Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

Можа каб той дзядзька добрым ладам, ласкава вытлумачыў, параiў, можа тады вочы адкрыў-бы. Але-ж не. Як-бы ядавiтай гадзюкай укушаны, ён тросься з гневу, бiчаваў пляменьнiка кленiчамi, пагражаў, зьдзекваўся. Можа яно было й рацыянальна, можа ў самога дзядзькi гаркога даўно на сэрцы накiпела. Хто-ж яго ведаў... Адно тады, - прыгадаў пасьля Бахмач, - было сорамна й крыўдна. Там, дзе маглi-б адчынiцца дзьверы ў родны сьвет, пляснула вялiкая аплявуха.

На розных сходах чужнiкi карысталiся расейшчынай, дый навет свае ўчэпiстыя басякi з "народнае ўлады" калечылi чужое й свайго цуралiся. Мусiць, цi так трэба было, цi мода такая. Дый цi думаў пра тое паважна Янук, або каторы iншы школьны юнак. Чужая моўная плынь завалiла старую мяжу i ўварвалася ў краiну разам з тымi магутнымi танкамi ды абшмулянымi хамутамi й стрэльбамi на вяровачках зь пянькi. Тыя зь вёскi, што былi некалi ў Расеi, трымалi ў пашане мову Пiцера, бо там была крынiца й сiлы, i нейкага блiжэй нявызначанага палiтычнага розуму. Сваё-ж жыло ў песьнях, казках i прыказках... Вялiкая, багатая й цудоўная, чужнiкамi гвалчаная мова, што цяпер ашаламляла сваймi колерамi зь Якаўлевых вуснаў, жыла й цьвiла як шматгранная ў нязьлiчоных колерах прырода. Апляваная чужнiкамi, ганьбаваная мясцовымi недавукамi, яна чакала свайго новага прыходу. I вось дзе яна, незраўнаная прыгажуня, вуснамi таленавiтага "васточнiка", добрага настаўнiка, выдатнага чытальнiка-мастака нарэшце шырака адчынiла дзьверы, загудзела-загаманiла, забавiла-зачаравала. Мо й сам Якаўлеў ня ведаў што робiць.

Сэнс надзвычайнага адкрыцьця ледзь не ашаламiў Янука. Першае зьдзiўленьне ўступiла месца надзвычайнаму захапленьню, а пасьля ўжо й памяркоўнаму, мо яшчэ крыху наiўнаму разважаньню. "Дык от якая яна пекная!" - думаў Янук.
– "Саўсiм нягоршая, а можа яшчо й лепшая, чым расейская. Глянь, як ажылi старыя Рымляне. I гэта ўсё панашаму. А калi гэта так, дык чаму ўсе казалi, што польская й маскоўская ёсьцiка пякнейшыя? Нiпраўда, мусiць..."

У Гацкай сямiгодцы беларуская мова была адно абавязковым прадметам. Была й родная лiтаратура, а ўсё iншае выкладалi парасейску. Мову й лiтаратуру беларускую надта суха й схэматычна выкладаў завуч Перабораў, чалавек, вiдаць, здольны. Адно, што насядаў ён на рознае аканьне й яканьне, дзеканьне й цеканьне. "у"кароткае, склоны, лады й iншае. Маючы, мусiць, праграмны падыход, наводля прынцыпу "абы збыць". Перабораў, ведама-ж, трымаў вучняў воддаль ад цудоўных скарбаў i вялiкага мастацкага патэнцыялу роднае мовы. У ягоных вуснах i Купала, i Колас, i Зьмiтрок Бядуля гулi суха казённа, калолi асотам, адштурхоўвалi, прыносiлi нейкi жвiраваты, штучны смак. Нацiск на правiлы наблiжаў мову да матэматыкi, шаблённыя пераказы апвяданьняў цi iншых мастацкiх твораў спынялiся на зафiксаваных праграмных вэрсiях, што пасьля ўсьмiхалiся пяцёркамi, крывiлiся тройкамi, або зьдзеквалiся двойкамi ў вучнёўскiх дзёньнiках. Завуч Перабораў чытаў неяк штучна, быццам чужынец, у найлепшым выпадку як чалавек, якому прадмет быў прынамся ў сярэдняй ступенi абыякавы. Калi гэта ня была казёншчына, - а сам завуч бяздушным настаўнiкам-рамесьнiкам, - дык што гэта тады было?

Наўмысна цi нясьведама, прыпадкова цi з намерам дырэктар узяў вучняў за рукi, узьвёў на вышыню й адчынiў перад iмi магутную, вечна жывую, бурлiвую й цудоўную стыхiю. Працэс адбыўся незаўважна, прост-напраст арганiчна, бязь нiякае прынукi. Ня быў-бы дырэктар красамоўным i таленавiтым настаўнiкам, ня любiў-бы мовы Купалы, Коласа й Багдановiча, не заваражыў-бы чараўнiчай сiлай ейнай сваiх вучняў, прынамся не разбудзiў-бы вялiкага й чароўнага сьвету ў Януковым сэрцы.

– Што ты думаеш, Дуня?
– спытаў Янук Макатунiшку на перапынку.

– Думаю пра што?

– Пра Якаўлева чытаньне.

– Добра чытаiць, лепi як ты цi я, - усьмiхнулася дзяўчына.

– I гэта ўсё?
– спытаў рашчараваны Янук.

– Ну а што яшчо?

– А тое, што пабiларуску чытаў, от... тое, што нам здавалася, што можа ён пабiларуску й ня ўмеiць, а ён во глядзi як, дый яшчо...

Янук затрымаўся, ня ведаў як выказацца.

– Яшчо што?
– таўханула дзяўчына.

