Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

БАРСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ I ПЕРШЫ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Ужо папярэдні разгляд гісторыі Рэчы Паспалітай паказаў, наколькі моцны быў уплыў Расіі ў гэтай дзяржаве. Пасля смерці Аўгуста III у 1763 г. гэта яшчэ больш узмацнілася, найперш у выніку яе застарэлай хваробы — барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за большы ўплыў у жыцці краіны. Як і заўсёды, гэта барацьба абвастралася ў час абрання новага караля. Так было і зараз. За абранне на каралеўскі пасад гэтым разам найбольш вострым было змаганне паміж Чартарыйскімі і Патоцкімі. У Расіі ў гэты час была ўжо Кацярына II. Да яе і звярнуўся Чартарыйскі з просьбай прыслаць ім на дапамогу рускае войска, у чым ім, зразумела, не адмовілі. Менавіта злучаныя сілы BKЛ і рускага атрада ў чэрвені 1764 г. атрымалі перамогу над войскам аднаго з найбольш магутных паплечнікаў Патоцкіх — Караля Радзівіла, захапіўшы яго крэпасці ў Нясвіжы і Слуцку. А сам іх уладальнік схаваўся за мяжой.

Гэта перамога і дала магчымасць Чартарыйскім 7 верасня 1764 г. правесці на каралеўскі пасад іх пляменніка — 35-гадовага Станіслава Панятоўскага. Усё гэта адбылося пры непасрэднай падтрымцы Кацярыны II, якая асабіста ведала новавыбранага караля, бо ён некаторы час жыў у Пецярбургу пры яе двары і, магчыма, нават быў яе фаварытам. Для поспеху абрання С. Панятоўскага каралём мела і тое, што ў Варшаве ў гэты час стаяла расійскае войска. Такім чынам, абранне С. Панятоўскага канчаткова замацавала рашаючы ўплыў Расіі ў Рэчы Паспалітай.

Яшчэ перад выбраннем новага караля Чартарыйскія рашылі прыняць новыя рэформы, якія б умацавалі цэнтральную ўладу дзяржавы. I хоць на адным з соймаў у 1764 г. і было абмежавана права вета і прыняты рашэнні пра ўпарадкаванне фінансавай і судовай спраў, аднак гэта выклікала супраціўленне кансерватыўных колаў грамадства, найперш магнатаў і шляхты, якім і была выгаднай слабая дзяржаўная ўлада. Спачатку гэтыя рэформы падтрымала і Расія, бо яна мела ў сваіх руках Рэч Паспалітую і ёй было выгадней бачыць яе больш умацаванай.

Па-ранейшаму для большага націску супроць Рэчы Паспалітай выкарыстоўваліся рэлігійныя справы, тым больш што ў ёй прадаўжалася палітыка пераследу некаталіцкіх канфесій. Па ініцыятыве Прусіі і Расіі быў прапанаваны праект ураўнення ў правах дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі, на што згаджаўся і сам кароль Панятоўскі, але чаго не ўхваліў сойм. А гэта, як і ў папярэднія часы, пацягнула за сабой прысылку войскаў у Рэч Паспалітую, а менавіта на тэрыторыю Беларусі, дзе ў кастрычніку 1765 г. расійскімі войскамі былі захоплены Слуцк і Нясвіж.

У мэтах абароны кожнай з гэтых канфесій пачалі ўтварацца канфедэрацыі: пратэстанцкая ў Торуне, праваслаўная ў Слуцку. Больш за тое, у Радаме была створана каталіцкая канфедэрацыя, якая ўзяла курс на саюз з Расіяй. I самае дзіўнае, што на чале яе стаў К. Радзівіл, які раней займаў процілеглую пазіцыю і ўладанні якога раней захапіла рускае войска. Відаць, гэтым самым ён і хацеў вярнуць сабе страчанае. У выніку дзейнасці гэтых канфедэратаў, якіх падтрымлівала 40-тысячнае рускае войска, сойм у 1768 г. і вымушаны быў прыняць пастанову аб ураўненні дысідэнтаў у правах з католікамі, у тым ліку — права займаць дзяржаўныя пасады. Але хоць засталіся некранутымі такія правы дзяржаўнага жыцця Рэчы Паспалітай, як ліберум вета, выбарнасць караля, недатыкальнасць шляхецкіх прывілеяў — усё, што аслабляла краіну, тым не менш рэакцыйныя, асабліва каталіцкія, колы, незадаволеныя ўраўненнем з іх правамі дысідэнтаў і саюзам з Расіяй, у тым жа 1768 г. у Бары стварылі сваю канфедэрацыю. Праўда, склад яе быў неаднолькавы. Хоць у яе ўвайшлі і сапраўдныя патрыёты, што выступалі за незалежнасць Польшчы, аднак у ёй задавалі тон кансерватыўныя элементы, для якіх найперш важна было захаваць «залатыя вольнасці» шляхты і асабліва вяршэнства каталіцкай царквы, і тым самым захаваць нацыянальна-рэлігійны прыгнёт над іншаверцамі. Тое, што Барская канфедэрацыя выступала за захаванне шляхецкіх прывілеяў, можа тлумачыць, чаму ў яе было шмат прыхільнікаў і на Беларусі, асабліва ў Берасцейскім і Мсціслаўскім ваяводствах, у Ваўкавыскім, Ашмянскім і Браслаўскім паветах. Вось чаму дзеянні барскіх канфедэратаў перакінуліся і на Беларусь. Супроць іх і былі кінуты расійскія войскі. Менавіта ў кастрычніку 1768 г. яны разбілі канфедэратаў пад Дзярэчынам і захапілі Нясвіж і Слуцк. Аднак у наступным годзе берасцейскі атрад канфедэратаў на чале з самім кіраўніком усёй канфедэрацыі Юзафам Пуласкім разбіў рускія войскі пад Берастовіцай, Слонімам і Мышшу. Дзеянні Барскай канфедэрацыі на Беларусі яшчэ больш пашырыліся ў наступныя два гады, асабліва калі на яе тэрыторыю ўступіў атрад Ш. Касакоўскага, які складаўся ў асноўным з дробнай шляхты і дзейнасць якога прасціралася ад Мядзеля да Менска. Пад уздзеяннем гэтага зноў канфедэратыўны рух перайшоў на Полаччыну, Ашмяншчыну, Браслаўшчыну і Мсціслаўшчыну.

Паколькі канфедэратыўны рух непасрэдна пагражаў Расіі, то яе ўрад прыняў усе меры, каб яго задушыць, для чаго і былі кінуты новыя войскі, што і дало першыя вынікі. Пад Новагародкам быў разбіты атрад Касакоўскага. Асабліва вызначыўся ў задушэнні Барскай канфедэрацыі славуты А. Сувораў, які ў гэты час са сваім войскам знаходзіўся ў Польшчы. Менавіта ім быў разбіты трохтысячны атрад вялікага гетмана ВКЛ М. Агінскага пад Сталовічамі ў верасні 1771 г.

Расправа з Барскай канфедэрацыяй як у ВКЛ, так і ў Польшчы канчаткова наблізіла Рэч Паспалітую да яе падзелу. Праўда, ініцыятыва гэта ішла не ад Расіі, бо яе цалкам задавальняла існаванне гэтай слабай і таму бяспечнай для яе дзяржавы, якая да таго ж знаходзілася пад непасрэдным яе ўплывам. Ініцыятыва падзелу зыходзіла ад Прусіі, якая не магла далей мірыцца з тым, што Польшча адгароджвала яе ад Усходняй Прусіі. Менавіта ад прускага караля Фрыдрыха II паступіла прапанова да Расіі, без удзелу якой не мог адбыцца падзел Рэчы Паспалітай. На гэта Кацярына II і дала згоду. У перамовы аб падзеле некалькі пазней далучылася і Аўстрыя. I вось 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу паміж гэтымі трыма дзяржавамі і была падпісана дамова аб падзеле Рэчы Паспалітай. У выніку гэтага Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя — паўднёвую яе частку і Галіцыю са Львовам, да Расіі адышлі Інфляндскае ваяводства, усход Полацкага ваяводства (па правым беразе Зах. Дзвіны), Віцебскае ваяводства (за выключэннем яго крайняй заходняй часткі), усё Мсціслаўскае ваяводства, а таксама ўсходняя частка Менскага ваяводства (з Гомелем, Рагачовам, Прапойскам і Чавусамі).

Лёс гэтых адрэзаных ад Рэчы Паспалітай частак склаўся па-рознаму. Відаць, удалым быў для Галіцыі. Менавіта знаходзячыся ў складзе Аўстрыйскай імперыі, гэта частка Украіны мела пэўныя ўмовы для свайго нацыянальнага развіцця. У Аўстрыі існавала ўласна ўкраінская курыя, якая пасылала сваіх дэпутатаў у парламент, што падкрэслівала нацыянальную асобнасць украінскага насельніцтва і тым самым спрыяла росту яго нацыянальнай свядомасці. Гэтым і тлумачыцца, чаму тут найперш і зарадзілася новая ўкраінская літаратура, а таксама тэатр і друк. Тут прадаўжала існаваць уніяцкая царква, якая была нацыянальнай украінскай. Часамі аўстрыйскі ўрад выкарыстоўваў украінскае насельніцтва ў сваіх палітычных мэтах. Так, калі ў 1846 г. аўстрыйскія палякі (а яны галоўным чынам былі памешчыкамі) паднялі паўстанне за аднаўленне Польшчы, то канцлер Аўстрыі Мэтэрніх на задушэнне гэтых памкненняў не паслаў ніводнага салдата, а натравіў на паўстанцаў галіцыйскіх сялян, скарыстаўшы іх класавую нянавісць да сваіх паноў, і яны (сяляне) за адну ноч вынішчылі паўстанцаў. У свой час А. Герцэн назваў гэта галіцыйскай пугачоўшчынай.

У сувязі з больш-менш выгадным становішчам часткі Украіны ў складзе Аўстрыі выказваецца меркаванне, што калі б частка Беларусі (захад Віленшчыны і Гарадзеншчыны) трапіла ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай пад уладу Прусіі, то ў ёй бы больш паспяхова, як у Галіцыі ў складзе Аўстрыі, ішло нацыянальнае развіццё. Але, напэўна, так не было б. Прусія са сваёй моцна цэнтралізаванай уладай далёка не была падобнай на Аўстрыю, у якой дапускаўся пэўны федэралізм, і таму наўрад ці змірылася б тут з беларускім нацыянальным рухам. Вось надзвычай яскравы прыклад. Калі ў 1918 г. адна еўрапейская дэлегацыя ў сувязі з аднаўленнем Польшчы як дзяржавы наведала Познаншчыну, г. зн. тую частку Польшчы, якая была пад Прусіяй, то была здзіўлена, што яе ўсе насельнікі, якія мелі польскія прозвішчы, гаварылі толькі па-нямецку, а не па-польску. Вось такі лёс, відаць, чакаў бы і беларусаў, калі б яны трапілі пад уладу Прусіі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: