Шрифт:
У выдадзеным пазней альбоме Алесь Міхайлавіч нешта скарыстаў, працытаваў. Але значная частка запісаў так і засталася неапрацаванай, ненадрукаванай. Алесь Міхайлавіч звычайна карыстаўся дапамогай стэнаграфістак, машыністак, а тут ён не звяртаўся да іх па дапамогу. Мусіць, у яго былі на тое прычыны. І да апошняга часу пра дыялог (калі так можна сказаць) ніхто не ведаў. Ён захоўваўся ў архіве Алеся Міхайлавіча. Тэкст я аддала Васілю Уладзіміравічу Быкаву ў дзень яго нараджэння разам з кветкамі тады, калі ўжо не стала з намі Алеся Міхайлавіча.
Прайшоў час, і да мяне звярнуўся галоўны рэдактар часопіса „Нёман“, каб перадала тэкст для апублікавання. Я адказала: „Толькі са згоды Быкава“. А Васіль Уладзіміравіч сказаў: „Хай паляжыць“.
І вось новая просьба, на гэты раз з рэдакцыі часопіса „Полымя“. Галоўны рэдактар С. І. Законнікаў сказаў маёй дачцэ Наталлі, што Васіль Уладзіміравіч згадзіўся на публікацыю. Яна і перадала Сяргею Іванавічу запіс гутаркі, ці, як назваў яе Алесь Міхайлавіч, аўтабіяграфіі».
Між тым, як вынікае з уступнага слова да «Маладых гадоў», працу над гутаркай Быкаў працягваў нават пасля публікацыі ў «Полымі» — у жніўні 2001 г. Больш за тое, менавіта гэтая гутарка падштурхнула Васіля Уладзіміравіча распачаць працу над кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому» — сам ён распавядаў: «В прошлом году тогда еще не реорганизованный в „холдинг“ журнал „Полымя“ напечатал мою пространную беседу с покойным Алесем Адамовичем. Ввиду ее почти 20-летней давности она не удовлетворила постаревшего автора, который усердно принялся ее исправлять, сокращать, переделывать. И так втянулся в свое пережитое прошлое, что за зиму не сумел от него оторваться. (Известно, как стариков увлекают рассказы о пережитом, и я здесь не стал исключением.) К сожалению или к счастью — не знаю, но написал книгу — не очень умную и интересную, но о том, что так или иначе показалось мне важным в моей жизни и литературной судьбе».
Трэба таксама заўважыць, што калі ў 2002 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» паўстала пытанне пра выданне Збору твораў Быкава ў 8-мі тамах, Васіль Уладзіміравіч хацеў распачаць яго менавіта «Маладымі гадамі», аднак Збор твораў так і не выйшаў.
У гэтым выданні гутарка друкуецца з захаваннем аўтарскага правапісу.
Стар. 5. Маладыя гады, маладыя жаданні… — Радок з верша «Маладыя гады…» Максіма Багдановіча (1891–1917), беларускага паэта, класіка беларускай літаратуры.
Стар. 5. Твардоўскі Аляксандр Трыфанавіч (1910–1971) — расійскі паэт; галоўны рэдактар часоп. «Новый мир» (1950–1954, 1958–1970).
Стар. 7. …прыйшло нейкае свята, магчыма, Сёмуха… — Сёмуха (таксама Сёдмуха, Сёмка, Троіца, Зелянец, Зялёныя Святкі) — злучальнае звяно паміж прыроднымі сезонамі, гаспадарчымі цыкламі, станамі і формамі грамадскіх стасункаў і дачыненняў. Сёмуха належыць да ліку святаў, якія не маюць выразна акрэсленай даты і адзначаюцца ў залежнасці ад Вялікадня.
Стар. 7. Уладзімір Хведаравіч Быкаў (1888–1969).
Стар. 8. …пачалася Першая сусветная вайна… — 28 ліпеня 1914 г. Стар. 8. …быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію… — Маецца на ўвазе армія Аляксандра Самсонава (1859–1914), рускага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, генерала ад кавалерыі.
Стар. 8. Ну, і яшчэ бацька быў на Грамадзянскай вайне… — Грамадзянская вайна ў Расіі адбывалася ў 1917–1923 гг.
Стар. 8. Ганна Рыгораўна Быкава (у дзявоц. Скрыбатун; 1895–1984).
Стар. 8. …была яшчэ старэйшая зя мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… — Дачка ад першага шлюбу Ганны Рыгораўны.
Стар. 8. Пасля мяне нарадзілася сястра Валя… — У 1926 г.
Стар. 10. Хата тая і дасюль стаіць, пасля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. — Цяпер тут жыве жонка М. Быкава Антаніна Быкава (нар. у 1938) разам з сынам Мікалаем.
Стар. 10. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова… — Лынькоў Міхась (1899–1975) — беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч; народны пісьменнік БССР (1962).
Стар. 10. Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўналягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». — «Царэўна-лягушка» — руская народная казка. «Канёк-гарбунок» — сказка Пятра Яршова (1815–1869), рускага паэта, празаіка, драматурга.
Стар. 11. …нешта пра Парыжскую камуну… — Парыжская камуна — рэвалюцыйны ўрад г. Парыжа (Францыя) падчас падзей 1871 г., калі ў выніку рэвалюцыі ўсталявалася самакіраўніцтва, якое доўжылася 72 дні.
Стар. 12. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані»… — Дакладней — «Чапаеў», карціна Яўгенія Зайцава (1908–1992), беларускага мастака; народнага мастака БССР (1963).
Стар. 13. …ад Жуля Верна да нашага Янкі Маўра… — Верн Жуль (1828–1905) — французскі географ і пісьменнік; класік прыгодніцкай літаратуры; адзін з пачынальнікаў навуковай фантастыкі. Маўр Янка (сапр. Фёдараў Іван; 1883–1971) — беларускі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры.
Стар. 13. «Як гартавалася сталь» — Раман Мікалая Астроўскага (1904–1936), расійскага пісьменніка.
Стар. 13. Тады я адолеў «Вайну і мір», тры тамы «Ціхага Дону», шмат што з Ганчарова, Тургенева, а таксама Зарэцкага, Гартнага, Галавача. Доўга нідзе не мог дастаць коласаўскую «Дрыгву»… — «Вайна і мір» — раман Льва Талстога (1828–1910), рускага пісьменніка, класіка рускай літаратуры. Ганчароў Іван (1812–1891) — рускі пісьменнік. Тургенеў Іван (1818–1883) — рускі празаік, паэт, публіцыст, драматург. Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл; 1901–1937) — беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык; у 1937 г. асуджаны пазасудовым органам НКУС як «актыўны член нацыяналфашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання; у 1957 г. рэабілітаваны (пасмяротна). Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер; 1887–1937) — беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч; арыштаваны ў 1936 г.; памёр у 1937 г. у Магілёўскай псіхіятрычнай лячэбніцы. Галавач Платон (1903–1937) — беларускі пісьменнік, рэдактар; у 1937 г. асуджаны пазасудовым органам НКУС як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецкафашысцкай дзейнасці» да вышэйшай меры пакарання; у 1956 г. рэабілітаваны (пасмяротна). «Дрыгва» — аповесць Якуба Коласа (сапр. Міцкевіч Канстанцін; 1882–1956), народнага паэта БССР (1926), класіка беларускай літаратуры.