскім. Гэты дакумент не што іншае, як праграма канчатковага выкаранення праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Гэта і выцясненне з праваслаўя ўсіх знакамітых людзей, якія расселены па Беларусі, Украіне і Літве, гэта і пазбаўленне праваслаўных важных службовых месцаў, якія б былі для іх гонарам, гэта і абавязак для кожнага паляка-католіка на ўсялякіх зборах паказваць сваю перавагу над праваслаўнымі і ўсяляк кпіць з іх, гэта і адхіленне праваслаўных — як знакамітым, так і простых — ад адукацыі і г. д., што штурхала да стварэння атмасферы нянавісці да праваслаўя і тым самым да яго знікнення ў дзяржаве. Пэўна ж, дэпутаты сойма ўхвалілі гэты праект, бо, як паказвае наказ полацкага ваяводскага сейміка сваім паслам на гэты сойм, яны абавязаны былі садзейнічаць узмацненню барацьбы супроць праваслаўя.
Аднак ганенне на праваслаўных не доўга працягвалася, бо, як заўсёды, яны знаходзілі абарону з боку Масквы, куды пасылаліся скаргі аб здзеках над імі. Пётр I ва ўльтыматыўнай форме звярнуўся да польскага ўрада аб спыненні гвалту над праваслаўнымі, што і прымусіла Аўгуста II выдаць адпаведны дэкрэт, якім катэгарычна забаранялася адбіраць ад праваслаўных цэрквы і манастыры і іх маёнткі, а таксама чыніць праваслаўным розныя здзекі.
Асекшыся на ганенні праваслаўных, польскі ўрад і каталіцкая царква рашылі заняцца уніяцкай царквой, што было больш бяспечна, паколькі за яе не мог заступіцца Пётр I, які, як ужо нам вядома, таксама быў самым заклятым яе праціўнікам. Але чым не задавальняла уніяцкая царква польска-каталіцкія колы, якія ў свой час стварылі яе? Рэч у тым, што яна па іх задуме павінна была стаць пераходным этапам ад праваслаўнай веры да каталіцкай, і таму ўсё рабілася, каб чым найболей загнаць у яе вернікаў. Але яны ў гэтым перастараліся. Зрабіўшыся самай шматлікай па колькасці прыходаў і вернікаў, уніяцкая царква стала самастойнай. Хоць прайшло ўжо звыш ста гадоў пасля яе стварэння, ніхто з яе вернікаў не перайшоў і не жадаў пераходзіць у каталіцкую веру, і таму зразумела, што для польска-каталіцкіх колаў яна стала такой жа перашкодай, як і праваслаўная царква. Вось чаму яны, адчуўшы сваю няўдачу ў барацьбе з праваслаўем, тэрмінова ўзяліся за уніяцтва. Дзеля гэтага ў 1720 г. у г. Замосце (у Люблінскім ваяводстве) быў скліканы уніяцкі сабор. Старшынёй яго з’яўляўся папскі нунцый. Цікава, што сярод уніяцкіх епіскапаў, якія прысутнічалі на саборы, быў і смаленскі уніяцкі епіскап, хаця, як вядома, Смаленск у гэты час ужо не быў у складзе Рэчы Паспалітай.