Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Ляжым, сапём паціхеньку. А Піліпа Макаравіча і Сакса няма і няма. Мяне агарнула млявасць, вочы быццам самі сабою сталі зліпацца.

— Васіль, ты жывы? — прагаварыў, каб толькі не маўчаць.

— Ляжу. Думаю пра колцы, кнопачкі, рычажкі… Хочацца націснуць, пакратаць, пакруціць.

— Ляжы і не варушыся, — прамовіў я, заплюшчваючы вочы.

— Не варушуся. Нага анямела, — быццам здалёку данёсся голас Васіля.

Я заснуў. Снілася, што дома з татам і мамай. Тата ляжыць на канапе, закрыўшыся газетай, а мама пячэ пірагі. Увіхаецца каля печы, расчырванелая. Я сяджу каля стала, гляджу ў печ, як кот глядзіць на смятану. «Мама, хутка будзеш пірагі даставаць?» — глытаю сліну. Мама качаргой паварочвае бляхі, у якіх пякуцца пірагі. «Хвілінку пачакай. Усяго адну хвілінку. З аднаго боку спякліся, а з другога яшчэ не», — кажа мама. «Дастань, — прашу. — Я і няспечаныя з'ем. Вельмі есці хочацца». — «Сынок, жывот забаліць!» — усплясквае рукамі мама. А я: «Дастань. Няспечаныя з'ем…» Тата адкладвае ўбок газету, бярэ ў мамы качаргу, махае ёю і крычыць на мяне: «Вылазь… Вылазь…»

Устрапянуўся, расплюшчыў вочы. Цемра… Дзе тата? Дзе мама? Куды яны падзеліся?

— Вылазь, — чуецца голас. Быццам Васілёў.

Але, Васілёў. Чаму ён да нас у хату прыйшоў? Ноч на дварэ. «А-а-а, дык мы ў лятальным апараце!» — нарэшце дайшло да мяне.

Я скінуў накідку, вылез з-пад лаўкі і ўбачыў Васіля, Піліпа Макаравіча, Сакса.

— Антон, калі ты храпці перастанеш? — папракнуў мяне Васіль.

Я працёр далонню сонныя вочы.

— Няўжо хроп?

— Такія мелодыі выводзіў, што ў Піліпа Макаравіча валасы на галаве падняліся. Прыйшлося мне вылезці і растлумачыць, што да чаго. Цябе і Піліп Макаравіч будзіў, і Сакс будзіў. Спіш без задніх ног.

Я глянуў на Піліпа Макаравіча.

— Нам дамоў? На адной назе?

— Хлопча, мы хутка на планету Сіз прыляцім. Хутка прыляцім. А я ўсё спаў. Выходзіць, і пад лаўкай някепска спіцца.

Я сеў на лаўку. У плячы балела рука. Адляжаў, сцерпла. Дома мяккі матрац, а тут, можна сказаць, падлога.

— Пасядзі, адпачні,— сказаў Піліп Макаравіч. — Э-эх, хлопцы! Да чаго ж вы ўвішныя! Майстры на ўсе рукі.

Піліп Макаравіч і Сакс накіраваліся туды, дзе былі рычажкі, колцы, кнопкі. І Васіль паплёўся за імі. «Зараз пачне распытваць, зачамукае», — падумаў я.

І не памыліўся. Васіль прысеў каля Сакса і пачаў: Чаму ваш «Альбатрос» на кола падобны? Кола — гэта своеасаблівы махавік. Калі махавік раскручваецца, то назапашвае энергію. Звычайна махавік на вал надзяецца.

— Чаму надзяецца?

— Абапіраецца на яго.

— Але ж у вашым лятальным апараце няма ніякага вала. Я нешта не заўважыў. Проста кола, ды ўсё.

— Калі махавік трэцца аб вал, то траціць частку энергіі. Гэта неэканамічна.

— Чаму ваша кола не падае? На чым яно трымаецца?

— У гэтым коле ёсць труба, дзе размяшчаецца высокамагнітная лента. Яна і ўтрымлівае кола, не дае яму ўпасці. Я ўключаю рухавік, кола раскручваецца, набірае ўсё большыя абароты, і мы ляцім. Нават без дапамогі рухавіка.

— Чаму мы не круцімся разам з колам? Чаму не пераварочваемся?

— Наша кола цяпер у гарызантальным становішчы.

— На паляне ў вертыкальным, а цяпер у гарызантальным? Цікава. Чаму?.. Чаму ваш лятальны апарат на курыных лапах, як хатка Бабы Ягі?

— Такая канструкцыя. Дый курыныя лапы — своеасаблівы амартызатар. Каб пасадка была мяккая.

Відаць, Васіль яшчэ доўга чамукаў бы, але Сакс раптоўна крыкнуў, не даў яму рот адкрыць:

— Увага! Пад намі планета Сіз. Мы спускаемся. Планета Сіз… Спускаемся… Няўжо так хутка прыляцелі?

ЧАСТКА ДРУГАЯ

У пустыні Сіза

Перад выхадам

«Альбатрос» плаўна апусціўся на планету Сіз. Я нават штуршка не адчуў. Нават не здагадаўся б, што апусціліся, калі б Піліп Макаравіч не аб'явіў:

— Увага! Мы на планеце Сіз!

Думаеце, што мы выскачылі з лятальнага апарата, сталі радавацца, крычаць? Не. Піліп Макаравіч і Сакс круцілі колцы, націскалі на кнопкі. А мы з Васілём (Піліп Макаравіч загадаў, каб і ён сеў на лаўку) моўчкі пазіралі адзін на аднаго.

Дзе спусціліся? Што вакол нас? Ні я, ні Васіль гэтага не бачылі.

— Прывезлі, як катоў у мяху, — кажу Васілю.

— А што, калі мы нікуды не ляцелі? — выказаў здагадку Васіль. — Што, калі планета Сіз — гэта выдумка?

Я задумаўся. Так-то яно так, дык зноў-такі ж як? Магчыма, выдумка. Магчыма, няма ні валадара Карпа, ні генерала Курта. Магчыма, Сакс зусім не іншапланецянін, а сябар ці добры знаёмы Піліпа Макаравіча. Магчыма, вырашылі павадзіць нас за нос. Калі так, то цудоўны спектакль яны разыгралі. Даведаюцца пра гэта ў вёсцы — засмяюць. І стары, і малы праходу не дадуць, пальцам будуць паказваць: «Вунь тыя пайшлі, якія на іншую планету зляталі. Іншапланецяне…» Сівая барада вырасце — і ўсё роўна іншапланецянінам будуць зваць. У нас так. Далі мянушку — век насі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: