Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Сакс
Амаль паўгадзіны мы з Васілём, нібы мышы, сядзелі ў кустах. На наша шчасце, з лятальнага апарата ніхто не вылез. Нідзе нават сучок не трэснуў.
А пасля мы ўбачылі Піліпа Макаравіча. І што самае дзіўнае? Побач з ім ішоў Чорная Накідка.
— Чорная Накідка! — таўхануў я локцем Васіля.
— Без асінкі ідзе, — азваўся Васіль. — Адляпіў яго Піліп Макаравіч.
— Гукні, папярэдзь, што ў Чорнай Накідкі нож. Васіль прыўстаў.
— Эй!
А Піліп Макаравіч:
— Хлопцы, вылазьце. Я зірнуў на Васіля.
— Вылазіць ці не?
— Вылезем. З Піліпам Макаравічам не страшна. Мы высунуліся з куста. Пазіраем, як два палахлівыя зайцы.
— Не бойцеся яго, — паказаў на Чорную Накідку Піліп Макаравіч. — Гэта іншапланецянін. Ен добры. Я яму пра вас расказаў.
Іншапланецянін! Вось дык навіна! Даўно я марыў сустрэцца з іншапланецянінам. Але не такой уяўляў сустрэчу. Думаў, што ўбачу дзе-небудзь на вялікай плошчы… Воклічы «ўра!», абдымкі, пацалункі, мора кветак… А выйшла як? Ні воклічаў, ні абдымкаў, нібы так і трэба, нібы іншапланецяне прылятаюць да нас у соты ці тысячны раз.
— Ен добры. Не бойцеся, — паўтарыў Піліп Макаравіч.
— Чаму ён хаваўся ад нас, калі такі добры? — прамовіў Васіль.
— Спалохаўся. У страху, самі ведаеце, вочы вялікія.
— Гэта ягоная машына?
— Не машына, а лятальны апарат «Альбатрос», — сказаў Піліп Макаравіч. — На «Альбатросе» ён да нас і прыляцеў.
— Адкуль прыляцеў? З якой планеты?
— Чулі пра Тунгускі метэарыт?
Канешне, чулі. І ў школе нам не раз расказвалі, што 30 чэрвеня 1908 года над сібірскай тайгой непадалёку ад ракі Падкаменная Тунгуска штосьці ўзарвалася. «Загадкавы выбух», — так пісалі і пішуць у газетах. Паветраная хваля ад выбуху абляцела ўвесь зямны шар, парушылася магнітнае поле планеты, у многіх краінах зафіксавалі «светлыя ночы». І самае цікавае: на месцы выбуху не знойдзена аніякіх слядоў віноўніка катастрофы. Адны вучоныя лічаць, што ўзарвалася лятаючая талерка, другія пішуць, што камета, трэція даказваюць, што метэарыт. Горы паперы спісалі, а ўсё спрачаюцца.
— Пра Тунгускі метэарыт мы не толькі чулі, але і чыталі,— пахваліўся я.
А Васіль:
— Чаму пытаецеся?
— Чалавек, якога вы называеце Чорнай Накідкай, з планеты Сіз, — сказаў Піліп Макаравіч.
З планеты Сіз… А пры чым тут Тунгускі метэарыт? Няўжо Піліп Макаравіч хоча сказаць, што іншапланецянін на Тунгускім метэарыце да нас спусціўся?
— Хм, — хмыкнуў Васіль. — Сіз…
— Дзіўная назва? — басам прагаварыў Чорная Накідка.
Я глядзеў на яго, як вы глядзелі б на рыбу, выцягнутую з вады, якая раптам загаварыла.
Я неўпрыкметкі зірнуў на Васіля. А ён стаіць адкрыўшы рот, губамі бязгучна перабірае.
— Вы нашу мову спецыяльна вывучалі ці змалку ведаеце? — выдыхнуў Васіль.
— На нашай планеце ўсе гавораць, як і вы. А чаму так, я і сам не ведаю. Гэтак і нашы прадзеды гаварылі.
Вы не здагадваліся, што існуе планета Сіз. А мы пра вас усё ведаем. У нас ёсць прыборы, якія ловяць вашы галасы, перадаюць вашу размову. Праўда, так бывае адзін раз у дзесяць год, калі наша планета найбольш набліжаецца да вашай. Роўна тыдзень мы можам чуць, што на Зямлі адбываецца.
— Дык цяпер ваша планета найбольш наблізілася да Зямлі? — скумекаў Васіль.
— Але, — кіўнуў галавою іншапланецянін.
— Кожны жыхар планеты Сіз можа паслухаць, пра што мы гаворым? — падаў я свой голас.
— Толькі валадар і яшчэ некалькі блізкіх яму людзей.
Няўжо я сплю? Здаецца, не. Валадар… Дзіўна. У іх ёсць свой валадар. Што ж там за парадкі? Валадар… А гэты хто? Памагаты валадара? Няйначай, нейкі міністр. Пашчасціла нам з Васілём! З міністрам размаўляем! З міністрам, які прыляцеў з іншай планеты. Пашанцавала… А чаго ж ён прыляцеў да нас? Няўжо са службы выгналі? Напэўна, так. Выгналі… Што ж будзе? Няўжо пачне прасіць, каб дазволілі ў нашай вёсцы пажыць? Ну, дазволім. А што далей? Кватэру калгас выдзеліць, на работу стане хадзіць. Відаць, трактар дадуць. У тэхніцы ён разбіраецца. Вунь на якім вялікім коле здолеў прыляцець. Але ці захоча на трактары працаваць? Усё-ткі міністр.
— Як ты думаеш: міністру ў нашым калгасе работу дадуць? — шэптам пытаюся ў Васіля.
— Якому міністру?
— Гэтаму. Які да нас прыляцеў.
— Я не старшыня калгаса, — як адрэзаў Васіль.
— Перш чым на работу запрашаць, пазнаёміліся б з госцем, — пачуў мой шэпт Піліп Макаравіч.
— Антон, — гучна сказаў я.
— Васіль, — яшчэ гучней прагаварыў мой сябар.
— Сакс, — сказаў іншапланецянін. Мне здалося, што я недачуў.
— Як? — наставіў вуха.
— Сакс.
— Сакс — гэта імя ці прозвішча?
— На нашай планеце ў людзей толькі імёны. Імёны дае валадар. Наша планета невялікая. Так што яму няцяжка.
— Чаму вас валадар назваў Саксам? — вылез наперад Васіль.
— У пустыні расце дрэва, якое называецца саксаул. Першыя чатыры літары назвы гэтага дрэва і ўтвараюць маё імя.
— Цікава, — прамовіў Васіль. — Вас зваць Сакс, а планета называецца Сіз.
— Есць слова «аазіс». Гэта куточак сярод пустыні, дзе ёсць дрэвы, вада, дзе птушкі пяюць, — цярпліва тлумачыў Сакс. — Прачытайце апошнія тры літары слова «аазіс» наадварот. Выйдзе — Сіз.