Шрифт:
В. Б.: Не, у мяне не можа быць гэткіх грандыёзных задач. Тым болей, што я не прапаведнік і не авантурыст, я і сам не ведаю, як трэба. Хібы як не трэба — тое я трохі ведаю. Хоць бы з уласнага вопыту. Паказаць чалавеку, які ён ёсць.
А. А.: І які ж ён ёсць?
В. Б.: Такі, які ёсць. Паказаць без усякіх заклікаў і дыдак тыкі.
А. А.: Правільна.
В. Б.: Каб ён сябе ўбачыў і што-нішто зразумеў. Хоць кропельку, хоць нейкую рысу — найбольш з сябе непрыгожага.
Тое, магчыма, дало б надзею.
А. А.: А веданне ў цябе ёсць ці ты ў працэсе самой працы пазнаеш чалавека? Ёсць у цябе канчатковае веданне? Ці ты пішаш аповесць і гэтым самым пазнаеш?
В. Б.: Ёсць пэўнае разуменне, можа быць, суб’ектыўнае. А канчатковае веданне — у каго яно ёсць? Хіба ў Госпада Бога?
А. А.: Ах, вось як! Тады я лаўлю цябе на гэтым. Скажы, што ты загадзя ведаеш пра чалавека? Калі б цябе паклікаў Гасподзь Бог і сказаў: вось я ўжо не магу разабрацца ў гэтым сваім стварэнні, хай яно праваліцца, растлумач ты мне, што такое чалавек?
В. Б.: Дык вось зноў паўтараю, я б сказаў яму: о, Госпадзі, у чалавеку, як і ў тваім свеце, такое багацце ўсяго, добрага і кепскага, што калі ты не можаш разабрацца ў ім, дык не разбярэцца ніхто.
А. А.: Чаго больш, чаго менш?
В. Б.: Як у каго — у залежнасці таксама ад класавай, партыйнай, сацыяльнай прыналежнасці. Адзін чалавек замешаны на дабры, другі пераважна на зле. Потым у кожнага чалавека ёсць пэўная доля таго ды іншага. Канешне, хацелася б, каб добрага было болей, каб яно перамагала зло. На працягу стагоддзяў, мабыць, усе рэлігіі толькі тым і займаліся, але вынік стаўся мізэрны. Стагоддзе таму людзей забівалі тысячамі, а пасля мільёнамі… Напэўна, усё ж самае дзейснае — прымусіць чалавека зазірнуць у сябе, убачыць, які ён ёсць на справе — з усім агідным і добрым, можа, тады ён зробіць які-небудзь выбар. Але ўся бяда ў тым, што чалавек — надта сарамлівая істота і не любіць заглядваць у сябе, тое непрыемна яму і малацікава…
А. А.: Лепей у чужую каструлю зазірне…
В. Б.: Менавіта так. Свая каструля для яго — прадмет найбольшага клопату, але не ён сам. Ён сам для кожнага — абсалют, цалкам аўтаномны суб’ект. Дык вось, на маю думку, мастацтва яшчэ можа нешта давесці чалавеку пра яго, чалавечую сутнасць. Калі тое здарыцца, можна чакаць, што чалавек паразумнее. Бо што яшчэ можа прымусіць яго паразумнець? Масавая свядомасць? Партыйныя ідэалы? Чаго дамаглася масавая свядомасць у гісторыі, мы ўжо ведаем, самі былі сведкамі. Партыі надта эгаістычныя стварэнні, кожнай з іх найперш трэба ўлада, як сродак дзеля даволі сумніўных спраў. Толькі мастацтва і літаратура імкнуцца (можа імкнуцца) не да ўлады — да ісціны. Але тут з’яўляецца новая і спрадвечная праблема: што ёсць ісціна? Мабыць, гэта зноў надта індывідуальная рэч — розная на кожным гістарычным этапе, для кожнае нацыі і асобы.
А. А.: Ясна…
В. Б.: Лепей бы грамадства слухала і шанавала сваіх мастакоў, гуманістаў, чым апантаных палітыкаў. Ужо хоць бы таму, што першыя не дамагаюцца для сябе карысці (хіба скарынку хлеба), у той час як апошнія дамагаюцца ўлады, у якой для іх няма меры. Некаторыя ў сваёй уладарнай прагнасці даходзяць да знішчэння падуладных, а то і да самазнішчэння. У літаратуры такое здараецца рэдка.
А. А.: А вось хто ў гэтым сэнсе для цябе мог бы быць прыкладам? Неабавязкова прыклад літаратуры, але тыя, якія трымаюць люстэрка перад чалавекам і кажуць: «Вось глядзі, гэта ты».
В. Б.: Найперш, аднак, з літаратуры. На мой пагляд, самыя дакладныя люстэркі — усё ж Талстой і Дастаеўскі. Калі з пазнейшых, дык я назваў бы аўтараў так званага «магічнага рэалізму», хоць бы Маркеса. Вялікі гуманіст Альберт Швейцар.
А. А.: А з нашых, савецкіх? Як ты на «Майстра і Маргарыту» глядзіш?
В. Б.: Разумееш, можа, гэта і добры твор (напэўна ж, выдатны), але, на мой пагляд, занадта інтэлігентны і мудрагелісты. Філасофскі, вядома ж, але і сумніўны, як і кожная філасофія.
А. А.: А «Ціхі Дон»?
В. Б.: Ну гэта іншая справа. «Ціхі Дон» у сэнсе ўсяленскай разні — унікальная кніга. Дакладнае люстэрка дабра і зла ў чалавеку, знявечаным рэвалюцыйным гвалтам.
А. А.: Ну, а паэты табе што-небудзь гавораць?
В. Б.: Паэты, чаму ж не… Якіх ты маеш на ўвазе паэтаў?
А. А.: Наогул паэзія. Я, скажам, ведаю, што такое для цябе тэатр. Ну, а паэзія?