Шрифт:
Калi абарваўся хвост таго, што паджгаў у "саюзную Гiрманiю", рушыў гэты з ваеннымi цацамi ў "гнюсную Фiнландзiю". Ужо пасьля яго паднялiся запоры пераезду i, напiнаючыся ў аглоблях развалак, цягнулi "нарыхтоўкi дзяржаве" конi. Далей за пераездам у вялiкiх, пачарнелых ад сажы сьценах, дымячы з трох комiнаў, чыгуначнае дэпо грукала сваiм сьлёсарска-рамонтным жыцьцём. На страсе вялiзнай майстэрнi пачарнеў ад гары сьнег. Халодным сьвятлом аблiвала зьверху мястэчка зiмовае сонца, зьзялi на дарозе гладкiя каляiны ад палозьзя саняў, наляталi вераб'i на парассыпаную па дарозе пацяруху. Моцна трымаў у сваiх учэпiстых кiпцях замезлую зямлю мароз.
Пры самым вакне, у перапоўненай клясе сядзеў Янук. Ён ня бачыў таго, што за вакном адбывалася. Разам з дырэктарам Якаўлевым i вучнямi двух клясаў прыглядаўся як рыхтуе паўстаньне, рукамi рымскiх гладзiятараў выбiрае зброю, узважвае магчымасьцi перамогi над тыранамi з форуму вялiкi Спартак.
На стале перад Якаўлевым ляжала таўстая, у шэрых палатняных вокладках, кнiга. Дырэктар чытаў. Ня было ў праграме пятае клясы дырэктаравай лекцыi. Вучыў ён геаграфiю й гiсторыю ў трох старэйшых клясах. Сяньня занямог, мусiць, стары матэматык i таму дырэктар загадаў паклiкаць пяцiкласьнiкаў у шостую клясу, адкiннуў нармальную праграму i ўзяўся чытаць.
Танклявы, сухi ў твары, напалову ўжо лысы, малады дырэктар мог-бы прыкiнуцца старэйшым студэнтам, цi ўраднiкам, калi-б ня ведаючы яго, дзе мiж людзей сустрэлi. Надзiва дзяцiнны з выгляду твар ня ўзбуджаў з боку якое-небудзь пашаны, а хутчэй да панiбрацтва спанукаў. Гэта да таго часу, пакуль дырэктар рот адчынiў. Прыпадковы панiбрацец адразу насьцярожваўся, рабiў хуткую пераацэнку чалавека, у каторага напалову лысай галаве зь дзяцiнным тварам мусiў мясьцiцца няштодзённы розум.
Прадметы, выкладаныя дырэктарам, давалiся вучням чысьцюсенькай насалодай. У клясу настаўнiк уваходзiў борздым, спружынiстым крокам i мамантальна ацiхалi вучнi. Скупа ўсьмiхнуўшыся. Якаўлеў чытаў дзёньнiк прысутнасьцi, выклiкаў аднаго цi двух для праверкi матар'ялу ды, не марудзячы, роўным вольным крокам пачынаў вандраваць перад фронтам лавак.
– Амазонка, как вам всем iзвестно, пересекает контiнент Южной Амерiкi с запада на восток, - пачынаў роўны нiзкi бас.
Вучнi не спасьцераглi, калi пераносiлiся ў флёру й фаўну бразылiйскай джунглi, цi iншым разам слухалi пра паўжабракоў з-над сiняга Нiлу. Суправоджаныя красамоўствам дырэктара, валачылiся Ганiбалавы сланы праз засыпаныя сьнегам, небясьпечныя Альпы, тапiлiся пад напорам Ганiбалавых вояў Рымляне ў Тразiменскiм возеры, або квялiў далiкатны слых рымскiх патрыцыяў шурпаты голас Нэрона. Пасьля дырэктаравай лекцыi мала хто пацеў над гiсторыяй цi геаграфiяй дома, хiба адно каб затрымаць у галаве галоўныя даты й факты.
Сяньня нешта зусiм неспадзяванае сталася. З вуснаў таленавiтага настаўнiка, каторага нiхто з вучняў ня чуў, каб калi беларускай мовай карыстаўся, паплыла прыгожая, прывабная, як крынiца чыстая мова бацькоў вучняў гэтых.
– Вследствiе того, что заболел Iван Нiкiфоровiч, собрал я здесь два класса, но так как нормальной програмы не могу преподавать, предлагаю вам чтенiе iз рiмской iсторii, - пачаў на ўступ дырэктар. Далей коратка й зьвязна паясьнiў пра пэрыяд, да якога адносiлася чытаньне, дзеючых людзей i ажно тады адчынiў таўставатую, шэрую кнiгу.
Шматколерным багацьцем паплыла з вуснаў Якаўлева вялiкая й цудоўная беларуская мова. Яна бруiлася вясёлкамi вялiкае трывогi рымскага канфлiкту, вуснамi патрыцыяў клiкала на помач розных вялiкiх i малых багоў, выгiналася й цадзiлася мiлагучнасьцю людзей з-над Нёмана, Дзьвiны, Дняпра, малюючы вялiкую драму магутнага, адыйшоўшага ў гiстарычныя кнiгi й памятнiкi краю. Дырэктар замянiўся ў мастака, што быццам насалоджваўся-забаўляўся сьпеўнасьцю, гiбамi й перагiбамi моўнае тканiны паняволенага народу. Голас то зьнiжаўся, запавольваў, сьцiхаў, гладзiў-няньчыў, ладзiў прыгожую казку-нябылiцу, то зноў з мэтанакiраваным iмпэтам уздымаўся на вышынi, грымеў гневам, пярунамi, маланкамi, цi зноў рагатаў, прасiў патолi, супакою. Захапляла самая шырыня дырэктаравай танацыi, разьмеркаваньне перапынкаў. Калi слухач ня ведаў тайнiцаў майстэрства мастацкага чытаньня, дык ня гэтта месца й час iх разгадваць. Сакавiтая рака зь Якаўлевых вуснаў ашаламляла, брала слухача ў палон цудоўнага моўнага багацьця, ангажавала, валачыла, адрывала ад рэальнага й на лёгкiх крыльлях пераносiла ў iншае, няменш праўдзiвае й цiкавае.
Быццам заварожаны-зачараваны, разявiў шырака ад зьдзiўленьня рот i забыўся пра суседку Дуню Янук. Калi дырэктар пачаў чытаць, Бахмач зь няўцямнасьцю на твары зiрнуў на дзяўчыну й iншых вучняў. Але чараўнiца мова падхапiла, завалодала, панесла.
Кагадзе, пасьля лекцыяў пайшоў Янук зь Лявонам Загорным у мясцовую краму купiць патрэбныя школьныя падручнiкi. Кнiгi былi, але не ў расейскай, а ў беларускай мове. Пакiнуўшы краму з пустымi рукамi, зайшлiся хлопцы да Лявонавага дзядзькi, здольнага агранома, што на краю Гацяў меў вялiкую прыгожую хату ды надта ўзорны сад i агарод. Апроч добрай i даходнай аграномii, маладжавы Лявонаў дзядзька ганарыўся й вялiкай бiблiятэкай, у якой амаль поўнае багацьце беларускiх выданьняў нашанiўскага й акупацыйна-польскага пэрыяду.
Прывiталiся. Дзядзька папрасiў вучняў сесьцi й расказаць навiны.
– Ды от нiчога такога, - гаварыў Лявон, - хадзiлi ў краму падручнiкi купляць.
– Ну й што, купiлi?
– Ды дзе там... Такiх, як нам трэба, паруску нiма, атолька розныя практыкаваньнi ды выкрыўляньнi, - скрывiў вусны Лявон.
– Ня якога чорта нам такiя.
– Бiларускiя, значыцца?
– хацеў упэўнiцца аграном.
– Ага, ну а якiя-ж...
– адказаў Лявон.
– Эгэээ, брацец ты мой!
– успыхнуў перад хлопцамi аграном.
– Смаркач ты, малакасос нiкчэмны, бутылка цёмная, на свае роднае ўжо пачынаеш пляваць, нi разабраўшыся яшчо што i ў чым! Замiж таго, каб зацiкавiцца, распытацца, сваё палюбiць i шанаваць, дык ты ўжо крывiшся, пад ногi таптаць хочаш?