Шрифт:
Стар. 142. …або наступлення на Волзе. — У машынапісе: «или наступления на Волге, под Курском и Киевом».
Стар. 142. Пэўная прадузятасць доўгі час… — У машынапісе і часоп. публікацыі: «Ведь не что иное, как закостенелые догмы известного периода вплоть до 1953 года».
Стар. 142. І з гэтай прычыны памятнае выступленне С. С. Смірнова з нарысамі аб абаронцах Брэсцкай крэпасці прагучала адкрыццём у нашай літаратуры. — У часоп. публікацыі далей ідзе: «(В этом отношении в примере С. С. Смирнова мне видится незаурядный гражданский и писательский подвиг.)».
Стар. 142. І думаецца: якія з сучасных чалавечых эмоцый па сваёй глыбіні і сіле можна параўнаць з горам людзей, жорстка абпаленых вайной? — У машынапісе і часоп. публікацыі далей ідзе: «Так может ли безучастно отнестись к этому наша литература?!»
Стар. 142. Беларуская зямля… — У машынапісе: «Русская, белорусская, украинская земля». У часоп. публікацыі: «Белорусская, да и украинская земля».
Стар. 143. Як жа можна дазволіць завянуць гэтаму братэрству… — У машынапісе далей ідзе з новага абзаца: «Тема минувшей войны современна и еще долго будет оставаться хотя бы потому, что каждая ее грань под пером настоящего таланта всякий раз сверкает по-своему, но неизменно ярко и значительно. Сколько уже написано о войне на множестве языков мира; но, несмотря на то, что писать о ней становится все трудней, появляются все новые и новые произведения, радующие, а порой и потрясающие читателя своею правдой и глубиной. И тут нет пределов, возможности этой темы безграничны».
Стар. 143. …цяпер, у час новага ўздыму германскага рэваншызму, як можна лічыць пазбаўленымі сучаснага значэння народныя слёзы, калі злачынцы не пакараны і зноў абдумваюць сваю чорную справу. […] Вельмі хацелася б, каб вечна жылі ў людзях вялікія пачуцці братэрства, любові і нянавісці, народжаныя мінулай вайной. — Гэта фрагмент адсутнічае ў машынапісе, але ёсць у часоп. публікацыі (пры перадруку ў кн. «Праўдай адзінай» у гэтым фрагменце зроблены невялікія скарачэнні).
Апроч таго, у БДАМЛМ (ф. 12, воп. 1, адз. зах. 885, арк. 14–28) захоўваецца арыгінал аўтарызаванага машынапісу гэтага артыкула з нязначнай стылёвай праўкай пад назвай «Сучаснасць — у праўдзе». На апошнім, 15-м арк. подпіс В. Быкава і памета: «14 снежня 1962 г., Гродна». Гэта, мусіць, адзін з варыянтаў артыкула «Жывыя — памяці мёртвых», які істотна адрозніваецца ад публікацыі ў кн. «Праўдай адзінай». Машынапіс быў прапанаваны пісьменнікам рэдакцыі газ. «Літ. і мастацтва», але не быў надрукаваны і ў красавіку 1963 г. здадзены ў архіў.
Сапраўды, гэта вельмі важна — вызначыць нейкія спецыфічныя рысы літаратуры нашага часу, стыль яе ў век кібернетыкі, тэрмаядзерных энергій, прарыву ў космас. Думаецца, аднак, што сцвярджэнні пра абумоўленасць развіцця мастацтва дасягненнямі навукі і нейкай якаснай эвалюцыяй чалавечай псіхалогіі наўрад ці правамерныя. Безумоўна, навука і асабліва тэхніка, нейкім чынам уплываючы на чалавека, падняліся ў сваім паступальным развіцці вельмі высока, аднак не трэба забывацца пры гэтым, што практычнае ўздзеянне большасці іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта вельмі нязначнае. Людзі за гэты фенаменальны ў гісторыі тэхнікі перыяд, як сказаў нядаўна Рэмарк, на жаль, не сталі адзін да другога бліжэй, а наша літаратура і мастацтва толькі яшчэ дабіраюцца да чорнага хлеба праўды, па якім так згаладаліся за шмат гадоў культу вусатай пачвары. Відаць, у гэтым галоўны парадокс нашага часу, які прымушае задумацца аб многім.
У гэтым артыкуле хацелася б падзяліцца некаторымі думкамі, звязанымі з праблемай сучаснасці, яе стылю і зместу прымяняльна да ваеннай літаратуры.
Сямнаццаць гадоў, якія мінулі пасля сканчэння вайны, многім даюць падставу лічыць ваенную тэму амаль што гістарычнай. Не так многа знаходзіцца тых, хто называе яе ў раду іншых тэм сучаснасці, большасць справядліва мяркуе, што людзі жывуць цяпер іншымі клопатамі, прагнуць міру, ды і калі кожная наступная вайна не паўтарае характару папярэдняй, то чаму, маўляў, у такім разе могуць навучыць урокі мінулай вайны? І да таго ж — столькі ўжо напісана аб ёй!
Так, напісана нямала. Не так ужо многа добра і праўдзіва, больш — пасрэдна і, вядома, нямала дрэнна або, як цяпер гавораць, — несучасна. Але чым далей адсоўвае час гэта найвялікшае з народных выпрабаванняў, тым больш настойліва адчуваецца ў літаратуры імкненне асэнсаваць многае з яго, многае зразумець і захаваць у чалавечай памяці. Урокі вайны, аказваецца, вучаць сёння вельмі і вельмі многаму, указуючы палец іх працягнуты праз галовы пакаленняў у будучыню. І з кожным годам, з кожнай новай кнігай яно, гэтае асэнсаванне, ідзе ўглыб і ўшыр, і тэма вайны гучыць усё больш сучасна. Удача ж або няўдача гэтай часткі літаратуры залежыць хутчэй ад праўдзівасці (зразумела, і ад таленту) пісьменніка, чым ад спецыфікі гэтай спрадвечнай тэмы.
Саракавыя гады далі нашай літаратуры рад выдатных вобразаў герояў. Маральную сутнасць гэтых вобразаў парадзілі тыя высокія і суровыя патрабаванні, якія вайна прад’явіла да грамадзян — абаронцаў Радзімы. Жыццёвымі прататыпамі іх з’явіліся героі з вялікай літары: А. Матросаў, М. Гастэла, В. Смірноў, А. Кашавы і тысячы другіх. Гераізм, высокая самаадданасць, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага — вось якасці, у вельмі вялікай меры ўласцівыя гэтым людзям. І таму зразумела, што асноўным і галоўным матывам твораў тых гадоў аб вайне быў гераізм ва ўсіх яго яўных праяўленнях.