– Я сам, знаiш, слухаў i проста сваiм вушам ня верыў. Мне здавалася, што ёсьць пекныя мовы, алi толька нi наша... Ну можа руская, польская цi французкая... от як я думаў. Цяпер слухаў я Якаўлева ды проста анямеў. Дзiва дзiўнае! Цi чула ты такое нешта пекнае, як наша гаворка? Як яна гучыць, ляцiць, захапляiць, пiралiваецца як чыстая крынiца. Кажу табе: мусiць гэты Якаўлеў вялiкi штукар у чытаньнi бо так-жа пекна, так пекна ў яго выходзiць, што я нiколi не паверыў-бы...

– Так, падумаўшы дык ты праўду кажаш, - згадзiлася дзяўчына.
– Алi-ж гэта для таго, хто сам любiць чытаньнем забаўляцца, мову любiць. Мне то яно ня вельмi. Ну я люблю гэта, нi магу сказаць, што не, алi ня тое, каб я за моўнай пiкнатой прападала...

– Табе, мусiць, толька зёлкi ды краскi, - усьмiхнуўся Янук.

– Так, гэта маё. Алi-ж знаеш, што я й да навукi ня зломак...

Янук мяркаваў, што альбо лепш спынiць гаворку, або зьмянiць тэму. Так цi накш, пытаньне прыгажосьцi цi вялiкасьцi мовы, тое, што сяньня чуў i пра што думаў, гэта адно вяршок ледзяной гары. Зачапi вяршок, зацiкаўся цэлай гарой, дык тады трэба пад ваду лезьцi, шмат чаго iншага заглыбляць.

36

Каторыя з вас ведалi Пракопа Бахмача ў iншыя часы, - прыбiтага, згорбленага, церпячага, - не пазналi-б у гэну тыравеньскую ранiцу, калi зь сяўнёй на грудзях новую нiву сеяў. Нiва, як вам ужо ведама, некалi лiпавiцкаму пану належала, а пры падзеле зямлi Бахмачу трапiла.

Павольна i ўрачыста ступаў па чорнай ральлi Янукоў бацька, буйнае, пазычанае ў Сявенькi зерне жменяй рассыпаў. I крок памяркоўны, i рукi размах налева й направа, i сама постаць цяпер выпрастаная, i гаспадарлiвыя вочы, здавалася, за кажным зярняткам сачылi. Гэтак сейбiт Пракоп, спадзяваньнямi на лепшае перапоўнены, ажыў, уздужэў i быццам вясна навокал, сокамi налiваўся. Уверсе, пад ласкавым сонцам гаманiлi песьнямi жаўранкi, на доктаравых клёнах высьвiствалi шпакi, у бары канцэрт трымалi iншыя птушкi, а на Захаруковай лiпе, дзе гаспадар паправiў пашкоджаную зiмой бусьлянку, клекаталi буслы. Сьляды лапцей, падшытых гумай зь нейкай знойдзенай на абочыне дарогi бальшавiцкай шыны, аставалiся на пульхнай, сьвежа пабаранаванай, ральлi. Побач, на адмераных дзялках, сеялi iншыя вяскоўцы. Даўшы адпачыць кабыле, Янук рушыў з бараной зь верхняга кута. На сьвежа забаранаваную ральлю наляталi галкi.

У пазыкi па насеньне, апроч Пракопа, прыйшло i з паўтузiна iншых вяскоўцаў. "Граб награбленае" вымяла панскiя сьвiраны. Зерне паехала ў "нiаб'ятную", пра якую розныя дзiвы ў вадзiн голас апавядалi чырвоныя жаўнеры. Калi мясцовыя сяляне й не спадзявалiся, можа, што гэныя шчасьлiвыя калгасы з-за ўчарашняй мяжы памогуць iм насеньнем, дык, бязумоўна, мяркавалi, што ёсьць запасы ў панскiх i асаднiцкiх сьвiранах i ўсiм павiнна iх хапiць. Ды "нарыхтоўкi" ня толькi панскае павымяталi, але бальшыню дабра i з багацейшых сялян выцягалi. Дык калi пасьля "нарыхтовак" вялiкай народна-ўладавай фiгай вырас усiм на паказ гэтак званы семянны фонд, людзi ў пазыкi да сваiх пайшлi. Сявенька, - чалавек натуры добрай i спагадлiвай, шмат каму пазычаў, бо сваей зямлi сам абсеяць ня мог, а наймы скончылiся. Некаторыя хадзiлi ў пазыкi да Косьцiкавага бацькi Бурака, але гэны, празь меру прагавiты, так разьбедаваўся, што, здавалася, на яго беднасьць трэба было-б цэлай вёсцы ссыпку рабiць. Тымчасам у Паўлюковым гумне, у тым катуху, куды ён яшчэ зiмою бальшыню дабра ў новых мяхох перацягнуў i прыкрыў, каб ня бачыла непаклiканае вока, сыцелi цяпер пацукi й мышы.

Здавалася, што пасьля сiбiрскай зiмы зямля й сонца натужвалi ўсе свае жыцьцядайныя сiлы, каб адрабiць i паправiць тое, што зглумiў мароз. Людзi спачатку варажылi на двое, але калi поўнасьцю азелянiлiся лясы, прыбраўся ў лiстоту гiгант Архiп, за гумнамi зьдзеклiва чарнелi сады. Хiба адно сьляпому ня вiдаць было, што мароз непапраўную шкоду прынёс. Пракоп з жахам спасьцярог, што вымерзла бальшыня яго пчол, а тых пару сем'яў, што выжылi, падкармлiваць трэба было. Са сьлязьмi на вачох злосна вылаяў Бахмач таго маскаля-перапiшчыка, што сьпiсаў ня толькi тады яшчэ поўныя, але й пустыя вульлi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: