Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Аднак за час знаходжання Смаленшчыны ў складзе BKЛ у ёй, як і ва ўсёй Беларусі, значна пашыралася уніяцтва, што нават у складзе Расіі яно трымала шчыльную сувязь з усёй уніяцкай царквой, пра што яскрава і сведчыць прысутнасць смаленскага епіскапа на гэтым саборы.

Зразумела, што такую масавую веру, якой была уніяцкая, ліквідаваць за кароткі час было немагчыма. Гэтаму найперш перашкодзіла б і шматлікае уніяцкае духавенства. I таму галоўнай задачай ініцыятараў склікання гэтага сінода і было: не ліквідуючы уніяцкай царквы, прыдаць ёй найбольшае падабенства да каталіцкай царквы. Гэтаму і садзейнічалі прынятыя саборам новыя дагматы і абрады уніяцкай царквы. 3 іх галоўнымі былі: прызнаваць непагрэшнасць рымскага папы і маліцца за яго здароўе, верыць у наяўнасць не толькі пекла і раю, але і чысцілішча, адзначаць пакутніцкую смерць Іасафата Кунцэвіча, пасвячаць у святары толькі бязжэнных асобаў, апранацца уніяцкім святарам гэтак жа, як і каталіцкія ксяндзы і інш. Былі таксама ўнесены змены ва ўнутраным выглядзе уніяцкіх храмаў накшталт каталіцкіх касцёлаў.

Пацярпеўшы няўдачу ў пачатку 20-х гадоў XVIII ст. у ганенні праваслаўя дзякуючы заступніцтву за яго Пятра I, польска-каталіцкія колы пасля заканчэння Паўночнай вайны і асабліва пасля смерці Пятра I зноў пачалі гэту перарваную справу. Тым больш што ў гэты час для іх склаліся спрыяльныя абставіны. Рэч у тым, што зараз на расійскім пасадзе пры імператрыцы Анне Іванаўне вялікі ўплыў атрымаў немец Бірон, які дружалюбна адносіўся да Польшчы і таму не мог, як Пётр I, перашкодзіць яе вярхам праводзіць дыскрымінацыйную палітыку супроць праваслаўя. У гэтых адносінах асабліва вызначыўся сойм, які быў скліканы ў 1732 г. у Варшаве. Дарэчы ён, як і папярэднія, не абыходзіўся без сварак і боек паміж дэпутатамі. I спрэчкі на гэтым сойме найперш узніклі паміж дэпутатамі BKЛ і Польшчы, паколькі сойм быў скліканы ў Варшаве, а не ў Гародні, дзе яму трэба было адбыцца па чарговасці. Дык вось гэтым соймам і была ўтворана так званая «Генеральная канфедэрацыя», абавязкам якой з’яўляўся перагляд усіх прывілеяў, якія мела праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай. Паводле яе рэкамендацый было забаронена выбіраць праваслаўных у соймы і розныя трыбуналы, склікаць якія-небудзь з’езды і сходы, прымаць праваслаўных на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Апроч таго, і што самае агіднае, праваслаўным святарам нельга было праводзіць хрэсьбіны, шлюбы і пахаванні без дазволу ксяндзоў і без унясення ўстаноўленай імі аплаты. Дайшло да таго, што пахаванні адбываліся толькі ноччу. Пашырэнню каталіцтва садзейнічала і патрабаванне, каб дзеці ў выніку змешаных шлюбаў запісваліся католікамі. Усё гэта яшчэ раз засведчыла, што каталіцызм быў галоўнай дарогай польскай экспансіі на Беларусі, паколькі пашырэнне яго тут цягнула за сабою ўсё шырэйшую паланізацыю.

Гэты працэс не спыніўся і пры наступным каралі Аўгусце III, які ўступіў на каралеўскі пасад пасля смерці свайго бацькі Аўгуста II ў 1733 г. Паколькі уніяцкая царква ў выніку Замосцкага сабору была ў вялікай меры акаталічана, то зараз зноў набыў масавы характар перавод праваслаўных манастыроў і цэркваў ва уніяцкія. Толькі з 1732 па 1743 г. па Беларускай і Тураўскай епархіях такому пераводу падвергліся 128 манастыроў і цэркваў. Прычым усё гэта суправаджалася гвалтамі над насельніцтвам, забойствамі тых, хто супраціўляўся гэтаму.

