Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Трудна бывае на яе пагадзіцца, але і пошукі шляхоў у абход звычайна вядуць не толькі да агіднага канфлікту з сумленнем, але і здараецца, што кароткаю дарожкай у трыбунал. Камандзіра гэта датычыць куды ў большай меры, чымсьці байца, тут трэба быць вельмі строгім спярша ў адносінах да сябе, каб пасля патрабаваць таго ж ад падначаленых.

— Можна так, можна і гэтак! Га, таварыш Маркін? — раптам запытаў камбат.

Лейтэнант няўцямна міргнуў шырока раскрытымі вачмі.

— Што? Ды я нічога, — начштаба паціснуў плячмі,— Не мая справа. Вы камандзір батальёна, вам і дакладваць. Я прапанаваў проста.

— У кожным становішчы ёсць тры выхады, — зазначыў ад шытва Гутман. — Яшчэ Хаймовіч казаў…

— Памаўчыце, Гутман, — сур’ёзна сказаў Валошын. — Не майце такой звычкі.

— Вінават.

Камбат хвіліну змоўчаў, а пасля пацішэла запытаў, нібы між іншым:

— Вы, Маркін, у акружэнні доўга былі?

— Два месяцы васемнаццаць сутак. А што?

— Так проста. У сорак першым я таксама ўскочыў. Амаль на месяц…

— Ну дык вы ж з часцю выйшлі,— не ўтрымаўшыся, зноў уставіў Гутман.

Камбат паглядзеў у яго бок працяглым дакорлівым позіркам.

— Да, я з часцю, — сказаў ён пасля паўзы. — У гэтым мне пашанцавала. Хаця ад палка засталося сорак сем чалавек, але быў сцяг, быў сейф з партдакументамі. Гэта выручыла. Як выйшлі, разумеецца.

Маркін паклаў на скрынку аловак і шомпал, тузануў на плячо паўшубак. Вочы яго неспакойна бліснулі, ад нервовага ўзрушэння зардзеліся скулы.

— А у нас нічога не засталося. Ні сцяга, ні сейфа. Кучка байцоў, дзесятак камандзіраў. Палавіна параненыя. Кругом немцы. Камісар застрэліўся, камандзіра палка тыф даканаў. Сабралі нараду, рашылі: выхадзіць дробнымі групамі. Пайшлі, напароліся на немцаў. Тыдзень ганялі па лесе. Кару елі. Урэшце вырваліся дванаццаць чалавек. Глядзім, нешта дужа худыя тут франтавічкі. I курыць не маюць. Ядуць каніну. Слова за слова, аказваецца, дык і яны ж у акружэнні. Вось і трапілі з агню ды ў полымя. Яшчэ месяц прыпухалі.

— Гэта дзе?

— Пад Нелідавым, дзе ж. У дваццаць дзевятай арміі.

— Да, там невясёлыя былі справы. Якраз у канцы лета да нас прабіваліся. Забітага камандарма вынеслі, хавалі ў Калініне.

— Ну. Генерал-лейтэнант Багданаў. Геройскі мужык. А што ён мог зрабіць? У прарыў сам на кулямёты вёў і загінуў.

— Дваццаць дзевятай хапіла. Трыццаць дзевятай таксама.

— А трыццаць трэцяй? А коннікам Бялова ды Сакалова?

— Не шмат іх засталося, — пагадзіўся камбат.

— Няўдачнік я! — раптам проста сказаў Маркін, і Гутман з Чарнаручанкам насцярожана паднялі галовы, — Што перажыў, ворагу не пажадаю. У рэзерве сустракаю таварыша, разам выпускаліся. Два ордэны, шпала ў пятліцах. А я ўсё лейтэнант.

Камбат абапёрся на скрынку локцем і скоса паглядзеў на прыціхлых байцоў.

— Дарма вы так думаеце, Маркін. Да Берліна яшчэ даўгая дарожка.

— Ат! — махнуў рукой Маркін і зноў узяўся за шомпал. — Ці многа іх тут лінеіць? Ведаць бы хоць, колькі дадуць. А то налінею ды залішне. Таварыш камбат, — узняў ён твар да Валошына. — 3 папаўнення трэба пісара падабраць. А то колькі можна?

— А вы вунь Гутмана абучылі б. Па сумясціцельству. Або Чарнаручанку.

Тэлефаніст з ніякаватай сарамлівасцю заварушыўся каля апарата, а Гутман амаль што пакрыўдзіўся.

— Ну, скажаце, таварыш камбат! Я работу люблю. А гэта…

Маркін павярнуў да яго амаль што гняўлівы твар.

— А гэта што — не работа? Вось пасядзі дзень над паперкамі, дык увесь свет з аўчынку пакажацца.

— Не люблю!

— Ну ведама ж, лепш па палях гойсаць. Трафейчыкі і так далей…

— Ладна, Гутман, канчай шытво. А то ўжо спіна акалела, — перапыніў іхнюю спрэчку камбат.

— А вы — мой кажушок.

— Не ўжо, дзякуй. У тваім кажушку, мабыць, таго… Дыверсанты бегаюць.

— Нямнога, таварыш камбат. Куды ж ад іх дзенешся? Ну вось і ўсё. Калі ласка.

— Давай, пабачым, які ты майстра.

Камбат узяў з ардынарцавых рук шынель і надзеў яго. Потым прывычнымі дакладнымі рухамі накінуў на плечы партупею, зашпіліў спражку, ссунуў на месца кабур.

— Ну што ж — дзякуй, — сказаў ён ардынарцу. — Чарнаручанка, выклікайце дзесятага «Волгі». Пагаворым з начальствам.

2

Пагаварыць з начальствам, аднак, не ўдалося.

Не паспеў тэлефаніст пакруціць ручку свайго жаўтаскурага амерыканскага апарата, як дзесь на паверхні з нарастаннем завыла, данеслася некалькі слабых «ках-ках-ках», і блізкія выбухі скаланулі зямлю. На салому і на печку са столі сыпанула жвірам, ліхтар на сцяне калыхнуўся, загойдаўшы гарбатыя цені. Маркін угнуў над паперамі галаву, Гутман схапіўся за аўтамат і паўшубак. Карбідны агеньчык у ліхтары яшчэ не супакоіўся, як заверашчала зноў і зноў ірванула. Ад серыі з не менш чым дзесяці выбухаў хадуном захадзіла зямлянка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: