Быкаў Васіль
Шрифт:
— Што за халера?!
Камбат сунуў за пазуху ўжо нарыхтаваную карту і адхінуў палатку на выхадзе. У начным цемрыве над пагоркам мільганулі туга напятыя агняныя ніці трас — адтуль, з вышыні, цераз іх галовы пад лес. Чэргі былі даўгія і, напэўна, буйнакаліберныя — «дуг-дуг-дуг» — данеслася з вышыні. Але кулямёт раптам змоўк, стала ціха, у цёмным сцюдзёным небе дрымотна раіліся бліскучыя зоркі. Мяркуючы па ўсім, немцы штосьці падпільнавалі ў бліжнім тыле пад лесам. Гутман, стоячы ў траншэі, паспешліва падпярэзваў паўшубак, і камбат кіўнуў галавой.
— Ану, куляй! Туды і назад.
— Ёсць!
Ардынарац, абсыпаўшы зямлю, вылез з траншэі, яго боты пратупацелі ў цемры і сціхлі, а ён яшчэ пастаяў, услухоўваючыся ў невыразныя гукі навокал. Але паблізу зноў стала ціха, толькі недзе далёка за лесам слабым водбліскам пыхаў край неба ад далёкай артылерыйскай кананады.
— Гэта артылерысты — разявы! Заўжды яны па начах засвецяць, — са злой прыкрасцю зазначыў з зямлянкі Маркін.
Камбат не адказаў. Ззаду шорхнула палатка, шэрая пляма святла коса легла на бок траншэі, і з дзіркі паказалася галава Чарнаручанкі.
— Таварыш камбат! Дзесяты…
Ну вось, так і ведаў! Варта на хвіліну прамарудзіць з дакладам, як ён ужо выклікае сам. Камбат унутрана паморшчыўся, беручы з рукі тэлефаніста трубку, вялікім пальцам рашуча павярнуў клапан.
— Дваццаты «Бярозы» слухае.
— Пачаму не дакладваеце? Што там у вас за артпадрыхтоўка? Зноў не выконваеце правіл маскіроўкі?..
3 першых жа слоў у трубцы было зразумела, што маёр ужо павячэраў і прыдбаў свой звычайны камандзірскі тон. Але каскад ягоных пытанняў, прызначаных ашаламіць, быў прывычны камбату, даўно ўжо не бянтэжыў і нават мала і злаваў. Што зробіш — Валошын ужо змірыўся з роляй нялюбага падначаленага, цярпеў, калі-нікалі агрызаючыся. Праўда, было горш, што часам іхнія ўзаемаадносіны адбіваліся на батальёне, хоць тут ужо ён быў бяссільны што-небудзь змяніць. Камбат па магчымасці цярпліва выслухаў усё і не спяшаўся апраўдвацца — бавіў час, чакаючы, калі з’явіцца Гутман.
— Алё! Вы што маўчыце? Ці вы заснулі там? — ракатала ў трубцы. I тады камбат дазволіў сабе трошкі іроніі, на якую маёр Гунько звычайна рэагаваў у поўным сур’ёзе.
— Стараюся прывесці ў сістэму вашы пытанні.
— Што? Якая сістэма? Вы мне не мудрыце, вы адказвайце.
— На столькі пытанняў не адразу адкажаш.
— Дрэнны той камандзір, які не ўмее як след далажыць начальніку. Трэба на хаду хапаць. Начальства з паўслова разумець трэба.
— Дзякую.
— Што?
— Кажу, дзякую за параду. I дакладваю абстаноўку, — рашуча перабіў яго Валошын, каб разам скончыць апрыклыя настаўленні, якія пагражалі зацягнуцца на няпэўны час. — Праціўнік прадаўжае ўмацоўваць вышыню «Вялікую». Візуальна адзначаны земляныя работы з выкарыстаннем доўгатэрміновага пакрыцця — бярвення. Таксама прадаўжаецца…
— А вы перашкодзілі? Ці, можа, саізволілі спакойна глядзець, як фрыцы траншэі размячаюць?
— Траншэі, на жаль, яны растрасіравалі ўначы, — не зважаючы на маёраву з’едлівасць, спакойна дакладваў камбат. — Да ранку ўсё было выкапана ў поўны профіль. Кулямётны агонь быў малаэфектыўны з прычыны куленепрабівальнасці ўкрыццяў. Іншыя сродкі ўздзеяння адсутнічаюць. У Іванова «гуркоў» усяго дзесяць штук. Я ўжо аб тым вам дакладваў.
— Чуў. А хто ў вас дражніць немцаў? Што за расхлябанасць такая ў гаспадарцы? Мусіць, кастры паляць? Ці з бліндажоў іскры шугаюць снапамі. У вас гэта заведзена.
— У мяне гэта не заведзена. Вы блытаеце мяне з кімсьці другім…
Гэта была ўжо дзёрзкасць з боку падначаленага, маёр на некалькі секунд змоўк, а затым трохі інакшым, чым раней, тонам зазначыў:
— Вось што, капітан. Не табе папраўляць, калі і зблытаў. Малады яшчэ.
Але, здаецца, знікала трыванне і ў Валошына.
— Дык вось, папрашу не блытаць. Хоць і малады, але вашы знявагі слухаць не маю намеру. Да таго ж папрашу на «вы».
— Што?
— Папрашу называць на «вы».
Камбату вельмі хацелася шпурнуць у кут гэтую трубку і болей не браць яе, бо ўся размова была па сутнасці бязмозглымі прыдзіркамі, калі адзін бок дазваляў сабе ўсё, што хацеў, а другі павінен быў апраўдвацца, ды яшчэ прытрымліваючыся субардынацыі. Але варта было камбату перашагнуць цераз гэтае пачуццё падначаленасці і прыняць прапанаваны тон, як голас на тым канцы провада пацішэў, пракашляўся, і камандзір палка, здаецца, ужо і сам быў гатовы пакрыўдзіцца.
— Ужо і ў пузыр! Падумаеш, на «ты»! Назваў, бо маю права. Вы маладзейшы. А на старшых у арміі не крыўдзяцца. У старшых вучацца. Дарэчы, ледзь не забыў,— раптам змяніў тон Гунько, — Чырвонага Сцяга палучыш. Загад прыйшоў. Так што віншую.
«Успомніў!» — са злосцю падумаў Валошын і не адказаў на гэтае спазнелае і сапсаванае віншаванне. Незанятай рукой ён узяў з пальцаў тэлефаніста недакурак, зубамі адарваў заслюнены канец. Аднак не паспеў ён зацягнуцца, як побач, коратка рыкнуўшы, ускочыў на ногі Джым. Блізка ў траншэі пачуўся тупат, шорхат палатак, чуваць было, нехта саскочыў з бруствера. Чарнаручанка кінуўся на выхад, але адразу адхіснуўся ўбок і прыціснуўся да сцяны зямлянкі.
— Куды тут?
— Прама, прама, — пачуўся здаля голас Гутмана.