Такое наступленне на праваслаўе не магло не выклікаць супраціўлення з боку паасобных дзеячаў царквы. Адным з іх і быў Г. Каніскі, дзейнасць якога была звязана з Беларуссю, калі ён узначаліў у 1755 г. Беларускую епархію (яе цэнтр быў у Магілёве). Ен арганізаваў у Магілёве духоўную семінарыю, чым значна павысіў адукацыю праваслаўнага духавенства, якое вельмі адстала ў гэтых адносінах. Г. Каніскі арганізаваў архіў царкоўных дакументаў, што дало магчымасць выратаваць шэраг манастыроў і цэркваў ад перадачы іх уніятам, паколькі гэта часта рабілася пад выглядам адсутнасці дакументаў на валоданне землямі пад гэтымі манастырамі і цэрквамі. Але як раней праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай, так і Г. Каніскі ў справе абароны яе найперш арыентаваўся на дапамогу Расіі, і таму заўсёды паведамляў у Пецярбург аб усіх ганеннях на праваслаўе з боку каталіцтва і уніяцтва і прасіў аб заступніцтве, у чым яму не адмаўлялі, што толькі ратавала праваслаўе ад канчатковай пагібелі ў Рэчы Паспалітай.

Важнай і, магчыма, выключнай асаблівасцю часу караля Аўгуста III было тое, што з 1736 па 1763 г. Рэч Паспалітая абышлася без войнаў. Здавалася б, што ўсё гэта будзе выкарыстана для ўнутранага ўмацавання дзяржавы, чаго не толькі не атрымалася, але ў гэтым кірунку яшчэ больш пагоршылася. Перастаўшы быць полем бітваў, Рэч Пспалітая стала прахадным дваром для чужаземных армій. Асабліва ў гэтых адносінах цярпела Беларусь. Менавіта перш за ўсё праз яе тэрыторыю рухаліся расійскія войскі, якія ішлі на вайну з іншымі дзяржавамі.

Па-ранейшаму вялікім злом для Рэчы Паспалітай была барацьба паміж магнацкімі родамі за сваё першынство ў дзяржаве. I нездарма ж у беларусаў з’явілася з выпадку гэтага прыказка: «У Польшчы кожны большы». Сапраўды, кожная магнацкая група, паказваючы сваю сілу, імкнулася аслабіць сваіх канкурэнтаў і таму, сабраўшы з падуладнай ёй шляхты і чэлядзі войска, рабіла на іх так званыя «наезды», г. зн. рабаўніцкія напады. Як дзяржаўны сойм, так і павятовыя соймікі суправаджаліся вялікімі спрэчкамі, якія вельмі часта пераходзілі ў бойкі са смяротным зыходам, як гэта было ў Менску, Лідзе і іншых гарадах, дзе па загаду К. Радзівіла былі забіты некалькі няўгодных яму дэпутатаў. Магнаты нават не грэбавалі арганізоўваць казацка-сялянскія атрады, якіх накіроўвалі на разгром маёнткаў сваіх сапернікаў.

Але не абышлося і без самастойных сялянскіх антыфеадальных выступленняў. Асабліва вызначалася па сваім размаху Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гг. ва ўладаннях Радзівілаў. У той час многія феадалы з мэтай больш хуткага атрымання так патрэбных ім грошай на раскошнае жыццё і арганізацыю наездаў, здавалі свае маёнткі ў арэнду багатым яўрэям. Тыя, у сваю чаргу, каб пабольшыць свае прыбыткі, узмацнялі эксплуатацыю сялян, абкладалі іх рознымі паборамі, што выклікала вялікую незадаволенасць, якая і штурхала на масавыя выступленні. Менавіта гэта і адбылося ў Крычаўскім старостве. Паўстанне ўзначаліў селянін Васіль Вашчыла, які ўжо раней вызначаўся як арганізатар сялянскіх выступленняў. У канцы 1743 г. паасобныя сялянскія хваляванні перараслі ў масавае ўзброенае паўстанне з дзвюма тысячамі ўдзельнікаў. Яно было накіравана супроць феадалаў, арандатараў, купцоў, ліхвяроў. Захопліваліся маёнткі і дзялілася іх маёмасць, знішчаліся судовыя і даўгавыя кнігі, у якіх былі зарэгістраваны бязлітасныя прысуды і невыносныя падаткі. Аднак з прычыны стыхійнага характару і слабай узброенасці паўстанне пацярпела паразу. У лютым 1744 г. войска, пасланае Радзівілам, разграміла яго спачатку каля Крычава, а пасля каля в. Царкавішча. Многія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю. Вашчыла, трапіўшы ў турму, захварэў і скора памёр. Усё ж паўстанне, нягледзячы на паразу, мела і пэўныя станоўчыя вынікі. Радзівіл вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі, у тым ліку не даваць свае маёнткі ў арэнду.

Для Рэчы Паспалітай з гэтага часу характэрна было і ўсё большае аслабленне каралеўскай улады, якая фактычна была намінальнай. У гэтых адносінах асабліва паказальны кароль Аўгуст III. Пазбаўлены магчымасці што-небудзь рабіць у кіраванні дзяржавай, ён аказаўся ў стане беспрацоўнага і таму ўвесь час жыў у Дрэздэне, прыязджаючы ў Польшчу толькі на паляванне і на соймы. Там жа ён і памёр у 1763 г., дзе і пахаваны. Абраннем новага караля Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. і адкрыўся час канчатковага распаду Рэчы Паспалітай і яе расцягвання суседзямі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: