Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Ну і ну! Што ж ты адказала?
— Нічога не адказала. Але падумала, што можа і нядрэнна было б… Свае людзі…
Іван Васільевіч нахмурыўся.
— Свае! Што да мяне, то лепей няхай яна едзе ў Афрыку. Не люблю абывацельскіх змоў! Не хапала Ладзе шукаць багатага жаніха!
Вольга Усцінаўна цяжка ўздыхнула.
ІІІ
Загадчык сектара выйшаў з-за стала насустрач. Ціснуў руку з такой прыветлівай усмешкай, што Івану Васільевічу таксама захацелася смяяцца. І таму, што добра ведаў усе прыёмы афіцыйнай ветлівасці, і таму, што сапраўды было хораша. Настрой амаль святочны. Шмат што радавала.
За шырокім акном кружыліся сняжынкі. Першы снег. Першы дзень зімы. Святлее зямля — святлее душа чалавека. Выпадае добрая пароша. А праз два дні пачынаецца паляўнічы сезон. Тут ужо не толькі пасвятлее яна, душа старога паляўнічага, а заспявае на ўсе лады.
Радавала, што нарэшце паклікалі сюды, у гэты высокі дом. Зусім не кранае самалюбства, а наадварот — прыемна, што першы прымае яго ж выхаванец, былы супрацоўнік той установы, якой ён, Антанюк, доўга кіраваў. Растуць людзі. Некалі быў хударлявы, няскладны хлапчына, які напачатку баяўся начальства і заўсёды хадзіў у падпрасаваных штанах, з пузырамі на каленях. А цяпер — вунь які прыгажун! Высокі, падцягнуты, як добры спартсмен, гарнітурчык — з іголачкі. Хоць апошняе Антанюку не вельмі падабаецца. Занадта ўжо шыкоўна і модна адзяецца маладое пакаленне адказных работнікаў. Як дыпламаты. Івану Васільевічу здаецца, што такая ўвага да свайго знешняга выгляду забірае многа часу, а галоўнае — выхоўвае рысы жаночай псіхалогіі: замест таго, каб пачытаць нешта сур’ёзнае, мужчына пачынае зазіраць у часопісы мод і зайздросціць таму з сваіх калег, каму пашанцавала набыць самы модны плашч ці капялюш.
Леанід Мартынавіч не вярнуўся назад за свой паліраваны стол, а запрасіў Івана Васільевіча да простага стала, за якім праводзяцца малыя рабочыя нарады. Сам сеў насупраць. Зноў прыветліва ўсміхнуўся.
— Як здароўе, Іван Васільевіч?
— Дзякуй. Не скарджуся.
— Хоць што я пытаюся! Учора там, — Леанід Мартынавіч паказаў пальцам у столь, — нехта спытаў вось так: а як яго здароўе, Антанюка? А Пятро Фёдаравіч кажа: ды ён жа, па-ранейшаму кароль нашых паляўнічых. Кароль! — і засмяяўся з учарашняга жарту кіраўніка. — Як бачыш, размова пра цябе ішла на высокім узроўні.
— Дзякуй.
— Як паляўнічае шчасце? Што забіў?
Чалавеку хацелася пажартаваць. Але Антанюка раптам як бы нешта скавала. Што — і сам не мог зразумець. Нецярплівае чаканне, што яму прапануюць, ці гэтае — «кароль»? Ці можа тое, што хлапчына гэты, па ўзросту — сын яго, вось так пачаў размову, залішне па-панібрацку?
— А ведаеш, я быў у Чэхаславакіі. І нас павезлі на паляванне. Дык там яны сапраўды-такі выбіраюць караля. І гэта цудоўны рытуал, я табе скажу, цікавей за само паляванне. Яны яшчэ і суддзю выбіраюць і пракурора. Цэлыя спектаклі разыгрываюць. Варта б нашым пераняць…
— Мы выбіраем старшыню… па рэкамендацыі Камітэта па ахове прыроды, — без усмешкі сказаў Антанюк. Але Леанід Мартынавіч прыняў гэта за дасціпны жарт.
— Старшыню — і то па рэкамендацыі! Ох, гэта мы ўмеем — засушыць жывую справу!
Тут ужо і Антанюк усміхнуўся, але зусім з іншай прычыны: з маладога чалавека, які лічыць сябе на такой вышыні, з якой дазволена самакрытыка абагульненая: «умеем засушыць…» Захацелася па-бацькоўску параіць яму: «Хлопчык мой, не паўтарай словы тых, хто вышэй за цябе. Не ўсе яны мудрацы, афарызмы якіх трэба завучваць. Заставайся самім сабой».
Варта было б сказаць. Ды як ты скажаш пры такой сітуацыі! Не зразумее, пакрыўдзіцца.
Між тым Леанід Мартынавіч быццам прачытаў Антанюковы думкі. Засяродзіўся раптам, зрабіўся сур’ёзны. І адразу сказаў пра справу:
— Іван Васільевіч, я думаю, ты здагадваешся, навошта цябе запрасілі? Мне даручылі перадаць: ёсць думка, каб ты вярнуўся на работу. Адпачыў трохі — даволі. Многа спраў. Трэба нам па-сапраўднаму заняцца сельскай гаспадаркай. Ад слоў перайсці да справы. Па-навуковаму ўзяцца. Валюнтарызм многа нашкодзіў…
«Якія ёмкія вызначэнні мы знаходзім для кожнай з’явы, якую трэба асудзіць. І зручныя. Галоўнае — зручныя», — Іван Васільевіч уздыхнуў.
Леанід Мартынавіч зразумеў яго ўздыханне па-свойму.
— Я разумею: нялёгка пасля такога перапынку ўзваліць на сябе цяжар. Але трэба, Іван Васільевіч. Табе прапануюць цікавы аддзел…
— Я вярнуся толькі на ранейшую пасаду.
У загадчыка сектара выцягнуўся твар. Ён разгубіўся, бо зусім не чакаў, што гэты адстаўнік можа выставіць такое патрабаванне. Ды і сам Антанюк, ідучы сюды, не думаў пра пасаду. Каб прапанавалі яшчэ ніжэйшую — звычайным радавым служачым — ён, напэўна, згадзіўся б. Але каб не было такога ўступу — пра валюнтарызм і іншае… Пасля ж такой размовы зрабілася ясна: людзі разумныя хочуць яго рэабілітаваць. Але чаму толькі напалавіну? Уступка тым, хто абвінавачваў яго? Цяпер тыя людзі маўчаць, хаваюцца за ёмкае слоўца. Чаму ж ён сам павінен даць ім падставу думаць, што яны, няхай хоць на палавіну, на чвэрць, рабілі тады правільна, паступалі прынцыпова?! «Не, даражэнькія! На такія кампрамісы Антанюк ніколі не ішоў! Або — або!.. Мне не пасада трэба, а прызнанне маёй праваты і вашых памылак. Прызнанне не на словах — на справе. Слоў я чуў многа. Для мяне адбылася інфляцыя слова».
— Іван Васільевіч, не мне, безумоўна, вучыць вас жыццёвай мудрасці,— зусім інакш, прасцей, без панібрацтва, без паляпвання па плячы, сказаў Леанід Мартынавіч. — Вы добра ведаеце, як што робіцца. І я ўпэўнены — разумееце, што, па-першае, у нас няма падстаў вызваляць цяпер Андрэя Пятровіча… Кіраваў ён…
— Дрэнна кіраваў.
— Ну, гэта ваша прыватная думка. Мы ж трымаемся іншай… А потым… няўжо вы думаеце, што ўсе так лёгка прызнаюць, што яны тады памыляліся, калі выступалі супраць вас?