Шрифт:
Трымалася цёплая пагода, надыходзiла лета. Прагожа ўзбуйнела на Пракопавай лiпавiцкай дзялцы пшанiца, весялiўся бульбоўнiк, усьмiхаўся лён, авёс i ячмень. I часта хадзiў любавацца-цешыцца новым пярэстым хутарам Бахмач. Хадзiў да таго часу, пакуль ня прыйшлi падатковыя наказы. Прынёс iх у хату цяпер малагаманлiвы Лявон Шпунт. Яго й Косьцiка недзе пасьля Вялiкадня адпусьцiлi. Ромкаў гаспадар месяцы два ў Вялейцы на нейкiх, як казалi, важных курсах затрымаўся. Вярнуўшыся, працаваў у раёне нi то сакратаром, нiто кнiгаводам. Казалi, што неўзабаве арганiзацыяй калгасаў манiцца заняцца. Лявон-жа ў гацкiм сельсавеце служыў.
Пасьля атрыманьня наказаў, пачалiся ў Лiтоўцах абмеркаваньнi падаткаў. Справа ў тым, што вышыня iх перарасла ўгадкi найбольш сьмелых фантазёраў. Ужо нашто асьцерагаўся каб лiшняга не сказаць, пасьля арышту ў Гацкiм НКВД Антось Дзяркач, дый той цяпер рот адчынiў.
– Скажу вам, братцы, чаму цяперака па дваццаць пудоў жыта ад актара плацiць будзеце, - тлумачыў Антось.
– Бальшавiкi як загадаюць, каб яна вырасла ды ўрадзiла, дык i вырасьцiць, i ўродзiць, ня дзе яно дзенецца. Так як яно ў iх там за гранiцай усё вырастаiць. Ня чулi, можа? Гэта-ж во прыйшоў раз адзiн баец да мужыка. Разгаварылiся. Той яму сваiмi пчоламi захацеў пахвалiцца, дык баец i кажа: - Знаеце што? От у нас пчолы, бальшушчыя, як у вас вераб'i, нi раўнуюючы! Мужык разявiў рот i думаiць сабе, што як гэта такiя вялiкiя пчолы могуць быць... Нячуванае... Ён i пытаiцца байца: - Ну скажыце, пажаласна, калi ў вас пчолы такiя вялiкiя, дык як яны ў вуль праз такую малую лётку ўлезуць? А баец яму ў вадказ: - Чудак ты, мiлый мой, канешня што ўлезуць. Пiшчаць да лезуць!
На зьмярканьнi ў нядзелю дзецi ганялiся за травеньскiмi хрушчамi, што насядалi на дзьве пышныя рабiны перад Алесявай хатай. У лiпавiцкiм бары голасна кукавала зязюля. Мужчыны сядзелi на лавачцы ля тыну й гаварылi.
– I ўсе так гавораць, што гэткiх падаткаў, цi, як яны называюць, налогаў ня будзiць як выплацiць. Хоць ты ўсё аддай, а рады не дасi. Як быць?
– казаў Алесь.
– I навыдумлялi-ж... то пазямельныя, то падаходныя, то iншыя чартоўскiя, а цяперака яшчо нейкi кульналог, а грашовыя наверх, мусiць. Што гэта робiцца?
– мяркаваў Пракоп.
– Я гэттака, швагрок, падазраю нешта, - сказаў Алесь.
– Ну што?
– Ты-ж толька сваiм здаровым розумам падумай: цi-ж яны нi знаюць, што нiкому такiя падаткi нi пад сiлу? А калi так, дык навошта гэтак робiцца?
– Кажы, што думаеш, - спанукаў Пракоп.
– Памоему яно ўсё з думкай робiцца. Калi людзi ня будуць магчы выплацiць, - а гэта саўсiм ясна, што нiхто рады нi дасьць, - дык тады пачнуць кiдаць тыя зямельныя надзелы з панскага. Праўда, цi не?
– Можа, - буркнуў Пракоп.
– Згода. Людзi, значыцца, пачнуць адмахвацца ад зямлi як чорт ад вады сьвянцонай. Бальшавiкi тады скажуць, што, маўляў, зямлi вам далi колькi вы хацелi, а вы ня ўмелi яе апрацаваць i падаткаў не плацiце. Значыцца, гледячы бальшавiцкiмi вачамi, дзе прычына?
– Ну як табе сказаць... цi ня людзi вiнаватыя...
– Во, во, так i скажуць. Ну а калi так, дык да чаго гэта вядзець? працягваў Алесь.
– Да калхозаў, думаеш?
– Ну а да чаго-ж, калi нi да калхозаў? Значыцца, скажуць, што вы гаспадарыць ня ўмееце, дык хадзiце ў калхозы, мы вас, братцы, навучым. От як!
– заключыў Алесь.
– Нячыстая сiла!
– сказаў злосна Пракоп.
– Няўжо-ж чыстая... От возьмуць цябе ў свае рукi й ня пiкнiш, брацiц. Хоцькi-няхоцькi, а ў калхоз пойдзiш, як мiлiнькi.
Пракоп пацерабiў за шыяй i доўга, упарта глядзеў швагру ў вочы. У лiпавiцкiм бары спынiла сваё кукаваньне зязюля.
– Верыць ня хочацца. Дзе-ж iх галовы? Як у людзей ня будзiць нiчога, дык i ў iх тады фiга будзiць начаваць...
– Гэта так, на розум бяручы дык трэба пагадзiцца, - згадзiўся Алесь, што калi будзiць у людзей, дык будзiць i ў дзiржавы. Алi-ж тутака вер ты гэтаму чорту й ня вер. От паглядзi ўжо як пачалi гаспадарыць. Абяцалi насеньня даць. А далi?
– Нi было чаго, мусiць.
– А тое, што пазабiралi з маёнткаў, ад асаднiкаў, дык дзе яно падзелася.
– Мусiць сабе ў свой саюз завязьлi.
– Ну дык от, значыцца... Калi ў iх тамака так добра, такi рай, як кажуць, усяго ўволю, дык нашто iм наша? Мусiць хрэн там у iх, галота адна, во...
37
Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх над кашмарам прынесенай чужнiкамi злыбяды й таму салодкiм быў пот i стомленасьць на новай зямлi.
– Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.
– Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць?
– мяркаваў iншы.
Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа "вызвольнiка". Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй..."