Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Значыць, прырода будзіць, абуджае. Значыць, у кожнага з нас дрэмле невядомая нам сіла. А ў гэтых, што на планеце Сіз, ці ёсць невядомыя ім сілы? Вось каб разбудзіш»! Каб засмяяліся, каб загаманілі… Няўжо ім так цяжка слова вымавіць? Няўжо ў іх вусны на замку? Ды яны хутка перасварацца адзін з адным, перагрызуцца. Хто ў госці будзе хадзіць? Хто будзе песні спяваць? А вершы… Ці складае тут хто-небудзь вершы?
— У вас складаюць вершы? — пытаюся ў Сакса.
— Некалі складалі.
— Ты не здзіўляйся, — звярнуўся да мяне Піліп Макаравіч. — Хіба можна скласці верш, калі не чуеш, як салоўка спявае, як ручай звініць?
— Я здагадаўся, — прагаварыў Васіль. — Карп знарок загадвае, каб будавалі аднолькавыя дамы і вуліцы. Ен хоча, каб людзі былі падобнымі адзін на аднаго. Каб былі як сонныя.
— Такімі яму лягчэй кіраваць, — сказаў Піліп Макаравіч.
— А можна іх разбудзіць? Калі б салоўка заспяваў, то і людзі прачнуліся б?
— Можна, — азваўся Сакс. — Я, напрыклад, не такі, як усе.
Мне раптам захацелася штосьці такое зрабіць, каб парушыць гэтую закасцянелую цішыню. Што ж? Заспяваць «Касіў Ясь канюшыну…» ці «Дубочак зялёненькі»? Яны зразумеюць. Сакс казаў, што ў іх мова, як і ў нас. Але ж голас… Пра такіх, як я, кажуць: мядзведзь на вуха наступіў. А Васіль аднаго разу пасля ўрокаў спеваў заўважыў: «Антон, ты выеш, як галодны воўк на піліпаўку». Дык што ж зрабіць? А калі станцаваць? Усё-ткі ў танцавальным гуртку займаюся. Патанцую на злосць Карпу. Хай паглядзяць людзі, хай падзівяцца. Адвяду душу.
Я гучна стукнуў абцасамі і, крыкнуўшы «пан ці прапаў?», пусціўся ўпрысядкі. Паглядзелі б вы на маіх сяброў-спадарожнікаў. Васіль намерваўся штосьці сказаць, ды так і застыў з разяўленым ротам. Сакс застыў з узнятаю рукою, быццам узяўшы пад казырок. А Піліп Макаравіч? Ен усклікнуў:
— Ну й дае!
А я, не зважаючы, танцаваў. Радуйцеся, людзі! Смейцеся, весяліцеся. Назаўжды зганіце хмурынкі з твараў! У-смі-хай-це-ся!
Першым апамятаўся Піліп Макаравіч, падскочыў да мяне.
— Антон, даволі!
— Не! — усклікнуў я.
Піліп Макаравіч узяў мяне за плячо.
— Супакойся, хлопчык. На нас глядзяць.
Я апусціў галаву. Што і казаць, спароў глупства. Вунь прабеглі дзве жанчыны, спалохана азіраючыся. А там, далей, мужчына пабег. Можа стацца, што знойдзецца сярод іх хтосьці адзін, які пастараецца перад Карпам выслужыцца. Паведаміць, што нейкія танцоры ў горадзе з'явіліся.
— Хлопчык…
Хтосьці крануў мяне за плячо. Я азірнуўся. Нейкі дзядок з доўгаю, белаю што снег барадою. Як з неба зваліўся.
— Хлопчык, ты спрытна танцаваў. Малайчына. Кепікі строіць? Не. У вачах лагода. Не дзядок, а сапраўдны добры казачны чараўнік.
— Я яшчэ не гэтак умею, — вырвалася ў мяне. Піліп Макаравіч кашлянуў. Маўляў, маўчы. А Васіль непрыметна паказаў кулак.
— Калісьці і я танцаваў,— прамовіў дзядок.
— Танцавалі? — не верылася мне.
— Яшчэ як! Аж пыл курэў. Дзядок тупнуў нагою.
— Ой! — усклікнуў ён. — Што гэта я раблю?
— Не бойцеся. Хіба забараняецца танцаваць?
— ідзіце адгэтуль, — прашаптаў дзядок. — Хавайцеся. У нас б'юць і плакаць не даюць.
Павярнуўся і, накульгваючы, патэпаў. На сярэдзіне вуліцы прыпыніўся.
— Дзякуй табе, хлопчык. Я амаль забыўся, як танцуюць.
Ну, а ад сваіх сяброў, асабліва ад Васіля, падзякі не дачакаешся. Як толькі дзядок схаваўся за рогам дома, ён накінуўся на мяне:
— Артыст! Наш Антон артыст! Мы яму бульбяны медаль павесім.
— Сабе вазьмі,— агрызнуўся я.
— Мы Антона на «ўра» падкінем. Ен праславіў нас.
— Падкінь. Падкінь на «ўра». Чаго стаіш? — агрызнуўся я.
— Тры разы падкінем, а два разы зловім. Антон, трымай хвост трубою.
— Прытрымай язык, — папярэдзіў я Васіля.
— А ўсё-такі смелыя вы хлопцы, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — На чужой планеце, як у сваёй хаце, сварацца.
— Так, выкінуў Антон штуку, — ніяк не мог супакоіцца Васіль.
— Так — не так, а ператакаваць не будзем, — сказаў Піліп Макаравіч. — Канешне, праслаўляцца нам тут не след. А Антон… Будзем цяпер лаяць яго? Не паварочваецца язык. Антон свой характар паказаў.
Рэдкая ўзнагарода
Я ніяк не мог прывыкнуць да гэтага горада. Дома не раз прасіў тату, каб узяў з сабою ў горад. У нашым горадзе можна і марожаным паласавацца, і ў ціры па розных мішэнях пастраляць, і на арэлях пакатацца. Людзі апранутыя, нібы на свята. Дый сам прыезд у горад быў для мяне сапраўдным святам. А тут…
Я паволі, як і ўсе ў гэтым маўкліва-сонным царстве, цягнуўся ззаду. «Няўжо ў людзей сэрца не баліць? — думалася. — Аб чым яны мараць? Чаго яны чакаюць?»