Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Агаворка па Фрэйду.

Яе любімай кнігай была брашура «Як дасягнуць поспеху». Сафі падсаджвалася да Адольфа, гартала старонкі, лакаваным пазногцем падкрэслівала патрэбныя, найбольш важныя месцы. Прыступка першая… другая… пятая… І ў канцы кожнай прыступкі — уменне забываць пра няўдачы, а імкнуцца толькі ўверх. Адольфу ўяўляліся галовы і плечы, па якіх трэба караскацца. Ён удыхаў яе пах, быў так зачараваны ёю, што пасля двух-трох выхадных махнуў рукой і перастаў рабіць спробы ў нечым разабрацца. Мінск! — іншая, асобная дзяржава, тут усё магчыма, і такія сем’і, як Сафі з Вадзімам, і «Вольва» з Парыжам, і такія, як Тома, чараўніцы-жанчыны, і праца, дзе нічога не трэба рабіць, пад назваю «авалодванне камп’ютарам»…

Настачка з Дзімам, мілыя, таленавітыя, здаровыя, разумныя дзеці (яшчэ адно дзіва — у такога бацькі) — цешылі Адольфа, як родныя. Яны звалі яго «дзядзька Адольф» — акрамя іх і Тамары, усе астатнія пазбягалі звяртацца да яго па імені, а казалі проста — «вы». Наста даказвала яму, што варона — самая кепская птушка, таму што назва яе — ад слова «вараваць», а таксама дзялілася сваёй бядой: «Ведаеш, мяне яшчэ ні разу ў жыцці не кусала аса, ці хаця б пчала…» Малы Дзімка, якога Адольф паабяцаў навучыць іграць на гармоніку «Чобаты», калі той будзе паслухмяным хлопчыкам, моўчкі ўзяў гармонік, накінуў на плечык шлейку і сыграў пачатак накцюрна Шапэна, не схібіўшы ні ў адной ноце.

На наступныя выхадныя з’яўлялася старэйшае пакаленне. І тут ужо Адольфу даводзілася трымаць вуха востра. Гэта было для яго сапраўдным выпрабаваннем. Томіна маці яшчэ так-сяк; яна толькі настойліва падкрэсліва сваю другаснасць:

— Я тут не гаспадыня, — казала ласкава, а вачыма па-ранейшаму прасвечвала Адольфа, як рэнтгенам.

У сваю чаргу, гледзячы на яе, на гэтую зморшчаную высахлую мумію, Адольф заўсёды асабліва востра адчуваў бязлітаснасць часу, і тое, што чалавек — смяротны.

Але сама няўтульна было з палкоўнікам-адстаўніком. Хаця Адольф і здагадваўся, што насамрэч гэта звычайны які-небудзь былы гэбісцік, невялікі шэранькі кардынальчык, — але тым не менш: з самага пачатку, яшчэ завочна, з Томіных расказаў у санаторыі ён быў акружаны таемным арэолам усемагутнасці. У Тамарынай падачы ён паўставаў як добры маг, чарадзей. Ён робіць візы, пашпарты, мае сувязі, уладкоўвае на блатныя працы, — для яго няма нічога немагчымага. Яшчэ да таго, як яны пазнаёміліся, ён пачаў уплываць — тайна і яўна — на Адольфаў лёс, кіраваць ім, карэкціраваць яго.

Чырванеючы і запінаючыся, Адольф заводзіў размову на тэму гаспадаркі — каб не думалі, што ён ласы на гатовае, звычайны прымак, прыжывала; усяляк хацеў паказаць, што ён станоўчы, гаспадарлівы мужчына, перарабіў, што змог, у кватэры: сантэхніку, лоджыю, і на дачы сёе-тое… Аднак нішто не магло растапіць недавер палкоўніка. Ён слухаў падазрона, ставіўся да Адольфа суха, гмыкаў дэманстратыўна, калі Тамара звала Адольфа па імені, і ўсё маўчаў.

— Чаму ён усё маўчыць? — потым, калі госці адбывалі, скардзіўся Адольф Томе. — Я іх, гэтых маўчуноў, усё жыццё пазбягаю. Недалюбліваю. Ніколі не ведаеш, што ў іх у галаве, добрае ці кепскае; натуральна, думаеш, што кепскае.

— Ды нічога падобнага! — смяялася Тома. — Ты менш да сэрца бяры. Яно табе спатрэбіцца — табе яшчэ медкамісію праходзіць.

— Не! За гэтым маўчаннем — прынцыпы! А я яшчэ больш, чым маўчуноў, баюся прынцыповых. Яны, канечне, справядлівыя, але ўсе жорсткія.

— Перастань. Якія прынцыпы ў старога чалавека? Адзін прынцып — каб нам, дзецям, лягчэй жылося. Ніхто табе не будзе перашкаджаць, а калі б і надумаліся, дык я хутка пастаўлю ўсіх на месца. Ну, хочаш, яны не будуць прыходзіць?

Адольфу прыемна было пачуць — «нам, дзецям». Ён змякчыўся.

— Чаму? — на здароў’е, хай прыходзяць, — высакародна дазволіў ён. — Я пра тое, што памагаць… Але ж нічога не робіцца задарма. За ўсё трэба плаціць. Настроем, свабодай, грашыма… А я нікому не хачу быць павінны.

— Гэта раней можна было так жыць. Незалежна. А цяпер без гэтага ніяк. Людзі на тое і створаны, каб памагаць адно аднаму.

— Гледзячы чым. Грашыма? Я б, напрыклад, не хацеў мець многа грошай. Непрыгожа быць багатым. Страшнавата. Багацце надта да многага абавязвае. Заўсёды на віду… Увесь час думаць толькі пра грошы, каб яны не прапалі, каб іх было яшчэ больш. А на ўсё астатняе проста фізічна не застаецца часу — на творчасць, прыроду, побыт… Беднаму лягчэй, спакайней, прасцей, нават цікавей.

— Ага. Апраўданне ўсіх бедных, — дражніла яго Тома. — Нябось, дай, дык схопіш і пабяжыш хваліцца…

— А вось і не схаплю! А вось і не пабягу! Ну, дай — і сама пабачыш!

— Ёсць бедныя шчаслівыя — і багатыя няшчасныя, — задуменна, летуценна сказала яна. — Я думаю, трэба мера, каб усё з толкам — не выстаўляцца, не свяціцца, не хваліцца…

— Справа, Томка, не ў тым. Не ў грашах. Хаця і ў іх, канечне… Жонку ніяк не магу забыць! Ты прабач ужо. Усё раблю для гэтага. Каб пабачыў хоць раз, ці адазвалася яна, а так — маўчаннем мяне карае, — з горыччу казаў Адольф.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: