Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Каб ведаць, што там робіцца, пад Масквой! Каб ведаць пэўна! Безумоўна, нашы стаяць насмерць. Але памерці — не значыць перамагчы. Ці ёсць каму станавіцца замест тых, хто навекі лажыцца ў снег?

Хацелася знаць, што робіцца на фронце, не з перадач радыё. Не з крыклівых нямецкіх рэпартажаў. Не са скупых зводак Саўінфармбюро. Ад жывых сведак, якія напэўна скажуць больш! Ад гэтага, магчыма, залежала маё жыццё. Як у кожнага смяротніка, жыла надзея, глыбокая, таемная: вось-вось нешта павінна змяніцца, прыйдзе нейкая новая сіла… Раней верылі ў сілу боскую. Усё свядомае жыццё я верыў у сілу народа, партыі.

Загад мой быў што выбух бомбы: «Захапіць языка з санітарнага поезда!»

«Вар’яцтва, абсурд, п’яная гарачка! — так назваў гэты загад мой ціхі камісар. — Ты пасылаеш людзей на верную смерць, — казаў ён. — Роднага брата пасылаеш! Каму патрэбны такі „язык“? Навошта?»

Абурыла, што камісару не хочацца даведацца нешта большае, чым можна было пачуць па радыё, пра самае галоўнае, ад чаго залежалі наша жыццё, барацьба.

Разведчыкам, Паўлу, заданне спадабалася. Незвычайнае. Будыка ўсміхаўся, назіраючы маю баталію з Шугановічам. Будыка лічыў, што на вайне, як і ў прыродзе, нічога немагчымага няма. Такая ў яго філасофія. Што немагчыма сёння — робіцца магчымым заўтра. Што немагчыма для аднаго — лёгка здзяйсняецца другім.

Я не адступаў. Здаўся Вася. Але як! «Добра, будзе табе „язык“! Але я сам пайду з разведчыкамі».

Мяне заела.

«Пойдзе інжынер!»

«Я? — збялеў Будыка. — Чаму я?»

«Баішся, тэхнакрат?»

«Баюся. Многа смерцяў прыйшлося ўбачыць».

«І ўсё-такі пойдзеш! Ты адзін гаворыш па-нямецку».

Перастаў усміхацца, выцягнуўся па-вайсковаму: «Слухаю, камандзір».

Я ніколі не мог зразумець цябе да канца, Валька Будыка. І цяпер не разумею. Хто ты? Што за чалавек? Я раскусваў людзей за адзін дзень, разбіраў іх па дэтальках і тут жа лёгка збіраў. Ты — машына больш складаная, чым твае станкі. Кібернетычная. З вельмі складаным праграміраваннем — такім, да сэнсу якога могуць дайсці калі-небудзь хіба такія розумы, як мая Лада. А часам здаецца мне: ты як «матрошка» — просценькі, але двайны ці трайны, і кожны па-свойму адмыслова закамуфляваны.

Разведчыкі не вярталіся тры дні. О гэтыя тры дні! Я іх ніколі не забуду. Да смерці. Выла завіруха. Сціхла. Зноў пачалася.

Я сядзеў адзін. Шугановіч у зямлянку не заходзіў — жыў з партызанамі, займаўся справамі атрада. Я баяўся выйсці да людзей. Упершыню баяўся людзей. І каго? Тых, хто верыў мне, хто па сваёй волі станавіўся пад маё камандаванне, давяраў, па сутнасці, сваё жыццё, свой лёс. Але ж яны павінны і асудзіць мяне. Калі разведчыкі не вернуцца, я сам папрашу, каб мяне судзілі. Усім атрадам… Няхай расстраляюць перад строем. Не, такой смерці я не хацеў! Такой смерці не будзе!

Ніхто мяне не стане судзіць! Але я асуджу сам сябе, калі не вернуцца Павел, Будыка, стары будзёнавец Ермалай Краўчанка.

Я баяўся нават папрасіць у Рошчыхі спірту. І яна, чортава душа, была добрая, калі не трэба. А то не з’яўлялася нават праверыць, як звычайна, ці цёпла ў камандзірскай зямлянцы. Было холадна. Цяпло любіў Будыка і паліў «самавар» — чыгунную печку — бясконца.

Самае страшнае адзіноцтва, калі побач людзі, сябры, а ты адзін. Як вязень, як адшчапенец.

У прыёмнік быццам урывалася завіруха з усяе сямісоткіламетровай прасторы, што ляжала паміж нашым лесам і Масквой. Ледзь чутны — о, які далёкі! — матыў «Свяшчэннай вайны». Таму ён здаваўся жалобным. Бліжэй — нямецкае гаўканне. Але без Будыкі я не разумеў яго. Да д’ябла мне той «язык», калі яны ўжо ў Маскве! Сапраўды, навошта мне спатрэбіўся чужы «язык»?

Шугановіч толькі на трэці дзень здагадаўся, у якім я стане. Хацелася даць яму па мордзе, а потым пацалаваць. Залаты чалавек ты быў, Вася, але часам простыя ісціны да цябе даходзілі, як да жырафы прастуда, — на трэці дзень. Нават спірту прынёс. І сам выпіў. Трывожна было на душы і ў яго.

«Ты разумееш, навошта мне „язык“?»

«Разумею. Але гэта ад страху».

«Выходзіць — я баязлівец?»

«Не. Але ў цябе — душэўная паніка. Ты не ведаеш, што рабіць. Таму кідаешся. То табе захацелася паглядзець на павешаных, то… А што твой „язык“ можа сказаць, няхай ён будзе хоць генерал?»

«Не, ты не разумееш! Я павінен убачыць хоць аднаго з іх адтуль, з фронту. Якія яны цяпер?»

Разведчыкі такі здабылі «языка». Але ўзялі не на той лясной станцыі, дзе павесілі хлопцаў, дзе была вадакачка і спыняліся для запраўкі вадой цягнікі, а ажно ў горадзе, у нашым райцэнтры, за сорак кіламетраў.

Абмарожаны слюнцяй, узрадаваны, што ад’ехаў так далёка ад фронту, вылез увечары, у завіруху, з санітарнага эшалона, каб паспрабаваць купіць шнапс. А Краўчанка сорак год пражыў на адной з вулачак каля самай станцыі.

Ашалелы ад страху, ад болю — разы тры за дарогу яму затыкалі рот, засоўвалі пад салому і тры чалавекі садзіліся на яго, як на куль, — ад холаду, Фрыц не адразу загаварыў, хоць яго адагрэлі і накармілі. Потым — як сарваўся з ланцуга. Крычаў фашысцкія лозунгі, пагражаў: «Сталін капут! Москаў капут! Алёс капут!»

«Не, хлусіш, шчанюк! Гітлеру капут! Табе капут!» — сказаў я і выцягнуў з кабуры пісталет.

Ён упаў на калені. Сарваў з твару павязку. Замест носа — гнойны струп. Размазваў соплі і слёзы. Тыцкаў нам забінтаваныя пальцы і ўсё хацеў паказаць абмарожаны палавы член, нягледзячы на прысутнасць жанчыны — Рошчыхі. Пэўна, думаў, што абмаражэнне такога далікатнага месца найбольш разжаліць нас.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: