Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— А чаму ў вас такая дзіўная накідка? Чорная з белымі плямамі. Там усе такія носяць? — не даваў перадыхнуць Саксу Васіль.
— У нас накідкі носяць легіянеры і начальнік легіянераў — Курт.
— Чаму Курт?
— У пустыні водзіцца ядавіты павук — каракурт.
— Хм, каракурт, — хмыкнуў Васіль. — Бярэм чатыры апошнія літары і будзе — Курт?
— Курт.
Я думаў, што Васіль перастане пытацца. Куды там! Ен усё дапытваўся ў іншапланецяніна:
— Чаму на вашай накідцы белыя плямы? Саксу, відаць, гэта надакучыла, але ён цярпліва расказвае:
— На брушку павука каракурта ёсць трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. У легіянераў накідкі з трынаццаццю белымі плямамі, а ў іх начальніка Курта — з трынаццаццю чырвонымі. Трэба ж яму адрознівацца ад звычайных легіянераў.
— А як вашага валадара зваць?
— Карп. Ад слова «скарпіён». Адкіньце першую літару і тры апошнія. Выходзіць: Карп.
Дзіўна… Карп… Ад слова «скарпіён». Курт — каракурт… Дзіўна… Па шэрсці скаціне і мянушкі даюць.
— Вы, значыць, легіянер. Карп усім легіянерам дазваляў нас, зямлян, слухаць?
— Некаторым дазваляў. Я ахоўваў яго.
Стаіць Васіль, трэ лоб. Яшчэ хоча аб нечым запытацца… Не здагадаецца. Прычапіўся, як лопух да кажуха. Замучыць іншапланецяніна. Трэба і мне запытацца. Можа, тады Васіль адчэпіцца ад яго.
— Скажыце, скажыце… — пачаў я, не ведаючы, як звярнуцца да іншапланецяніна, ахоўніка самога валадара Карпа. Не назавеш жа яго дзядзька Сакс.
— Антон, называй мяне проста Сакс, — сказаў ён.
Я зноў глянуў на яго, як на рыбу, якая загаварыла. Антон… Незвычайна прагучала з ягоных вуснаў. Так мяне мама называе, сябры называюць. Ен жа хоць і не міністр, але, як відаць, таксама немалая шышка. Вы, напрыклад, што падумалі б, калі б раптам які-небудзь заакіянскі мільярдэр звярнуўся да вас, назваўшы Школам ці Кастусём?
— Антон, ты аб чым хацеў запытацца? — дакрануўся да майго пляча Сакс.
Я апусціў галаву.
— Скажыце… Скажыце, Сакс (як цяжка вымавіць гэтае слова!), ваша планета прыгожая? Вы казалі, што яе назва паходзіць ад слова «аазіс».
Хмурынка прабегла па твары Сакса. Няўжо яму так цяжка адказаць на маё пытанне? Васіль вунь колькі пытаўся! І Сакс адказваў яму без запінкі. Чаму ж ён цяпер маўчыць?
— Дык ваша планета прыгожая? — паўтарыў я пытанне.
Сакс падышоў да «Альбатроса», абапёрся спіною. Падумалася: што, калі зараз павернецца, ірване нябачныя дзверцы, ускочыць і паляціць? Скончыцца гэтая дзіўная гісторыя, падобная на сон. Нечакана пачалася і нечакана скончыцца…
Што ж рабіць? Трэба спыніць яго, папрасіць, каб не ўцякаў…
Я ступіў крок наперад. Сакс заўважыў, махнуў рукою, як бы загадваючы: «Стой!»
— Ці прыгожая наша планета? — нарэшце прамовіў ён. — Калісьці была сапраўдным аазісам. Як і ў вас, раслі лясы, у вёсках увесну пахла чаромхаю, бэзам, радаваліся жыццю, спявалі, пераклікаліся птушкі. У горадзе (ён адзін на нашай маленькай планеце) зелянелі скверы, гучаў смех. Сонца свяціла ласкава. Ды знайшоўся інжынер, якому здалося, што сонечнага цяпла на нашай планеце не хапае. На самай высокай гары ён паставіў гіганцкае павелічальнае шкло. Яму захацелася выкарыстаць усю-ўсю энергію Сонца. Але выйшла інакш. Трыццатага чэрвеня тысяча дзевяцьсот восьмага года, калі наша планета, як і сёння, найбольш наблізілася да вашай планеты Зямля, магутны выбух скалануў паветра. Планету Сіз нібыта нябачная магутная рука тарганула. Тая гара, на якой стаяла павелічальнае шкло, адкалолася і, асвятляючы сабе дарогу полымем, з дзікім свістам паляцела ўніз.
Калі ж гэта было? Сакс сказаў, што 30 чэрвеня 1908 года. Якраз у гэты дзень і ў гэты год у раёне ракі Падкаменная Тунгуска ўзарвалася невядомае касмічнае цела.
Вось чаму Піліп Макаравіч успомніў пра Тунгускі метэарыт. Сакс расказаў яму пра катастрофу. Што ж выходзіць? Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз… А вучоныя спрачаюцца, даказваюць… Толькі мы ведаем, што Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз. Толькі мы. Тры чалавекі на ўсёй Зямлі! Нам вядомы сакрэт Тунгускага метэарыта… Дык чаго мы стаім? Трэба паслаць пісьмы ва ўсе рэдакцыі свету, расказаць, каб усе-ўсе людзі ведалі. А ці павераць? Ці не падымуць на смех? Ну і няхай падымаюць. Усё роўна трэба расказаць. Што, калі і на нашай планеце Зямля знойдзецца вынаходнік, падобны на інжынера з планеты Сіз? Што, калі забудзецца ён пра народную мудрасць: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж?
— Піліп Макаравіч, — усклікнуў я. — Хадзем. Хадзем хутчэй!
— Куды?
— Пра сакрэт Тунгускага метэарыта ўсім-усім раскажам.
— Раскажам. Не хвалюйся, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Спярша паслухай, аб чым Сакс расказвае. Папрасіў і забыўся?
— Пасля выбуху на вачах стала мяняцца прырода нашай планеты, — нявесела працягваў Сакс. — Высахлі лясы, змоўклі птушкі. Неўзабаве планета ператварылася ў пустыню. А чаму? Не думаў інжынер, што робіць. След бяздумнасці — страшны след. Лявоніха сама сябе высцебала. Вось так.
— А вёскі на вашай планеце засталіся? — звярнуўся да Сакса Васіль.
— Людзі з вёсак паўцякалі ў горад, — уздыхнуў Сакс. — У пустыні не пражывеш. У горадзе яшчэ можна пратрымацца. Там кісларод прадаюць і штучныя прадукты.
— Як гэта? — не паверыў Васіль.
— З каменнага вугалю, з нафты. На нашай планеце няма ні травінкі, ні былінкі. Горы, пяскі. Пасля таго як высахлі лясы, амаль не стала і кіслароду.
— Той інжынер, які павелічальнае шкло зрабіў, не дапамог вам? — не выцерпеў я.