Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Дзе ж там уключна? На карце ж у вас выключна. Вы бачыце?

— Так точна — выключна, — з гатоўнасцю пацвердзіў Гунько.

— Дык што ж вы блытаеце? Ці вы не разумееце знака?

— Разумею, таварыш генерал.

— Разгільдзяі! Занадта пра сябе турбуецеся! — пасля паўзы злосна аб’явіў генерал і з пакутаю на твары прыклаў далонь да павязкі.

Валошын звузіў цёмныя вочы. Стрыманасць, якая не пакідала яго за ўвесь час гэтае гутаркі, урэшце пачала здраджваць камбату.

— Спадзяюся, таварыш генерал, да мяне гэта не адносіцца?

Генерал зрабіў крок да парога і спыніўся.

— Адносіцца! Адносіцца і да вас! Вось мы разбяромся — будзеце заўтра браць вышыню штурмам! А то распалажыліся, печкі-лавачкі вам!..

Валошын моўчкі сам сабе вылаяўся: вось табе і на — дачакаліся! Ён адчуваў, што гэтыя генеральскія словы — не пустая пагроза, што вельмі нават магчыма — загадаюць і прыйдзецца штурмаваць, асабліва яшчэ, калі ў справу ўмяшаўся такі высокі начальнік. Але ж столькі патрачана часу! Там, мабыць, ужо пакапаны ўсе траншэі, пазакладзены мінныя палі, заняты ўсе пазіцыі, і цяпер — наступаць! Дзе ж вы былі на суткі-двое раней, таварыш разумны генерал? — думаў камандзір батальёна. Губляючы рэшткі свае вытрымкі, ён ступіў наперад і як мог спакайней сказаў:

— Мяркуючы па ўсім, вышыня шэсцьдзесят пяць ноль уключна для паласы суседняй арміі.

Генерал спыніўся, з вышыні свайго немалога росту ва ўпор уставіўся ў камбата звужанымі калючымі вачмі. Ягоны лоб пад высока надзетай папахай рэзка бялеў у прыцемку свежым бінтам. Валошын амаль з выклікам, не міргнуўшы, вытрымаў гэты позірк.

— Іш які разумны! Знае: суседняй арміі. А вось я наразаю яе вам… А то — суседняй! Вы знаеце, дзе суседняя армія? У чорта на кулічках суседняя армія. Жукаўку яшчэ не ўзяла.

— Тым больш — нельга вырывацца. Адкрыты фланг.

— Бачу, вы занадта граматны! За флангі непакоіцеся. А вы б болей за фронт дбалі! За фронт! За флангі паклапоцяцца каму трэба.

— Я непакоюся за батальён, якім камандую. А ў батальёне і так семдзесят шэсць чалавек на давольствіі.

Генерал змоўчаў, засунуўшы рукі ў кішэні бекешы, пратупаў да печкі і назад да скрынак і спыніўся там, гледзячы ў агонь ліхтара. Маёр Гунько, не саступаючы са свайго месца пасярод зямлянкі, кожны раз рупна паварочваўся да яго тварам.

— Камандзір палка, вы папаўненне атрымлівалі?

— Так точна. Сёння ў канцы дня.

— Папоўніце ягоны батальён.

— Будзе зроблена.

— Мне трэба яшчэ камандзіры, — сказаў Валошын. Ягоная зважлівая пачцівасць перад генералам раптам уся знікла, выцесненая з пачуцця непакоем перад новай, нечаканай задачай, і цяпер камбат гатовы быў выкласці як мага болей патрэб свайго батальёна. — У мяне толькі адзін штатны камандзір роты. Не хапае дванаццаць камандзіраў узводаў, трох зампалітаў рот. У мяне самога няма намесніка па палітчасці — выбыў у шпіталь. А артпадтрымка? Батарэя сядзіць без снарадаў.

Наступіла маўчанне. Камандзір палка пакорна глядзеў на генерала, а ў таго ўсё ніжай на вочы асаджваліся яго калматыя бровы.

Недзе на паверхні зноў забухалі выбухі, але гэта было далей, чым папярэдні раз. Генерал насцярожана ўслухаўся і, калі выбухі парадзелі, павярнуўся да Гунько.

— Вы на кані?

— Так точна.

— 3 канаводам? Аднаго каня дасце мне. Паедзем у штаб.

Маёр Гунько раптам нібы скінуў з сябе ранейшую скутасць школьніка перад строгім дырэктарам.

— Калі ласка, таварыш генерал. А ваш ад’ютант, калі ўгодна, можа пачакаць, я прышлю каня. Гэта хутка.

— Нашто чакаць? — сказаў маёр-ад’ютант. — Мы пешкі. Канавод правядзе.

— Можна і так, — згаворліва пагадзіўся Гунько, і ў Валошына неяк зусім не ў лад з ягоным настроем з’едліва мільганула ў галаве: «Якая ветлівасць».

Гэтую ветлую ўгодлівасць свайго начальніка камбат назіраў упершыню, нават не падазраючы, што ўладарны маёр можа быць здольны на такую пачцівасць. Адкрыць гэта ў знаёмым чалавеку ўвогуле было цікава, але цяпер Валошын, узрушаны ўсім, што яму рыхтавалася, грубавата запытаў Гунько:

— Дык мне што — рыхтавацца да атакі?

Камандзір палка наморшчыў лоб, павярнуўся да яго, затым да генерала. Генерал старанна нацягваў пальчаткі.

— Вось разбярэмся, і атрымаеце загад.

Валошын узяў са скрынкі гадзіннік.

— Ужо амаль дваццаць дзве гадзіны, таварыш генерал. У выпадку чаго калі ж мне рыхтаваць батальён?

Генерал ступіў да выхаду і, стаўшы да яго бокам, сказаў са здзекам:

— Іш занепакоіўся! Раней трэба было непакоіцца, таварыш камбат.

— Раней батальён меў іншую задачу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: