Шрифт:
— А чаму ты апраўдваешся? Гэта натуральна. Калі б ты адрэзаў па жывому, мне было б гэта непрыемна, незразумела. А так — лішні раз даказвае, што ты сапраўдны, добры, шчыры, таленавіты… Проста неацэнены. А яе — шкада! Сірата… Такога мужчыну не ўтрымала! Уяўляю, як ёй цяпер! Відаць, перажывае, пакутуе…
— У душы, вядома, пакутуе, — згадзіўся Адольф. — А не трэба быць такой… такой…
Ён не знайшоў патрэбнага слова. Тома працягвала:
— Вось гэта страшна, а не багацце. Я таксама ўвесь час баюся: мы ж будуем сваё шчасце на чужым няшчасці!
— А можа і не перажывае, — сказаў Адольф. — Хто быў ініцыятарам разводу? Не я ж? Значыць, чаго хацела — тое атрымала. Значыць, ёй лепш так.
— З’ездзі ты да яе. Пагаварыце. Супакоіш і сябе, і яе. Ды і дачку з унучкай праведаеш. А то не па-людску…
— Што дачка? — адрэанаая луста! А да Ірыны Бацькаўны, канечне, з’езджу, — няўпэўнена сказаў Адольф. — Вось толькі дачакаюся, калі сын з арміі вернецца. Каб заадно, усё разам. Ды што ёй станецца? Я ж званю, мне перадаюць. Працуе сабе на камвольным. Можа, наадварот, яшчэ і радая…
Тома супакоілася і павесялела.
— Табе трэба новыя ўражанні. Трэба рух. Каб ты менш думаў. Жыццё — веласіпед: пакуль круціш педалі — едзеш, спыніўся — упаў… Трэба загружваць цябе, перабіць умоўны рэфлекс, прывычку… Цяпер жыццё не такое — іншыя каштоўнасці.
ІІІ
Тома ніколі не забывала пра машыну, пры кожным зручным выпадку то жартачкамі, то ўсур’ёз падводзіла Адольфа да працэдуры здачы на правы. Яна расказвала, як пасля вайны ў Германіі пачалася дэпрэсія, немцы співаліся, і амерыканцы прыдумалі наладзіць масавы выпуск «фольксвагенаў», паступова перасадзілі ўсіх у «народныя машынкі» і тым уратавалі нацыю.
Адольф адмахваўся, тлумачыў, што гэта не той выпадак. Ён проста не здатны да машыны. Па тэлевізіі паказваюць адны аварыі, і асацыяцыя чалавека за рулём выклікае толькі віскат тармазоў, пошлае «бу-бух!» — і дзве жалезныя сметніцы адна аб адну, а ў выніку «воз касцей і мора крыві»… У сваім гарадку Адольф жыў каля перакрыжавання, нагледзеўся на такое з балкона.
— А мапед? — нагадвала Тома. — Ты ж ездзіў?
— Што я там ездзіў — па тратуары практычна. Той жа веласіпед, толькі з маторчыкам… Ды я і камісію не прайду!
Яна аж захліпвалася смехам:
— Ты ў якім часе жывеш? І хто мой бацька? Камісію… Прыдумаць жа такое! Ты наіўны такі… Усё ты можаш, ты ідэальны, толькі адстаў ад жыцця гадоў на дваццаць. Нічога — здагонім, я памагу.
Скончылася тым, што адразу пасля Новага года Адольф прайшоў медкамісію і запісаўся на курсы ў аўташколу. Прычым не на паскораныя, а на трохмесячныя — каб усё грунтоўна. Доўга з Томай выбіралі графік (ранішнія групы: 8.30–13, вячэрнія: 18–22, група выхаднога дня, дзённыя: 13.40–17.30), спыніліся на ранішнім варыянце, калі галава свяжэйшая. Для самастойнага вывучэння тэорыі Сафі паставіла яму на камп’ютары ПДР, правілы дарожнага руху, надта зручная штучка, дзе было ўсё: каляровыя дыяграмы, тлумачэнні, дарожныя знакі, тэсты і самыя розныя сітуацыі, якія толькі могуць здарацца з «вадзіламі».
Вучэбны клас. Група з трыццаці чалавек. Самыя розныя ўзросты. Гэтая ўраўнілаўка была асабліва сімпатычная. У асноўным, канечне, вучыліся маладыя дзяўчаты і хлопцы, але была і бабуля з унучкай, і маці з сынам, былі такія, як Адольф, і старэйшыя. Усе ў аднолькавым становішчы. Розум, вопыт не мелі тут ніякага значэння, а трэба было мець талент да гэтага, ці хаця б любіць, як, зрэшты, і ўсялякую справу. Хто любіў — у таго і атрымлівалася.
Спачатку ішло тугавата.
Тэарэтычныя заняткі пачалі не з элементарнага — напрыклад, як завесці машыну і крануцца з месца, або растлумачыць, чаму дарожныя знакі адны круглыя, другія — квадратныя, і чаму яны розных колераў, — а з прыдумвання нейкіх фантастычных сітуацый, ледзь не на ўзроўні: самалёт пасля вымушанай пасадкі на аўтастраду выкаціўся на паласу сустрэчнага руху і рухаецца ў напрамку горада; пры ўездзе ў горад, дзе сапсаваны светлафор, збіліся — грузавая фура справа, гужавы транспарт (конік, упрэжаны ў воз, на якім вясёлы дзядзька з лейцамі ў руках) — на ўзбочыне, веласіпедыст злева, трамвай на павароце, а тут яшчэ коціцца чортаў самалёт… Хто каму павінен саступіць дарогу?
Абсурд гэтых сітуацый, неверагоднасць, складанасць іх увагналі Адольфа ў лёгкую паніку. Тут на дапамогу прыйшла Сафі:
— Не звяртайце ўвагі і з усяго вылучайце галоўнае.
— А што галоўнае?
Аказалася — саступаць дарогу транспарту спецыяльнага прызначэння («членавозам з мігалкамі», сказала Сафі) і да аўтаматызму вывучыць, дзе «права», дзе «лева».
І праўда, гэтыя словы — «права-лева»— неўзабаве набылі велізарнае значэнне. Адольф блытаўся, адчуваў сябе то першакласнікам, то зялёным прызыўніком, траціў каштоўныя секунды, каб скеміць, куды павярнуцца: справа — там, дзе быў пярсцёнак на пальцы, злева — гадзіннік на руцэ… Цяпер ён нават калі ішоў пехам, дык увесь час суадносіўся: злева — «праезджая частка», справа — «пешаходная зона». Да канца курсаў ён нават сваю правую палавіну цела пачаў любіць больш за левую.
Разам з тым яму нечакана спадабаўся гэты новы свет — як чалавеку, якому пачынае рабіццца зразумелай замежная мова. Назіраючы за іншымі, бачачы, што ён не самы горшы, Адольф уцягваўся, зубрыў правілы ПДР, запамінаў знакі, ці, як у іх казалі — вучыўся «чытаць знакі», нароўні з тым, як чытаюць кнігу.
Тое, што здавалася цёмным лесам, прачышчалася, святлела.
Аказваецца, гэтыя строгія правілы, знакі, калі іх разумець і выконваць, някепска дысцыплінуюць. Вось каб яшчэ можна было ў жыцці такія прыдумаць! — у бытавым, прыземленым значэнні. Адкрыў камп’ютар, адгарнуў лісток календара, глянуў — і бачыш свой «дарожны знак-указальнік», які раіць, дзе табе павярнуць, дзе збавіць хуткасць, а дзе і даць задні ход… Колькі б тады знікла розных дурных праблем выбару: жаніцца ці разводзіцца, змяняць працу ці заставацца на старой…