Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

Цяжка было веры даць. Праз голас прабiвалася лагоднасьць, а на твары са шрамам на лбе прасмыкнула нешта наводля зычлiвае ўсьмешкi. Адсутнiчала казённае "таварышч". Пакуль Ромкаў гаспадар ступiў на парог, за сталом панавала лёгкая й непасьпешлiвая вольнасьць, лагоднасьць. Гэта быў той пэрыяд дня, калi чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага "пабяседаваць", нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.

– Адчапiся во!
– сыкнуў.

Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.

– Пекнага ката маiце, - сказаў Косьцiк.

На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?

– Ну што чуваць, Пракоп?
– прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.

– Нiчога от, сам знаiш, - буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.

– Здароўе як?
– пытаўся далей Сабакевiч.

– Эт... дзяржуся, - неахвотна адказаў Бахмач.

Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.

– Зайшоў-жа я во, панiмаiш, праведаць што случылась, чаму на мiцiнгу ня быў, - сказаў Сабакевiч.

Сьнеданьне кончылася. Бахмачы сядзелi ля стала й нiхто нiкуды не сьпяшыўся. Пракоп аблiзаў вусны, забаўляўся з вусамi ды чакаў што далей будзе гаварыць Сабакевiч.

– Панiмаiш... канечня нiбальшая бiда, што ня быў, ну ўсяк бываiць, случай якi то...

Косьцiк спынiўся, мяркаваў.

– Цi гэта так важна, што я ня быў?
– азваўся Пракоп.
– Бiзь мяне нi абыйшлося тамака?

Сабакевiч падумаў, уважна зiрнуў Пракопу ў вочы.

– Я-б сказаў, очынь важна. Сам знаiш: калхоз нам у дзярэўнi нужна залажыць. Бiз калхоза, - сам вiдзiш, - людзi рады нi дадуць. Хацелi зямлю. Наце вам, дала савецкая ўласьць. Ну й што пасьля таго? Сам знаiш, дажа налогаў гасударству ня могуць уплацiць. А ў калхозе пра налогi ня трэба будзiць i думаць.

– А хто-ж iх заплацiць?
– цiха спытаў Пракоп.

– Ну як гэта хто?
– крыўдным голасам адказаў Сабакевiч.
– Опшчая гэта ўсё, панiмаiш, стала быць аб налогах нечага забоцiцца. Калхоз налогi заплоцiць.

На языку ў Пракопа вiсела ўжо наступнае пытаньне, але стрымаўся. Ня верыў-жа ён, што Косьцiк прыйшоў у хату яго, ласкавын i дабразычлiвым намагаўся быць адно таму, каб пра даброты калгасаў расказаць.

– Ты панiмаiш, Пракоп, мне нiясна чаму гэта нашыя людзi ў калхозы баяцца йсьцi. Канечня, некаторыя гавораць, што ўражая агiтацыя вядзецца. Думаю, што ёсьцiка там доля праўды, ну нi саўсем гэта правiльна. Есьлi-б я сваiх людзей нi знаў, ну знаю iх як аблупленых... Розум у iх ёсьць i есьлi яны ўжо ўвiдзяць удобства, каб пайсьцi ў калхозы, так памоему нiякая ўражая агiтацыя iх нi задзержыць. А ўдобства пайсьцi ў калхозы ўсiм вiдны. Таму й нi панiмаю чаму задзержка...

– А можа зарана яшчо? Можа яшчо людзi падумаць хочуць? I чаго ўжо так напралом лезьцi ў тыя калхозы?
– пытаўся Пракоп.
– Ты-ж сам знаiш, што нашы людзi прынукi ня любяць. Дык каб тут быў час падумаць, каб нiхто нi пхаў...

– Ну панiмаiш, дзела ў тым, што жалеза нужна каваць пака гарачо! узарваўся зь месца Сабакевiч.

– Ня чуў-жа я, каб дзе ўжо калхоз якi зрабiлi, - спакойна й разважна адказаў Пракоп.
– Нешта марудзяць... Унь колька вёсак, а калхозу нiводнага й на развод. Мусiць разумныя ня толькi ў Лiтоўцах жывуць. Каб там такое, Бог ведаiць якое дабро ў тых калхозах, дык чаму-ж, ня ўдзержылi-б ад iх людзей...

– Ты ўжо ўсе налогi заплацiў?
– спытаўся Косьцiк.

Пракоп узгарэўся. Даймала колкае "ты" й начальнiцкi тон.

– Сам-жа знаiш, пэўня, дык навошта пытаешся, - адказаў.

Пракоп пацiснуў плячмi.

– Цэлае лета пацеў сам i унь сыны на тэй лiпавiцкай дзялцы. Дзякуй Богу, урадзiла.Ды каб аддаў усё-ўсенькае на тыя налогi й кулi, i нейкiя чортам выдуманыя лiшкi дык i то нi хапiла-бы. Ну што-ж... Нiхай во гэту астатнюю кашулю з плячэй зьдзiраюць!
– шорстка выказаўся Пракоп.

– Дык вiдзiш, панiмаiш, пра астатнюю кашулю пачынаiш, - стрымана пачаў Сабакевiч.
– А цi ты спрасiў сябе, зачэм яна, твая кашуля якому чорту нужна? Я табе раньша гаварыў i цяперака гавару й паўтараю: ня будзь ты мудрэй усiх мудрых. Прыйшла новая ўласьць, новы парадак, каторага многiя нi панiмаюць. От у чом дзела, панiнаiш? Новая ўласьць гэта i ёсьць уласьць народу. Стала быць для таго, штоб народ васпользаваўся ўсiмi вазможнасьцямi новай жызьнi, нужна i дажа савершэнна нiабхадзiцельна, штоб нiхто нi сапрацiўляўся новым законам i парадкам. Так от, - гэтта Сабакевiч падыйшоў i затрымаўся пры канцы стала, - есьлi сказана, што, калхозы гэта - вышшая сьцепень сацыялiсьцiчаскай сельскахазяйственнай благадацi, значыць так i ёсьць. Стала быць, чым скорша ў калхозы цем лутша...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: