Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Кружаць сняжынкі.

Мільгаюць ярка-чырвоныя, блакітныя, зялёныя, жоўтыя шапачкі і шалікі. Спяшайцеся, дзеці. Хоць можа і не варта вельмі ўжо спяшацца. Але нельга і адставаць, бо выб’ешся з агульнай плыні, занясе цябе ў ціхі затон і засмокча цінай. Самае страшнае — заўчаснае пенсіянерства.

На ліха каму здаліся мая амбіцыя і мой прынцып? Трэба было згаджацца на тое, што прапаноўваюць. Не. Цяпер падумаюць, што я спалохаўся. Дарагі Леанід Мартынавіч, мне не сорамна ні перад партыяй, ні перад сям’ёй за свае слабасці. Я — чалавек. Я жыў. І жыў у час складаны. Мне сорамна толькі за адну слабасць — за гэтую вось… Даруй, Надзя. Не бачыць цябе сем год, пісаць толькі да святаў кароткія паштоўкі з пажаданнямі шчасця — якога шчасця?! — гэта здрада. А я ніколі не здраджваў. Нікому! Не, не супакойвай мяне. Я ведаю, што ты скажаш. У мяне ёсць тысяча апраўданняў. Але, гэта даніна гадам, спакою, майму, твайму, Вольчынаму, Віцінаму… А ці так ужо ён патрэбны, такі спакой?

Не сядзіцца сёння.

Як, аднак, спяшаюцца людзі! Куды? На тратуары ўжо слізка. Вытаптаны коўзанкі. Маладыя бягуць для разгону, гатовыя збіць з ног. Ім радасна. Радуе першы снег. Радуе маладосць. Можа нават тое, што ўдалося трохі раней вырвацца з лекцыі, з лабараторыі, з канторы…

Я хачу радавацца разам з вамі! Не аб’язджайце мяне, не абганяйце, бо гэтак вы незнарок можаце збіць мяне з ног. А я хачу ісці з вамі плячо ў плячо. Я хачу каўзануцца і ўпасці сам, як тая вунь дзяўчына ў чырвоным шалю. Можа табе балюча, дзіця? Нічога. Усё загоіцца і тут жа забудзецца, бо глядзі, як заклапочана ён падхапіў цябе, падняў з зямлі. Я ведаю: каб не гэтулькі людзей, каб не ўмоўнасці, якія так скоўваюць нас, ён падняў бы цябе на рукі і панёс бы ў гэтую белую каламуць…

Як дзіўна плыве, як гойдаецца ў ёй, сцякаючы ніжэй і ніжэй, чорны ручай чалавечых постацей!

Некалі я марыў стаць паэтам. Спрабаваў нават пісаць, калі вучыўся на рабфаку. Але ў мяне не хапала вобразнага мыслення. Я мысліў заўсёды канкрэтна. Можа таму часам звужана. Толькі цяпер я зразумеў, што можна неабмежавана расшырыць гарызонты сваіх думак і пачуццяў. Гэта дае новую радасць, узвышае і вызваляе ад шмат якіх умоўнасцей — ад тых, што цяжкімі путамі павісаюць на сэрцы. О не! Я не стаў анархістам! Я за дысцыпліну, за самую высокую! Але за такую, якая ніколі не можа прынізіць чалавека, абразіць яго лепшыя парывы, імкненні, яго гонар і нават слабасці, звычайныя, чалавечыя, без якіх, напэўна, немагчыма жыццё такое, якое яно ёсць, — расквечанае ўсімі фарбамі вясны, лета, восені і нават зімы. Але, нават зімы. Вось такой, калі позна развідняе і рана цямнее. Калі а чацвёртай гадзіне цырк запальвае сваю рэкламу, самую яркую ва ўсім горадзе. Сняжынкі і людзі набываюць дзіўныя адценні ў гэтым неонавым святле. Як у казцы. Як у цырку.

Раней я хадзіў сюды, каб пасмяяцца. Потым пазнаёміўся з акцёрам-комікам, які быў глыбока няшчасны. Я не перастаў любіць цырк, але рэдка смяяўся тут. Больш думаў. Пад музыку, гледзячы на паветраных гімнастаў, якія лётаюць пад купалам, добра думаецца. Не, пра сур’ёзныя праблемы жыцця найлепш думаецца, калі выступаюць клоуны.

Нехта сказаў: гарады як людзі. Але. Адзін расце, узвышаецца і абганяе на тысячу год старэйшага брата свайго, а другі занепадае, ператвараецца ў захудалае мястэчка, як Заслаўе ці Тураў. А як рэкі? Баян спяваў у Слове:

Немизе кровави брезе не бологомъ бяхуть посеяни, посеяни костьми русских сыновъ.

Не верыцца неяк, што яна была вядомая ў тыя даўнія часы, Няміга, ад якой цяпер нічога не засталося. А Свіслач? Якая ж тады была Свіслач? Няўжо і рэкі як людзі: адны мялеюць, заплываюць ілам і пяском, а другія глыбеюць, праразаюць новыя руслы?

Сыплецца снег. Растае на далонях, на шчоках, ружовых і бледных. І на чорнай вадзе, ад якой падымаецца нездаровая пара. Нібы сняжынкі гарачыя. Не, тут наадварот — цёплая вада, вялікі горад выплёсквае ў рэчку гарачыя адкіды сваёй кіпучай жыццядзейнасці. Так, дзейнасць кіпучая, і горад вялікі. Але не апраўдвай тых безадказных людзей, якія гэта робяць і якіх ты колькі месяцаў назад, працуючы ў рэйдавай групе партыйна-дзяржаўнага кантролю, кляйміў ганьбай. Драпежнікі, якія жывуць адным днём і сваімі эгаістычнымі патрэбамі, хоць прыкрываюць іх высокімі словамі. Бацькі, якія не думаюць пра дзяцей. Пра ўсіх дзяцей — будучыню грамадства, радзімы і чалавецтва.

Сняжынкі падаюць у агонь. Блакітны язык полымя вырываецца з заснежанага падмурка манумента, калышацца на ветры, кладзецца на рашотку і, здаецца, вось-вось патухне. Не, не патухае. Не можа патухнуць. Ён вечны, агонь над сімвалічнай магілай. Ён павінен быць вечны — агонь над магілай майго брата, маіх таварышаў… Я хацеў бы, Павел, каб ты ляжаў тут, і я не раз у год, а кожны дзень прыходзіў бы сюды і вось так стаяў бы над тваёй магілай. Дзіўна, што я ніколі не стаяў тут адзін, еось так. Толькі з людзьмі. У ганаровай варце, гэтым летам, калі святкавалі дваццаць год вызвалення сталіцы. Ды яшчэ калі адкрывалі манумент. Цяпер ужо ніхто не спрачаецца пра яго мастацкія вартасці, бо для людзей, для ўсіх тых, хто перажыў вайну, страціў блізкіх, зведаў пакуты, ён стаў Вялікім і Святым Сімвалам.

Манумент Славы і Міру. Але я і дагэтуль не магу пагадзіцца, што помнік збудавалі тут, у яме, а не на самым высокім месцы, адкуль ён быў бы відзён і з Масюкоўшчыны, і з Уручча і з Трасцянца — ад брацкіх магіл.

Людскія раўчакі плывуць па тратуарах і ў снежнай імгле здаюцца далёкімі. А тут — як востраў. Тут амаль цішыня. Як у лесе. Можна, бадай, было б пачуць шорах сняжынак, каб не гудзеў агонь. Але няхай гудзіць агонь! Гэта як шум бору. Далёкі шум.

«Адпусці мяне, Іван, у атрад Каткова».

«Чаму? Паша! Што здарылася?»

«Не магу я ў цябе…»

«Не, ты растлумач, што здарылася?»

«Не магу — і ўсё».

«Што за дурнота! Дзіцячыя капрызы! Ты салдат! Нікуды я цябе не адпушчу».

«Я пайду сам».

«Будзеш лічыцца дэзерцірам. А ты ведаеш, што робяць з дэзерцірамі на вайне?»

«А мне ўсё роўна».

«Глядзі, Валянцін, з глузду з’ехаў хлопец. Перапіў, ці што?»

«Невядома, хто з нас перапіў».

«Як размаўляеш з камандзірам? Які прыклад паказваеш? Май на ўвазе, я не пагляджу, што ты мой брат! Ідзі выспіся. Ты стаміўся пасля разведкі».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: