Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Я. Ясінскі ў ліку іншых рэвалюцыйных змен аб’яўляў і аб поўнай адмене прыгоннага права. I гэта ў сваю чаргу прыцягвала ў шэрагі паўстанцаў многіх беларускіх сялян. Што так было, можа яскрава сведчыць «Песня беларускіх жаўнераў», у якой гаварылася аб тых бедах, якія ім прынесла расійскае войска, і гучаў заклік «ісці жыва да Касцюшкі», дзе «рубаць будзем маскалюшкаў». Вось чаму царскія ўлады са свайго боку, каб адцягнуць сялян ад паўстання, пачалі цешыць іх абяцаннямі, што ім будуць перададзены землі, адабраныя ад паноў-паўстанцаў. I гэта ў значнай ступені зменшыла прыток сялян у шэрагі паўстанцаў.
Нягледзячы на цяжкасці, паўстанцы пад кіраўніцтвам Я. Ясінскага прадаўжалі весці паспяховыя баі з расійскім войскам, пра што красамоўна сведчыць іх перамога ў баі каля в. Паляны. I тым не менш Я. Ясінскім не былі задаволены ў Варшаве. Памяркоўных прыхільнікаў паўстання (а іх было нямала там) найперш не задавальнялі яго паслядоўныя рэвалюцыйныя погляды і дзеянні. Сапраўды, такое патрабаванне Я. Ясінскага, як адмена прыгоннага права, перш за ўсё пагражала магнатам. У гэтых адносінах лёс Я. Ясінскага нагадваў лёс пазнейшага К. Каліноўскага — кіраўніка паўстання 1863–1864 гг. таксама ў Беларусі і Літве. Менавіта сваімі рашучымі дэмакратычнымі дзеяннямі ён выклікаў незадаволенасць кіраўнікоў Варшаўскага паўстання і таму быў часова адхілены ад кіравання паўстаннем у Беларусі і Літве. Тое ж самае, толькі намнога раней, адбылося і з Я. Ясінскім, які 4 чэрвеня 1794 г. быў адкліканы з Вільні (некалькі пазней ён загінуў у баі пад Варшавай). Была адначасова распушчана і Найвышэйшая Літоўская рада, і замест яе ўтворана Цэнтральная дэпутацыя BKЛ.
Была спроба пашырыць паўстанне і на ўсход Беларусі. М.-К. Агінскі з гэтай мэтай са сваім паўстанцкім атрадам у сярэдзіне мая 1794 г. прайшоў праз Валожын і Івянец, але быў разбіты. Гэта не адштурхнула яго ад далейшай барацьбы. У жніўні ён з новым атрадам прайшоў праз Браслаўшчыну на Дзвінск з мэтай адцягнуць расійскае войска ад Вільні, да якой яно падступала і якую яно захапіла 8 ліпеня. Вялікі прастор Беларусі ахопліваў у другой палове жніўня трохтысячны паўстанцкі атрад С. Грабоўскага, хваля якога закранула мясцовасці Івянца, Ракава, Койданава, Пухавіч, Асіповіч, Бабруйска. Аднак у раёне Любані ён быў разбіты.
Захапіўшы зноў тэрыторыю Беларусі і Літвы і задушыўшы тут паўстанне, расійскія войскі рушылі на тэрыторыю Польшчы, дзе былі сканцэнтраваны галоўныя сілы паўстанцаў. У разгроме іх і адыграў галоўную ролю знакаміты А. Сувораў. 3 сямітысячным атрадам ён рушыў спачатку на Валынь, дзе патапіў у крыві паўстанне, затым пайшоў на Падолле і разбіў пад Берасцем паўстанцкі корпус Серакоўскага. Пасля гэтага для Суворава была адчынена дарога на Варшаву, куды ён і паспяшаўся, каб, злучыўшыся з другім расійскім войскам, захапіць яе. Вось гэтага злучэння, ведаючы, што пасля яго Варшава не выстаіць, Касцюшка і рашыў не дапусціць, спачатку разбіўшы адно войска, а пасля і другое. Аднак у бітве пад в. Мацяёвічы яго войска было разбіта, а сам Касцюшка, цяжка паранены, быў узяты ў палон. Пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1796 г. ён быў выпушчаны адтуль і далейшае сваё жыццё да смерці ў 1817 г. пражыў у эміграцыі.
23 кастрычніка 1794 г. Варшава была захоплена, што азначала канчатковы разгром паўстання 1794 г., а разам з гэтым і канец існавання Рэчы Паспалітай. 15 лістапада 1794 г. Станіслаў Панятоўскі адмовіўся ад каралеўскага пасада і адправіўся Ў Пецярбург, дзе праз тры гады і памёр. Параза паўстання і прадвырашыла трэці і канчатковы падзел Рэчы Паспалітай. Спачатку 23 снежня 1794 г. урады Расіі і Аўстрыі аб’явілі дэкларацыю аб гэтым. Паводле яе да Расіі пераходзілі Гарадзенскае, Віленскае і Ковенскае ваяводствы, да Прусіі — уся цэнтральная Польшча з Варшавай, да Аўстрыі — Кракаў з яго акругай. Галоўнай прычынай такога развалу былі магнацкая анархія і палітыка рэлігійнай нецярпімасці. Буйныя магнацкія роды, прагнучы большай улады і ўзбагачэння, уцягвалі ў сваю ўзаемную барацьбу вялікую колькасць насельніцтва, а таксама і суседнія дзяржавы, што непазбежна вяло да ўнутранага аслаблення і знешняга ўмяшання. Гэтак жа сама і імкненне рэакцыйных колаў акаталічыць іншаверцаў, у першую чаргу праваслаўных і пратэстантаў, давала повад Расіі і Прусіі пад выглядам абароны сваіх адзінаверцаў уводзіць свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, што зноў такі абяссільвала яе і ўрэшце прывяло да развалу.
Так закончылася існаванне нашай беларускай дзяржавы, гісторыя якой доўжылася звыш паўтысячагоддзя. Праўда, у довад, што гэта дзяржава была толькі літоўскай, а не якой-небудзь іншай, прыводзіцца тое, што ў ёй панавала літоўская княская дынастыя. Але такі довад гэтак жа абсурдны, як і тое, калі б мы Кіеўскую дзяржаву называлі варажскай на падставе толькі таго, што ў ёй панавала варажская дынастыя Рурыкавічаў. Гэтак жа сама, як варажскія князі былі выкарыстаны Ноўгарадам для ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы, так і літоўскія князі-перабежчыкі былі выкарыстаны Новагародкам для ўтварэння BKЛ, першым крокам для чаго, як мы бачылі, было заваяванне Літвы. У апошні час з’явілася прапанова лічыць BKЛ беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай, паколькі ў яе ўваходзілі і беларускія і балцка-літоўскія землі. Аднак, напрыклад, Маскоўскую дзяржаву, у якую ўваходзілі і угра-фінскія землі, не называюць руска-угра-фінскай, а рускай дзяржавай. I гэта зразумела, бо угра-фінскія землі былі заваяваны і падначалены Маскве. Гэтак жа балцка-літоўскія землі былі заваяваны і падначалены Новагародку, і таму няма ніякіх падстаў лічыць ВКЛ беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай, бо яна была адметнай беларускай дзяржавай. Нельга адмаўляць называцца BKЛ беларускай дзяржавай і таму, што ў яе ўваходзілі паасобныя рускія ці ўкраінскія землі. Тым больш, што яны знаходзіліся ў складзе ВКЛ толькі часова. Першыя з іх былі адваяваны Масквой, другія ў час Люблінскай уніі выйшлі са складу ВКЛ і аддаліся пад «Каруну», г. зн. пад уладу Польшчы. I такім чынам у ВКЛ засталіся толькі беларускія і балцка-літоўскія землі.
Фактычна, разуменне ВКЛ як літоўскай дзяржавы ў сучасным значэнні гэтага слова трымаецца толькі на яго назве. Калі гэта дзяржава так называлася, то зразумела, маўляў, Літва была ў ёй пануючай. Але не заўсёды гэты стэрэатып так спрацоўвае. Так, буйнейшая нямецкая дзяржава са сталіцай у Берліне называлася Прусіяй, г. зн. назвай той зямлі, якая была заваявана, яе балцкае насельніцтва прусаў было асімілявана крыжакамі ў XI–XII стст., але якая сваёй назвы не толькі не страціла, але і пашырыла далёка на ўсход Нямеччыны. Дык вось як у Прусіі апроч назвы не было нічога першапачатковага прускага, так і ў ВКЛ апроч яго назвы не было нічога літоўскага ў сучасным значэнні гэтага слова. Гэтак жа сама як Прусія была заваявана немцамі, так і Старажытная Літва была заваявана Новагародкам. Але як Прусія, так і Літва пасля яе заваявання не толькі не страціла сваёй назвы, але і пашырыла яе на захад у сувязі з перанясеннем сталіцы ў Вільню на тэрыторыю сучаснай Літвы. I таму як нельга лічыць, што назва Прусія прыйшла з Берліна да Балтыйскага мора, бо ўсё было наадварот, так у і нельга лічыць, што назва Літва прыйшла з Вільні ў Беларускае Панямонне, бо ўсё, як адзначалася намі раней, было наадварот.
Аб выключным панаванні беларушчыны ў ВКЛ яскрава сведчыць і тое, што пасля страты сваёй дзяржаўнасці, пазбаўленыя сваёй асветы, друку, царквы, г. зн. усяго таго, пры дапамозе чаго найперш ажыццяўляецца асіміляцыя адным народам другога, беларусы, не маючы ўсяго гэтага, тым не менш па інерцыі працягвалі «без шуму і гвалту», як трапна зазначыў А. Качубінскі, асіміляваць летувісаў, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Летувы. Гэта добра пацвердзіў перапіс насельніцтва ў 1897 г. Паводле яго ў Віленскім і Свянцянскім паветах беларусы складалі найбольшыя нацыянальныя групы, і іх вялікая колькасць была ў Троцкім павеце і іншых месцах Летувы (Шнряев Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991. С.78–80).