Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Зразумеў, што перад намі — не шалапут, не сэрцаед нейкі, а хлопец чысты і жаніцьба для яго — справа сур’ёзная. Ён прыехаў да камандзіра брыгады, як да бацькі. Іншыя такога дазволу не пыталіся. І стала мне яшчэ больш шкада бязвусага хлапчыну.
«Сядай, Мікола. Колькі табе год?»
«Дзевятнаццаць… — і хуценька паправіўся: — Дваццаты ўжо…»
Высветлілі, што да вайны Кірэйчык скончыў дзевяць класаў. Якая адукацыя пад той час! Які кадр для будучага мірнага жыцця! А было гэта зімой сорак чацвёртага. Фронт каля Мазыра стаяў. А мы — у Пінскіх балотах, віселі над нямецкімі тыламі.
Па-бацькоўску адгаворваў я Міколу. Вучыцца табе трэба, хлопча! Вучыцца, а не жаніцца. Перамога вунь відаць, свеціць ужо. Мір наступае. А ты замест таго, каб кінуцца ў навуку, вымушаны будзеш пачынаць з таго, каб звіць гняздо для сям’і. А віць гнёзды нялёгка будзе — усё вакол спустошана, зруйнавана.
Будыка таксама падключыўся — памагаў мне. Пераканалі хлопца. Адгаварылі. Пазней расказаў Надзі — яна нахмурылася.
«Ты чаго?»
«А ў яе вы спыталі? У дзяўчыны? Вы дзве гадзіны з ім гутарылі, а яна ў санях калацілася. І вам, феадалам такім, і ў галаву не прыйшло пагаварыць з ёй. Вам — абы яго пераканаць. Яму — што! А дзе яна знойдзе сваё шчасце? Хто ведае!»
Дзіўна, што пра яе мы не падумалі — пра дзяўчыну. Толькі пра яго.
Ці не пасля гэтага нязначнага эпізоду Надзя пайшла ў вёску, арганізавала школу?
А гады два назад заглянуў да мяне ўжо крыху палыселы, распаўнелы, шыкоўна апрануты мужчына. Не пазнаў я, пакуль ён не нагадаў.
«Прыйшоў,— кажа, — падзякаваць вам, Іван Васільевіч. Помніце, як вы ў партызанах адгаварылі мяне жаніцца? Разумная ў вас галава. Далёка вы глядзелі».
Скончыў Кірэйчык універсітэт, аспірантуру, цяпер — выкладчык інстытута, кандыдат навук. Багаты. Задаволены. Шчаслівы. Парадавацца б за былога партызана. Але ўспомніліся мне Надзіны словы.
«А яна як?»
«Хто?»
«Дзяўчына тая?»
«А-а, Нінка Лагодзіч? Ды не ведаю. Засталася там, на Палессі. Не да яе было. Вучыўся, як апантаны. А пасля сустрэлася другая. Жыццё».
Але, жыццё. Аднак чамусьці знікла ў мяне цікавасць да жыцця гэтага самазадаволенага кандыдата навук, І, наадварот, страшэнна захацелася даведацца, як жа яна, тая Нінка, якую я не пабачыў і не помню. Як склалася яе жыццё? Якое ў яе шчасце?
І цяпер карціць: як жа яна? Трэба ўлетку паехаць пашукаць яе сляды…
— Пра што задумаўся, тата?
— Дзеду, дай віна. Салодкага.
— Іван! Вядзі рэй! А то вучоныя за чубы хутка возьмуцца.
Гудзе застолле. Ідзе паўп’яная бязладная і бясплодная мужчынская дыскусія. А жанчыны трашчаць пра сваё.
— Дагматыкі вы, біёлагі. Запусцілі навуку…
— Не захочаш жыць з нявесткай — пабудуеш кааператыўную.
— Мы запусцілі? У вашу фізіку ніхто не лез з мудрымі парадамі. А ў біялогію кожны лезе…
— Як у мастацтва.
— У яе бацька генерал. Ані капейкі не дае. А ў нас адкуль тыя грошы?
— У музыку яшчэ не так, а вось у кіно… то кожны глядач — цаніцель, вышэйшы за Феліні.
— А хто такі Феліні?
— Я акцёраў не запамінаю. Чорт іх запомніць!
— Мы, фізікі, верым адзін аднаму, падтрымліваем, развіваем… А вы з’ядаеце адзін аднаго. Не па біялагічных законах. Барацьба ўнутры аднаго і таго ж віду.
— Без розных думак навука не зрушыць…
— Не блытай навуковую дыскусію з групаўшчынай.
— Бяда, што яны ігнаравалі біялагічную практыку. У нас, машынабудаўнікоў, немагчыма аддзяліць навуку ад практыкі. Машына павінна працаваць, — гэта Будыка.
— Ды не заўсёды. Вось Ігнат Свірыдавіч — прадстаўнік інстытута, машыны якога — а за іх выдавалі прэміі — валяюцца на калгасных дварах металаломам.
— Няпраўда.
— Яны па сто карцін у год глядзяць, а якая карысць?
— Не тыя карціны — таму і карысць такая.
— Нельга закрэсліваць работу ўсяго інстытута. Няхай адна-дзве машыны не ўдаліся…
— Валянцін Адамавіч, чыстую талерачку.
— Волечка, мілая, не трэба. Пасядзі ты спакойна.
— Таварышы! Да д’ябла вашы вучоныя размовы! Самы традыцыйны, але самы шчыры і сур’ёзны тост! За бацькоў. За Вольгу Усцінаўну. За Івана Васільевіча.
— За вас, мама! — гукнуў жаніх і павярнуўся да цесця. — За вас, Іван Васільевіч.
— За тваіх бацькоў, Саша. Шкада, што яны не здолелі прыехаць.
— Не цісніце на сантыменты, а то разравуся, як цялё. Будзе клопату!
Моладзь пачала скандзіраваць:
— Ма-ла-дых! Ад-дай-це нам маладых!
Але выйсці з-за стала было не так проста.
У дзвярах з’явілася Ладзіна сяброўка, аднакурсніца, настырная дзяўчына, завадатарка ў гульні. Кальнула:
— Дарагія бацькі, дзяды і бабулі! Зрэдку прыслухоўвайцеся да голасу моладзі. А то пачнём бунтаваць! Будзе вам клопату!