Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Стар. 102. …катэгарычны імператыў Канта… — Кант Імануіл (1724–1804) — нямецкі філосаф, пачынальнік нямецкай класічнай філасофіі.

Стар. 103. …у Маркса… — Маркс Карл (1818–1883) — нямецкі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, пісьменнік, грамадскі дзеяч; яго філасофскія і навуковыя працы сталі падмуркам камуністычнага і сацыялістычнага руху і ідэалогіі і атрымалі назву «марксізм».

Стар. 104. У шасцідзесятым было лягчэй, яшчэ ліпела адліга, друкавалі Салжаніцына. — Салжаніцын Аляксандр (1918–2008) — расійскі празаік, драматург, паэт; лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1970). У 1974 г. быў дэпартаваны з СССР. У 1976–1994 гг. жыў у ЗША. У маі 1994 г. вярнуўся ў Расію. «Один день Ивана Денисовича» — пад такой назвай у 1962 г. была надрукавана А. Твардоўскім у часоп. «Новый мир» (№ 11) аповесць Салжаніцына «Щ-854 (Один день одного зэка)», санкцыю на публікацыю даў асабіста М. Хрушчоў. У 1963 г. у «Новом мире» (№ 1) былі надрукаваныя апавяданні Салжаніцына «Матрёнин двор» (аўтарская назва — «Не стоит село без праведника») і «Случай на станции Кочеткова» (аўтарская назва — «Случай на станции Кречетовка»), у № 7 — апавяданне «Для пользы дела». Аднак з прыходам да ўлады Л. Брэжнева (у 1964 г.) Салжаніцын згубіў усялякую магчымасць легальна друкавацца ў СССР.

Стар. 105. Хоць і яго аўтарытэту было замала, каб абараніцца і абараніць нас ад сеўрукаў, што і згубіла яго. — Сеўрук Уладзімір (1932–2005) — адказны супрацоўнік ЦК КПСС (намеснік загадчыка, затым загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС); у далейшым — намеснік галоўнага рэдактара газ. «Известия», галоўны рэдактар газ. «Неделя»; у 1998–2003 гг. супрацоўнік апарата Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Кар’ерны рост У. Сеўрука, у той час аспіранта Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, пачаўся пасля публікацыі ў 1966 г. у газ. «Правда» яго артыкула «Правда о великой войне», у якой аповесць «Мёртвым не баліць» была названа «неудачей автора». «Об этом нужно сказать прямо и бескомпромиссно, — заключаў Сеўрук. — Эта неудача — следствие серьезных идейно-эстетических просчетов писателя». З таго часу творчасць і лёс В. Быкава знаходзіліся пад яго пастаянным наглядам.

Стар. 105. (Карпюка дык адразу выключылі і знялі з работы ды яшчэ збіраліся аддаць пад суд.) — У 1970 г. А. Карпюк быў пазбаўлены пасады старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, праз два гады выключаны з КПСС. Апроч таго, на яго паспрабавалі завесці крымінальную справу, згодна з якой ён у гады вайны нібыта быў завербаваны ў канцлагеры. Прычыну пераследу Карпюк назваў у сваіх успамінах: «Спачатку паклікаў мяне сакратар абкама партыі па прапагандзе Аляксандр Восіпавіч Ульяновіч ды паставіў пытанне рубам: я, камуніст, думаю крытыкаваць „распоясавшегося“ Быкава за ачарненне савецкай рэчаіснасці ці не думаю? Абавязак гэта сакратара аддзялення СП БССР — у першую чаргу, ці ён за так грошы дзяржаўныя атрымлівае?

Пачаў я даводзіць, што Васіль ачарняць нікога і не думае. Ён сваіх герояў выводзіць аголенымі жыламі і не патрабуе аніякіх падказчыкаў. Што ў быкаўскіх аповесцях не антысаветызм, а суровая праўда жыцця ў спалучэнні з любоўю да чалавека ды болем за Радзіму. Што Быкаў сам, хоць і беспартыйны, піша з чысцейшых партыйных пазіцый. Што за ім будучыня, таму аўтара такога не крытыкаваць трэба, а вылучаць на Дзяржаўную прэмію ды яшчэ яму лепшую кватэру даць!

Сакратар абкама доўга да мяне прыглядаўся і аб нечым так глыбакадумна сам з сабой разважаў, бытта ўвесь да краёў быў нашпігаваны не абы-якімі весткамі. Нарэшце сказаў:

— Яшчэ і прэмію яму, ха! А за што, бо піша? Пішам мы ўсе — у тым ліку і я! А наконт партыйнасці мы разбіраемся, напэўна, лепш! І з кватэрай у яго — нічога страшнага! У камуналцы жыве? Ну і што — многія жывуць так!..

Яшчэ хвіліну падумаў:

— Значыць, удзельнічаць у перавыхаванні Быкава адмаўляецеся. Што ж, цяпер наракайце на сябе. І з вамі зробім тое самае, што з Клейнам. Аддзелім вас ад яго! Адлучым ад яго вас абоіх, пазбавім вашага ўплыву — адумаецца і ён!

І праўда, неўзабаве навіна — КДБ вядзе допыт знаёмых, капаецца ў маёй біяграфіі.

Зноў пачалі прыдзірацца да жонкі на рабоце, а дачку скланяць на нарадах за ўдзел у ідэйна шкодным клубе, хоць яна дарогу ведала толькі са школы — дамоў.

Папярэдзілі Максіма Танка, каб запатрабаваў ад мяне заяву аб звальненні з пасады сакратара аддзялення СП у Гродне.

Апрача „Нового мира“, усе рэдакцыі вярнулі мне рукапісы».

1957
«Юнацтва ў дарозе» (стар. 106)

Друкуецца паводле газ. «Гродзенская праўда», 1957, 26 студз., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Крытыка і бібліяграфія». Адначасова друкавалася ў пер. на рус. мову — Гродненская правда, 1957, 26 студз. пад назвай «Юнацтва ў дарозе».

Датуецца часам першай публікацыі.

Рэцэнзія на аповесць «Юнацтва ў дарозе» (Полымя, 1956, № 11) Рамана Сабаленкі (1907–1975), беларускага пісьменніка.

Стар. 109. …наблізіўся да мовы К. Чорнага. — Чорны Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай; 1900–1944) — беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст; класік беларускай літаратуры.

1958
Кніга аб бессмяротным подзвігу (стар. 110)

Друкуецца паводле газ. «Гродзенская праўда», 1958, 29 крас., дзе ўпершыню апублікавана ў рубрыцы «Бібліяграфія».

Датуецца часам першай публікацыі.

Рэцэнзія на кнігу «В поисках героев Брестской крепости» (М., 1957) Сяргея Сяргеевіча Смірнова (1915–1976), расійскага пісьменніка.

Аўтабіяграфія (стар. 112)

Друкуецца паводле арыгінала рукапісу (2 арк.) за подпісам В. Быкава, які захоўваецца ў асабістай справе В. Быкава ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў (далей — СБП). Упершыню — Шапран С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Мінск — Гародня, 2009.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: