Быкаў Васіль
Шрифт:
— Асцярожна, прыступкі.
— Бачу.
У дол каля печкі ўдарыў пук святла ад ліхтарыка, які затым здрыгануўся пад нечымі нагамі, і, адхінуўшы палатку, у зямлянку ўваліўся грузны чалавек у цёплай, з каракулевым каўняром, бекешы.
Джым ля камбата зноў рыкнуў і рвануўся наперад, Валошын у апошняе імгненне ледзьве паспеў ухапіць яго за касматы загрывак. Сабака апантана ўзвіўся на заднія лапы перад чалавекам, які спалохана хіснуўся назад і раздражнёна вылаяўся.
— Што тут за псарня?
— Джым, ляжаць! — строга скамандаваў Валошын. Сабака неахвотна адступіў і стаў побач, а чалавек зрабіў крок да святла.
У дзверы тым часам лезлі і яшчэ, зямлянка зрабілася цеснай і сцюдзёнай, але Валошын упіўся вачмі ў гэтага першага, які выглядаў нечым усхваляваным і рукой трымаўся за галаву без шапкі. Спачатку камбату здалося, што ён адцірае азяблае вуха, але чалавек, нібы безуважны да ўсіх тут, у зямлянцы, адняўшы руку ад галавы, уважліва паглядзеў на далонь. На ёй была кроў. Тут жа да яго падступіўся другі ў паўшубку, з тонкай планшэткай на баку. Пры святле з ліхтара ён пачаў выціраць скрываўленую шчаку чалавека, на шырокім пагоне якога раптам цьмяна бліснула вялікая генеральская зорка.
Валошын стаяў збоку, разумеючы ўжо, што гэта начальства і што неадкладна трэба дакладваць. Але час для таго быў упушчаны, цяпер было нязручна падступіцца да яго, камбат прамарудзіў і з прыкрым адчуваннем няёмкасці зрабіў крок да генерала.
— Таварыш генерал…
— А цішэй нельга?
Генерал на паўабарота павярнуў да яго незадаволены, немалады ўжо твар з сіваватым пучком кароткіх вусоў пад носам. Секунду яны моўчкі стаялі так, адзін перад адным, абодва вялікія і плячыстыя.
— Чаго крычаць? Мы ж не на пляцу.
Валошын яшчэ памарудзіў, падумаўшы, што, мабыць, сказваецца блізкасць перадавой. Але ён усё ж скончыў даклад, хоць і цішай, і генерал, пераставіўшы на скрынцы ліхтар, сеў на яе, не адрываючы рукі ад скроні, на якой, відаць, крывяніла рана. Той, другі, у паўшубку, што выціраў яму шчаку, павярнуўся да Маркіна.
— Медпункт далёка?
— Праз чатырыста метраў. У аўражку.
— Пашліце за доктарам.
— Доктара няма. Ваенфельчар, таварыш маёр.
— Не мае значэння. Пашліце за фельчарам. Валошын кіўнуў ардынарцу.
— Гутман!
— Ёсць.
Ардынарац выскачыў у траншэю, і ў зямлянцы запанавала няёмкая працяглая цішыня. Начальства маўчала; зважліва ўтаропіўшыся ў яго, па абодва бакі замерлі Валошын і Маркін. У парозе ля печкі грэў рукі нейкі плячысты баец у бушлаце. Маёр пашукаў вачмі месца, каб сесці, і ўбачыў Джыма, насцярожаныя вушы якога тырчэлі з ценю.
— Аўчарка?
— Аўчарка, — стрымана сказаў Валошын і крыху адступіў убок.
Генерал, грузна павярнуўшыся на скрынках, з цікавасцю паглядзеў на сабаку.
— О, звяруга! Як зваць?
— Джым, таварыш генерал.
Генерал стрымана паляпаў далонню па пале бекешы.
— Джым, Джым! Ка мне!
Але Джым толькі варухнуў вушамі і завурчаў нядобразычліва і пагрозліва.
— Не пойдзе, — сказаў Валошын.
— Ну гэта мы яшчэ паглядзім, — зазначыў генерал і зірнуў на камбата. — Даўно камандуеце батальёнам?
— Сем месяцаў, таварыш генерал.
— А раней чым камандавалі?
— Ротай у гэтым жа батальёне.
— Чакайце, як вы сказалі ваша прозвішча?
— Валошын.
— Гэта не ваша рота захапіла пераправу ў Клепіках?
— Мая, таварыш генерал.
Валошын чакаў, што генерал пахваліць або запытае пра гэты яго даўні, даволі вядомы ў дывізіі подзвіг, за які ён некалі атрымаў першы свой ордэн. Але генерал не пахваліў, а запытаў аб іншым:
— Дзе пярэдні край вашага батальёна?
— На паўднёва-заходніх схілах, уздоўж балота.
— Пакажыце на карце.
Валошын дастаў з-за пазухі пацёрты гармонік карты і разгарнуў яго перад генералам. Ён ужо здагадваўся, што было прычынай нядаўняй нямецкай страляніны, і думаў, што ў такім разе генералу яшчэ пашэнціла. Магло быць горш. Але навошта яму спатрэбілася так блізка пад’язджаць да перадавой — гэта пакуль што заставалася для камбата загадкай.
— Вось. Пярэдняя траншэя па прамежкавай гарызанталі над самым балотам.
Пры цьмяным святле ліхтара генерал стаў моўчкі разбірацца ў карце, адставіўшы яе наводдаль, як пры дальназоркасці. Да яго падсунуўся маёр, які трохі паўзіраўся і аб’явіў з упэўненасцю:
— Ну, я ж дакладваў. Іменна так: вышыня шэсцьдзесят пяць ноль.
— Гм… Да. Вышыня шэсцьдзесят пяць ноль. Дык што ж, выходзіць, яна — у праціўніка?
Генерал падняў на камбата цяжкі з яўным папрокам позірк.
— У праціўніка, — проста сказаў Валошын.