Шрифт:
Аднак мастацкі ўзровень многіх з кніг аб вайне вымушаў жадаць лепшага. І гэта зразумела. У першы пасляваенны час пісьменнікі, ідучы па гарачых слядах падзей, не мелі парой ні часу, ні магчымасці для глыбокага асэнсавання ўсіх праяўленняў вайны і пераламленняў у ёй чалавечага лёсу. Па гэтай і іншых прычынах многім з іх не ўдалося сучасна і праўдзіва паказаць усе даволі складаныя ў сваёй узаемаабумоўленасці перыпетыі народнай барацьбы з ворагам. Часта адсутнасць дастатковага асабістага вопыту ў вайне прыводзіла нават вопытных і таленавітых аўтараў да прадузятасці ідэй і схематычнасці вобразаў. Карціны барацьбы выходзілі бледныя, пазбаўленыя пераканаўчай канкрэтнасці.
Няма патрэбы называць падобныя творы, яны не рэдкасць у нашай літаратуры. Хіба мала напісана аб вайне мовай «благополучногероических» штампаў, перанятых з узнагародных лістоў, як часта распісаны сітуацыі, калі героі прыходзяць у сябе іменна ў момант прыбліжэння танка (не пазней), метка наводзяць (а як жа інакш!) і ўраз прабіваюць браню; лётчыкі падбітага самалёта з незразумелай самаахвярнасцю адкідваюць парашуты і накіроўваюць ахопленыя полымем машыны на скапленне (абавязкова скапленне) тэхнікі ворага; камісары для падняцця духу байцоў паяўляюцца на флангах у самыя крытычныя моманты, але ні на мінуту пазней; а якая-небудзь партызанская цётка, арудуючы аўтаматам не горш, чым рагачом, бярэ ў палон чатырох эсэсаўцаў. Як мала тут мастацтва і сапраўднага ад той вялікай барацьбы народа, якую ён вёў 4 гады, а галоўнае — як мала праўды. Ды і адкуль ёй быць, калі ўсё гэта стваралася па метаду кабінетнага сацыніцельства без дастатковага ведання і разумення гісторыі і прыроды вайны, на падставе літаратурных (чытай: газетных) крыніц, гутарак на хаду з удзельнікамі партызанскага руху, той або іншай аперацыі і г. д.
У выдадзенай, больш правільна — перавыдадзенай у 1961 г. кніжцы Ц. Жураўлёва «Была вайна» (апавяданні, напісаныя ў гады вайны) выступаюць гэткія байцы-ўдальцы, якім усё хоць бы што, якім «пархатага немца» абвесці вакол пальца ўсё роўна што выкурыць цыгарку.
«— Немца обмануть — это дело нехитрое, — разважае сяржант з апавядання „Самі з вусамі“. — А вот был у нас, товариш капитан, один ефрейтор в батальоне, Егор Иванович Калина, так он, можно сказать, обманул всю немецкую дивизию. На что командир дивизии был у нас такой глазастый… а то и тот признался, что Калина глаза ему раскрыл на всю операцию»…
У апавяданні расказваецца пра гэты «падман», да сутнасці якога няцяжка дадумацца любому чатырохкласніку. А аўтар глыбакадумна апавядае, як выскачылі байцы ў траншэю ў два канцы, нібы «тридцаць три богатыря из-под земли, с Черномором, а тут уж тебе ни колючек, ни огня…». І ўсё тут ёсць: кемлівасць, хітрасць, храбрасць, доблесць — у гэтым кароценькім апавяданні, акрамя аднаго — праўды.
У першыя пасляваенныя гады кніг аб вайне, напісаных непасрэднымі яе ўдзельнікамі, было ў нас не так ужо і многа. Прыпамінаецца бязлітасна праўдзівая «У акопах Сталінграда» В. Някрасава, першая кніга «Белай бярозы» — В. Бубёнава, аповесці Эм. Казакевіча, А. Ганчара, раман І. Мележа. Большасць ваенных кніжак ствараліся або пісьменнікамі-прафесіяналамі, або ваеннымі журналістамі, якія не мелі з прычыны іх абмежаванага ўдзелу ў баявых дзеяннях ведаў і ўражанняў, дастатковых для напісання грунтоўнага твора аб вайне. Гэтым у значнай ступені тлумачацца многія з няўдач ваеннай літаратуры, бо ні вывучэнне матэрыялу, ні паказанні сведак не могуць замяніць таго, што не ўбачана і не перажыта. Відавочна для таго, каб апісаць пачуцце чалавека ў баі, у атацы, патрэба самому гэта пазнаць. Пры гэтым зразумела, што ўдзел у баі радавым не раўназначны ўдзелу ў ім у якасці камандзіра, на плячах якога велізарнай цяжкасцю, што часта падаўляе нават прыроднае пачуццё самазахавання, ляжыць асабістая адказнасць за такое цяжка сумяшчальнае, як жыццё падначаленых і выкананне баявой задачы. Маральны цяжар падобнай справы можа ўявіць сабе толькі той, хто не раз перажыў яе.
Але вось мінуў час, вярнуліся з вайны і падвучыліся яе радавыя ўдзельнікі. Гэта былі людзі, якія многае пабачылі і многа перажылі. Версіфікатарства і літаратурныя рэмінісцэнцыі ўжо не змаглі спакусіць іх. Асабісты вопыт іх быў надзвычай каштоўны па прычыне яго гістарычнай унікальнасці. Гэтыя людзі не маглі напісаць: «над галавой свісталі кулі», бо кожны франтавік ведае, што палёт куль з сучаснай зброі нават прыблізна нельга вызначыць свістам. І вось паявіліся кнігі, адразу ж прызнаныя і ацэненыя і ўдзельнікамі вайны, і тымі, хто яе ніколі не бачыў. Я маю на ўвазе перш за ўсё аповесці Ю. Бондарава, Г. Бакланава, апавяданні В. Някрасава, невялічкую кніжачку М. Пархомава і некаторыя іншыя. Упершыню чытач убачыў у іх сапраўдны твар вайны, сілаю талента аўтара быў як бы перанесены на поле бою і зноў адчуў сябе ўдзельнікам небывалай па сваім напружанні барацьбы. Мноства дакладна і правільна схопленых дэталей, падрабязнасцей бою і франтавога быту, эмацыянальная паўната і дакладнасць перажыванняў — усё гэта разам стварала шчырую праўду вайны.
Прызнаючы заслужаны поспех такіх твораў, як «Паўднёвей ад галоўнага ўдару» Г. Бакланава, «Батальёны просяць агню» Ю. Бондарава і асабліва іх жа «Пядзі зямлі» і «Апошніх залпаў», крытыка спачатку нават збянтэжылася: дзе ж герой? Прапаў герой у прывычным яго разуменні — чалавек з бяздумнай самаадданасцю, падкрэсленай гатоўнасцю да самаахвяравання; у гэтых кнігах ніхто не закрываў амбразур дзотаў і не кідаўся са звязкамі гранат пад танкі. Капітан Новікаў пры ўсёй яго сабранасці і храбрасці гіне пад залпам сваіх жа «кацюш», лейтэнант Матавілаў схільны да рэфлексіі і адчувае вайну як салдат, пазбаўлены ў яе аналізе маштабаў, уласцівых, прынамсі, начальніку штаба фронту. Аказалася таксама, што на вайне можа спалохацца нават і савецкі воін, і што і яму бывае вельмі нялёгка, і здараецца, што гіне ён пры самых няздатных для гэтага сітуацыях і нават без патрыятычных воклічаў (успомніць смерць камбата Бабіна), і што поруч з доблесцю і мужнасцю на фронце ўжываюцца таксама і подласць, кар’ерызм (Яцэнка, Іверзеў), баязлівасць і нізасць (Мезенцаў, Ішчанка).
Усё гэта было новае, непрывычнае і таму выклікала разнатолкі і розныя агаворкі нават пасля прызнання аўтарскіх удач. Паявіліся разважанні аб вузкасці бакланаўскага плацдарма ў тым сэнсе, што цяжкасці баёў, якія Г. Бакланаў з геаграфічнай дакладнасцю «прывязаў» да днястроўскіх плацдармаў Трэцяга Украінскага фронту ў 1955 г., не былі характэрныя для ўсіх франтоў у цэлым. Аўтара «Пядзі зямлі» папракалі ў згушчэнні фарбаў, у прыземленасці герояў і нават у «рэмаркізме» (кроў на хлебе).
Але мне здаецца, што некаторая прыземленасць, сапраўды ўласцівая аповесці Г. Бакланава, зусім не пашкодзіла ёй, як гэта іншым на першы погляд здалося. Яна канкрэтызавала карціны баёў і вобразы салдат і афіцэраў, напоўніла іх плоццю і пачуццямі, не выдуманымі, а рэальнымі, за кожным з імён аповесці стаіць сапраўды жывы чалавек, прытым ва ўсёй яго складанасці. Мы бачым яго і верым яму, бо ён пазбаўлен і намёку на позу, жэст, ён без фальшывага пафасу і ўвесь праўда, падмечаная мастаком-сведкам. І ад гэтага не пахіснуўся яго патрыятызм, яго вернасць воінскаму абавязку, ён не замкнуўся ў сваю шкарлупіну і хоць не вымаўляе лозунгаў, але ён мысліць, і мысліць зусім не вузка.
Ды і вузкасць плацдарма — паняцце, вядома, умоўнае. Не так важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой, куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае прытым. Героі ж Г. Бакланава хоць і глядзяць з НП камандзіра ўзвода ўпраўлення батарэі, з варонкі, з назіральнай шчыліны танка і бачаць, можа быць, не надта шырока, але затое ўсё тое, што яны бачаць, ёсць праўда вайны; пачуцці ж іх поўны да краёў. Справа нарэшце не ў тым, паказана ў баі аддзяленне або полк, баец або камандарм, — справа ў асэнсаванні сябе і бліжніх, барацьбы, народа, ворага. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным героі — салдаце (напрыклад, Васіліі Цёркіне) увасабляецца вельмі многа, і ведаем прыклады адваротнага парадку — калі самы шырокі размах у ахопе падзей вайны і тылу нічога не даў літаратуры з-за бегласці, скорагаворкі, коўзання па паверхні падзей.