Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

3 забраных Расіяй усходніх беларускіх тэрыторый былі ўтвораны Пскоўская губерня (некалькі пазней яна была перайменавана ў Полацкую) з правінцыямі Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай (раней Ліфляндскай), Полацкай і Віцебскай з цэнтрам у Апочцы і Магілёўская губерня з правінцыямі Магілёўскай, Аршанскай, Рагачоўскай і Віцебскай.

Адразу на ўключаных у склад Расіі землях Беларусі афіцыйнай мовай замест польскай была ўведзена расійская. І, такім чынам, Беларусь адразу трапіла з агню паланізацыі ў полымя русіфікацыі. Праўда, першая з іх не адразу знікла і нават у першую трэць XIX ст. дасягнула свайго піку дзякуючы А. Чартарыйскаму, які, стаўшы прыбліжаным расійскага цара Аляксандра I і адначасова будучы папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, у якую ўваходзіла амаль уся Беларусь, стаў адчыняць тут паўсюдна польскія школы, якія садзейнічалі далейшай паланізацыі. Менавіта гэтым і тлумачыцца, чаму А. Міцкевіч, У. Сыракомля, С. Манюшка і іншыя беларусы сталі выдатнымі дзеячамі польскай культуры. Толькі пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг. паланізацыя на Беларусі была канчаткова зменена на не менш небяспечную русіфікацыю.

Разам з расійскай мовай на тэрыторыі Беларусі пачалі ўводзіцца характэрныя для Расіі ўстановы, напрыклад губернскія і правінцыйныя суды, устанаўлівацца падаткі, якія павінны былі плаціць сяляне, а таксама купцы і яўрэі.

Але асаблівая ўвага была ўдзелена царкоўным справам. Найперш пад абарону была ўзята праваслаўная царква. Былі ўтвораны Пскоўская і Магілёўская праваслаўныя епархіі.

Апошнюю, як і раней у складзе Рэчы Паспалітай, узначаліў Г. Каніскі.

Было надалей забаронена пераходзіць праваслаўным у каталіцтва і асабліва ва уніяцтва. Рэарганізацыі падверглася і уніяцкая царква. Была ліквідавана Смаленская епархія з прычыны малой колькасці ў ёй вернікаў-уніятаў, але пакінута Полацкая епархія з падначаленнем ёй уніятаў на ўсёй тэрыторыі забранай Беларусі. Уніяты не толькі заахвочваліся да пераходу ў праваслаўе, але і гвалтоўна заганяліся ў яго. Так, па Полацкай епархіі было перацягнута ў праваслаўе каля 130 тысяч уніятаў, а па Магілёўскай — каля 120 тысяч. Устанаўлівалася, што ўсе сыны ад змешаных шлюбаў павінны лічыцца праваслаўнымі.

Звернута была ўвага і на арганізацыю каталіцкай царквы, для кіравання якой у Беларусі была створана Магілёўская епархія. Поле дзейнасці ёй было прадстаўлена вельмі шырокае, паколькі ёй павінны былі падначальвацца ўсе каталіцкія каецёлы і манастыры ва ўсёй Расіі. Гэта і дало ёй магчымасць у далейшым ператварыцца спачатку ў архіепіскапію, а пасля і ў мітраполію.

3 мэтай абароны праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай была ўтворана адмысловая праваслаўная епархія, месцазнаходжаннем якой быў г. Слуцк. Епіскапам у ёй прызначылі В. Садкоўскага. Гэта менавіта ён на Слуцкім царкоўным саборы пагражаў мясцовым святарам, якія ў сваім набажэнстве ўжывалі зразумелую вернікам беларускую мову: «Я скараню, знішчу, штоб і языка не было вашага праклятага літоўскага». Зразумела, што тут пад літоўскай мовай разумелася беларуская, і гэта яшчэ раз паказвае, што ў той час паняцці «Літва» і «літоўская» адпавядалі сучасным «Беларусь» і «беларуская». Як бачым, расійскі стаўленік В. Садкоўскі адразу прыняў непрымірымую пазіцыю да беларускай мовы. Але калі праваслаўны епіскап В. Садкоўскі ўсё рабіў для таго, каб перацягнуць уніятаў у праваслаўе, то уніяцкі мітрапаліт Рэчы Паспалітай Смаргжэўскі ўсё рабіў дпя таго, каб паболей акаталічыць уніятаў.

Як ужо вядома, Замосцкі сабор 1720 г. абавязаў уніяцкую царкву прыняць шэраг каталіцкіх абрадаў. Аднак, відаць, гэта патрабаванне не асабліва выконвалася. Тым больш што былі уніяцкія іерархі, як полацкі біскуп Лісоўскі, якія супраціўляліся акаталічванню уніятаў. Вось чаму Смаргжэўскі рашуча патрабаваў ад уніяцкіх святароў прыняцця каталіцкіх абрадаў.

ЧАТЫРОХГАДОВЫ СОЙМ I ДРУГІ ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Аднак большая частка Беларусі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай заставалася ў складзе апошняй. Як жа развіваліся падзеі ў далейшым? Зразумела, што патрыятычныя колы Польшчы не маглі не зрабіць адпаведных вывадаў з таго, што прывяло іх дзяржаву да такога гаротнага стану. I таму былі зроблены спробы да пэўнага ўпарадкавання дзяржаўнага жыцця, вываду яго са стану магнацкай анархіі. Гэтаму ў некаторай ступені магло спрыяць утварэнне ў 1775 г. Пастаяннай рады, у склад якой уваходзілі кароль і па 18 прадстаўнікоў ад сената сойма. Больш шырокаму развіццю асветы ў краіне спрыяла ўтвораная ў 1773–1775 гг. Адукацыйная камісія. У выніку яе дзейнасці, у прыватнасці, на Беларусі было адчынена 20 акруговых і паўакруговых школ, з якіх тры былі акадэмічныя (у Берасці, Гародні і Наваградку). Але паколькі выкладанне ў іх вялося па-польску, гэта садзейнічала далейшай паланізацыі Беларусі.

Нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя ўмовы, у дзяржаве тым не менш ішло прыкметнае эканамічнае развіццё. Менавіта ў гэты час прадаўжаюць дзейнічаць і засноўваюцца на Беларусі прамысловыя аб’екты. Сярод іх Слуцкая шаўковая мануфактура, дзе вырабляліся славутыя паясы, шкляная мануфактура ва Урэччы, суконная ў Бабоўні, металургічны завод у Вішневе, што працаваў на мясцовай сыравіне, здабываючы жалеза з балотнай руды, суднабудаўнічы завод у Крычаве, будаўніцтва каналаў: Агінскага, які злучаў басейны Нёмана і Дняпра, і Днепра-Бугскага, што злучаў басейны Дняпра, Буга і Віслы.

Значныя дасягненні ў культуры Беларусі могуць характарызаваць тэатры Радзівіла ў Нясвіжы, Агінскага ў Слуцку, Тызенгаўза ў Гародні, выданне ў 1667–1776 гг. «Гродзенскай газеты» (першай у Беларусі). Для развіцця медыцыны ў Беларусі мела вялікае значэнне адкрыццё ў 1775 г. Вышэйшай медыцынскай акадэміі, а для развіцця аграноміі — закладка батанічнага саду там жа, у Гародні. Намнога ўзбагацілі архітэктуру Беларусі збудаваныя ў той час храмы ў в. Вольна (Баранавіцкі р-н), у Жарычах (Слуцкі р-н), у Будславе (Мядзельскі р-н), Каралеўскі палац у Гародні і інш.

На палітычнае жыццё тагачаснай Рэчы Паспалітай вялікі ўплыў аказалі падзеі Французскай рэвалюцыі 1789 г. Наколькі яе ідэі праніклі ў свядомасць перадавых людзей Беларусі, сведчыць гісторыя з мазырскім шляхціцам Іосіфам Яленскім. Калі ён у 1794 г. быў арыштаваны ў Пецярбургу, то ў яго знайшлі паперы, паводле якіх павінна было быць поўнасцю адменена прыгоннае права, уведзена свабода веравызнання, абвешчана роўнасць грамадзян. Быў таксама заклік да сялян і перадавых людзей сваёй дзяржавы выступіць супроць ворагаў. Калі Кацярына II азнаёмілася з гэтымі паперамі, то прыйшла ў жах ад выказанага ў іх закліку да роўнасці.

Патрыятычныя колы Рэчы Паспалітай перш за ўсё бачылі неабходнасць умацавання дзяржаўнай улады. I вось на чатырохгадовым сойме (1788–1792) у гэтым кірунку былі прыняты некаторыя рэформы. У прыватнасці, былі ўнесены некаторыя змены ў адміністрацыйны падзел дзяржавы, у выніку чаго колькасць паветаў у Беларусі ўзрасла да дваццаці. Але найважнейшым вынікам яго дзейнасці было прыняцце ім 3 мая 1791 г. Канстытуцыі, якая для таго часу ўтрымлівала ў сабе важныя прагрэсіўныя моманты. Дзеля ўмацавання дзяржавы ў ёй адмянялася выбарнасць караля. Таксама адмянялася ліберум вета і забараняліся канфедэрацыі. Выканаўчая ўлада ў дзяржаве належала каралю і радзе, якая складалася з прымаса (галоўнага кіраўніка каталіцкай царквы ў Польшчы) і пяці міністраў. Захоўваліся ранейшыя прывілеі шляхты, але адначасова адзначалася неабходнасць яе збліжэння з ніжэйшымі класамі, у прыватнасці з мяшчанствам, дзеля чаго ёй дазвалялася займацца гандлем, што раней не дазвалялася і лічылася для яе ганебнай справай. Разам з гэтым і мяшчанам дазвалялася набываць зямлю і займаць дзяржаўныя і вайсковыя пасады. У склад сойма ўводзіўся 21 прадстаўнік ад мяшчан, але толькі з дарадчым голасам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: