Шрифт:
Кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, і свята шануе памяць ахвяр, панесеных у імя гэтых перамог. У французаў ёсць Арадур, у чэхаў — Лідзіцэ. Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў — Хатынь, якая прадстаўляе некалькі сотняў беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі.
…Крывавая трагедыя гэтага ляснога паселішча ў 26 двароў адбылася 22 сакавіка 1943 года, калі атрад нямецкіх карнікаў нечакана акружыў вёску. Фашысты сагналі хатынцаў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто хацеў уратавацца ад агню, расстралялі з кулямётаў. 149 чалавек, з іх 76 дзяцей, назаўсёды засталіся ў гэтай жахлівай магіле.
Сонечны сакавіцкі дзень сорак трэцяга года аказаўся апошнім днём Хатыні, але страшны лёс яе, як і многіх іншых вёсак Беларусі, быў вызначаны задоўга да яе фактычнай пагібелі.
Скрупулёзна распрацоўваючы шматлікія аспекты вайны супраць Савецкага Саюза, Гітлер разам з лёсам усяго беларускага народа ўлічыў і Хатынь. Паводле плана «Ост», прынятага фашысцкай вярхушкай у 1941 годзе, тры чвэрці беларусаў прадугледжвалася выселіць з іх тэрыторыі, а астатніх анямечыць, ператварыўшы ў бесславесных нявольнікаў нямецкіх каланістаў.
Але, на здзіўленне гітлераўскіх заправіл, гэты народ, адзін з «цішэйшых» і міралюбівых народаў Еўропы, праявіў такую нязрушную стойкасць, што яшчэ ў пачатку вайны даў нямала клопату кіраўніцтву фашысцкай Германіі. Імперскі міністр па справах акупіраваных усходніх абласцей небезвядомы А. Розенберг у адным са сваіх выступленняў скардзіўся:
«У выніку 23-гадовага панавання бальшавікоў насельніцтва Беларусі ў такой меры заражана бальшавіцкім светапоглядам, што для мясцовага самакіравання няма ні арганізацыйных, ні персанальных умоў» і што «…пазітыўных элементаў, на якіх бы можна было абаперціся, у Беларусі не выяўлена».
Так, сапраўды, цяжка было знайсці «пазітыўныя элементы» на зямлі, што гарэла пад нагамі захопнікаў. Ужо вясной 1942 года адзін з падначаленых таго ж Розенберга даносіў свайму шэфу: «Сёння партызанская вайна ахоплівае ўсю Беларусь, амаль усе лясы запоўнены партызанамі, некаторыя часткі раёнаў знаходзяцца пад іх уладай. Нападу падвяргаюцца цэлыя гарады. Нападаюць на нямецкія ваенныя атрады і на грамадзянскія ўпраўленні, праводзяць мітынгі сярод грамадзянскага насельніцтва. Партызанская вайна пагражае ператварыцца ў тылавы фронт нямецкай арміі».
Трэба аддаць яму належнае — фашысцкі прыслужнік цвяроза глядзеў на рэчы і бачыў далёка. У глыбокім нямецкім тыле сапраўды гарэў другі фронт партызанскай вайны, якая няўхільна перарастала ва ўсеагульную вайну супраць фашызму.
Айчынная вайна для Беларусі сапраўды з’явілася вайной агульнанароднай з яе першага дня і да самой перамогі. Тры гады беларускі народ правёў на яе пярэднім краі ў літаральным сэнсе гэтага слова, ні дня не ведаючы хоць бы адноснай бяспекі. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў па кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей. Агульнанародная вайна азначала, што кожны быў воінам з усімі яго абавязкамі і вынікамі, незалежна ад узросту, полу, нягледзячы на тое, меў ён зброю і страляў у акупантаў або толькі сеяў збожжа і гадаваў дзяцей, — кожны быў воінам. Таму што і зброя, і збожжа, і падросшыя дзеці, ды і само існаванне кожнага беларуса ў выніку былі накіраваны супраць акупантаў.
Беларускі народ пад кіраўніцтвам партыі камуністаў у найкарацейшыя тэрміны сфарміраваў паўмільённую партызанскую армію, узброіў яе, забяспечыў харчам, адзеннем, фуражом і цяглом. На тэрыторыі цэлых раёнаў на працягу ўсёй вайны функцыянавалі органы Савецкай улады, баявыя брыгады партызанскіх зон месцамі супрацьстаялі знятым з фронту рэгулярным нямецкім войскам. Немцы вельмі хутка зразумелі, што гэты невялікі і міралюбівы народ выселіць з яго тэрыторыі не ўдасца ні пры якіх абставінах, як не ўдасца і анямечыць, і акупанты ўзялі пачварны курс на яго ліквідацыю.
Усведамляючы штохвілінную небяспеку, якая пагражала фашыстам з лясоў і вёсак лясной стараны, яны ў сваім страху дайшлі да ашалеласці і гатовы былі забіваць кожнага. I калі яны не забілі ўсіх, дык толькі таму, што не ў стане былі зрабіць гэта фізічна. Каб забіць усіх, перш за ўсё трэба было іх перамагчы. А гэта аказалася звыш магчымасцей гітлераўцаў, і яны забівалі, помсцячы за свае няўдачы на фронце і ў баях з партызанамі, забівалі тых, хто дапамагаў або толькі мог дапамагчы партызанам. Тры гады няспынна гінулі людзі, і гэта была цяжкая плата народа за сваю незалежнасць, якая абышлася Беларусі ў два мільёны дзвесце трыццаць тысяч чалавечых жыццяў.
Акупанты былі не супраць спаліць кожную беларускую вёску, ператварыць у руіны кожнае мястэчка, кожны пасёлак. Вядома, «падставы» для гэтага ў іх меліся, бо не было на беларускай зямлі самай маленькай вёсачкі, якая б не паслала ў лес хоць бы некалькі сваіх партызан, каб затым забяспечваць іх неабходным, даваць ім прытулак у халодны час, дапамагаць разведкай. Ваявалі нават дзеці (Марат Казей) і глыбокія дзяды (браты Цубы). Разам з партызанамі яны разбуралі чыгункі, знішчалі тэлефонную і тэлеграфную сувязь, палілі масты, рабілі лясныя завалы, днём і ноччу вялі разведку…