Шрифт:
…Выдатна архітэктурна выкананы мемарыял Хатыні захоўвае для чалавецтва назву кожнай спаленай беларускай вёскі, кожны мёртвы хатынскі двор, кожнае імя хатынца. У жалобным бетонным мартыралогу праходзяць імёны дарослых, падлеткаў, дзяцей — Яскевіч Антон Антонавіч, Яскевіч Алена Сідараўна, Яскевіч Віктар, Яскевіч Ванда, Яскевіч Вера, Яскевіч Надзя (9 год), Яскевіч Уладзік (7 лет), Яскевіч Толік (7 тыдняў), і так усе 149 забітых.
Усе, апроч аднаго — Іосіфа Іосіфавіча Камінскага, які выпадкова выратаваўся з палаючага, набітага людзьмі хлява і ў бронзе паўстаў цяпер з мёртвым сынам на выцягнутых руках. У гэтых ягоных руках усё — і сум, і трагізм, і бязмежная воля да жыцця, якая дала беларусам магчымасць выстаяць і перамагчы…
[1971]
Аляксандр Твардоўскі
Ён доўга і цяжка хварэў, неймаверна пакутуючы, і ўсе, каму дарагая літаратура, не пераставалі сачыць за гэтым амаль двухгадовым адзінаборствам вялікага чалавека са смерцю, у якім, як гэта ні прыкра і ні балюча, урэшце перамагла смерць. Ніколі ўжо больш мы не пабачым ягоную мажную постаць, не сустрэнем ягонага такога зменліва-пранікнёнага позірку, не пачуем голасу, у якім было так шмат рознага — ад шчырае радасці, захаплення да клопату, абурэння і гневу. Так, ён не быў бессмяротны і ўрэшце пайшоў ад нас, і як сціплае суцяшэнне для нас засталіся яго кнігі, яго неўміручыя паэмы, якія доўга яшчэ будуць саграваць чалавечыя душы сваім, назапашаным у іх, святлом.
Ад самай маладосці і амаль праз усё складанае і нялёгкае жыццё яму спадарожнічаў тым не менш надзіва шчаслівы літаратурны лёс. Нячаста гэтак бывае ў мастацтве, каб слава, якая прыйшла да чалавека ў пару яго маладосці, з такой нязменнасцю заставалася вернай яму ўсё жыццё. Але тут, мабыць, справа не так у вартасці самой славы, як у пэўнай удачлівасці яе ўвогуле прывярэдлівага выбару — гэты чалавек, несумненна, заслугоўваў яшчэ большага.
Ён пражыў нямнога болей за 60 год, на працягу якіх ім, можа, больш, чым кім-небудзь іншым, зроблена для росквіту і без таго не беднай на таленты рускай літаратуры.
Глыбока нацыянальны і ў той жа час надзвычай агульначалавечы ягоны герой паўстае са старонак шматлікіх кніг, прысвечаных, як правіла, самым кардынальным момантам пяцідзесяцігадовай савецкай рэчаіснасці — ад карэннай перабудовы сельскай гаспадаркі ў гады калектывізацыі, праз фінскую і Вялікую Айчынную войны, пасляваенны аднаўленчы перыяд, гады заваёвы космасу. Ягоныя паэмы «Краіна Муравія», «Васілій Цёркін», «Дом ля дарогі», «За даллю — даль», «Цёркін на тым свеце» даўно ўжо сталі класікай савецкай паэзіі. Кожная з гэтых паэм была ў свой час з’яваю, за кожнай з іх — складаная гісторыя яе стварэння, крытычныя баталіі ці аднадушнае прызнанне пры іх першым жа паяўленні ў друку. Сапраўды зайздросны лёс!
Як і ў ранейшыя гады, так і цяпер, пасля яго смерці, будзе шмат спроб разгадаць яго паэтычны феномен, адкрыць сакрэт яго надзвычайнай папулярнасці, разабрацца ў багатай разнастайнасці яго творчасці, пачатай больш за сорак пяць год назад невялічкім вершыкам пад сціплаю назвай «Новая хата». Як заўжды ў такіх выпадках, цяжка пазбегнуць пэўнае рызыкі і безумоўнай адноснасці ў вызначэнні паэтычнай сутнасці мастака, аснова якой, вядома, грунтуецца на ягоным адметным таленце. Але, здаецца, ёсць усе падставы сцвярджаць, што ягоную крыштальную па класічнай чысціні паэтыку больш за ўсё вызначае, сярод безлічы іншых талентаў, яго незвычайная і нязменная ў гадах вернасць такім вызначальным у мастацтве катэгорыям, як Праўда, Прастата і Шчырасць.
Думаецца, менавіта гэтыя якасці пры высокай ступені грамадзянскай сумленнасці і адметнасці паэтычнага таленту забяспечылі такое доўгае жыццё яго паэмам, яго сціплай, стрыманай і такой ёмістай на пачуцці лірыцы. Тут, мабыць, яму ў пэўным сэнсе пашанцавала ў самым пачатку, бо тое, да чаго нярэдка прыходзяць пад канец шляху, пасля шэрагу пакутных няўдач і доўгіх пошукаў і без чаго немагчыма мастацтва, калі яно не хоча ператварыцца ў пустую забаўку для снобаў, гэта неабходнае ён спасціг у самым пачатку. У зачыне сваёй «Кнігі пра байца», пералічыўшы тое, без чаго немагчыма на вайне, аўтар выказвае найважнейшую сваю выснову, што «всего иного пуще не прожить наверняка — без чего? Без правды сущей, правды, прямо в душу бьющей, да была б она погуще, как бы ни была горька».
Гэтай яго пранізлівай, «прямо в душу бьющей» праўдай моцна азначаны ўсе ягоныя паэмы, артыкулы, яго выступленні, уся яго ваенная лірыка — ад вершаў, напісаных ім у снягах Карэльскага перашыйка, да славутага «Я забіты пад Ржэвам» або нядаўняга адзінаццацірадкоўя, зусім ужо бяздоннабязлітаснага ў сваёй сэнсавай і эмацыянальнай ёмістасці:
«Я знаю, никакой моей вины в том, что другие не пришли с войны, в том, что они — кто старше, кто моложе — остались там, и не о том же речь, что я их мог, но не сумел сберечь, — речь не о том, но все же, все же, все же…» Можна доўга і падрабязна разважаць аб тым, што датычыць ягоных паэм і вершаў — даўніх і напісаных у апошняе дзесяцігоддзе, аб яго чалавечых і грамадзянскіх якасцях. Пісаў ён увогуле небагата і ў апошні час друкаваўся мала, затое кожны яго радок быў радасцю для чытача незалежна ад таго, ці гэта кароткі лірычны верш накшталт прыведзенага вышэй, або «В живых-то меня уже нету…», ці грунтоўны літаратуразнаўчы артыкул, як, напрыклад, аб творчасці I. Буніна, ці прадмова да чыіх-небудзь публікацый у часопісе, які ён шмат год узначальваў. Некалькі год назад надрукаваны яго дзённікі-ўспаміны «З Карэльскага перашыйка», якія не маглі не ўразіць кожнага сваёю ўзноўленай навізной у адлюстраванні той невялікай, амаль ужо забытай вайны. Цікава заўважыць, што гэта невялічкая рэч адкрывае сабой выразна акрэсленыя вытокі Твардоўскага-баталіста, аўтара бессмяротнай «Кнігі пра байца». Менавіта там зімою 1940 года з’явілася для яго тэма Васіля Цёркіна, якую затым ён пранёс усю пакутна доўгую Айчынную вайну і якая канчаткова замацавала за ім славу аднаго з самых лепшых савецкіх паэтаў.
Апрача шмат якіх іншых якасцей, у гэтых запісках уражвае незвычайная аўтарская назіральнасць, яго надзіва свежая, нічым не замутнёная памяць, якая проста неверагодная без нечага істотна-душэўнага, чым валодае далёка не кожны з нашых нават і таленавітых мастакоў. Мастацкая дакладнасць кожнай самай нязначнай на першы погляд дэталі, глыбінная пранікнёнасць думкі, адсутнасць нават аддаленага напамінку на другаснасць, рэмінісцэнтнасць пры выразнай наяўнасці сапраўды гуманістычнае першаасновы збліжаюць гэтую прозу з самымі лепшымі творамі рускай літаратуры і найперш — з «Севастопальскімі апавяданнямі» Л. Талстога. Абедзве гэтыя рэчы ляжаць у гуманістычным рэчышчы сусветнай літаратуры на тэму вайны.