Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Мне хацелася яшчэ хоць хвілінку пабыць з Вушасцікам, але мама не дазволіла. Развітваючыся з Вушасцікам, я пагладзіў яго.
— Цяпер умееш піць малако? Смачнае? Спадабалася? А спінка не баліць?
— Мя-а-а-а, — адказаў Вушасцік.
— Пацярпі, Вушасцік, пацярпі. Яшчэ не раз ты будзеш падаць. «Без мукі не набыць навукі», — паўтарыў я Вушасціку татавы словы.
Бывай, Вушасцік!
А восьмай гадзіне раніцы я прачнуўся. І адразу пабег на кухню, да Вушасціка. А Вушасцік ужо стукае капыткамі па падлозе, круціць маленькім хвосцікам. Убачыў мяне, падбег, каля ног трэцца, лашчыцца.
— Максім, хто за цябе будзе мыцца? — заглянуў на кухню тата.
Пайшоў я ў ванную, а Вушасцік — за мною. Бяжыць і тоненька заводзіць:
— Мя-а-а-а…
Адкрыў я кран — вада зацурчэла. А Вушасцік задраў галоўку і слухае. Маўляў, што гэта? Страшна яму цераз парог пераступіць. Але адважыўся, зайшоў у ванную. Стаіць каля мяне, не адыходзіцца. Вось які разумны! «Трэба і яму капыціш памыць», — думаю. Я ўзяў Вушасціка на рукі, набраў вады ў жменю, пырснуў Вушасціку на ногі, а ён як страпянецца — ледзь яго ўтрымаў.
— Мя-а-а, — просіцца, каб не мыў.
Пашкадаваў я яго. Выцер капыткі ручніком і адпусціў.
— Максім, — паклікала мяне мама, — нам з татам на работу трэба ісці. Праз паўгадзіны напоіш Вушасціка малаком. Малако ў бутэльцы стаіць. Гэтае вып'е, а болей не давай, бо пашкодзіць.
— А хто яго потым накорміць? — пытаюся ў мамы. — Няўжо ён цэлы дзень будзе галодны?
— Як-небудзь я з магазіна вырвуся, пакармлю, — сказала мама. — Не дай яму малака — ён на ўвесь дом раскрычыцца. Нецярплівы.
Роўна а палове дзевятай напаіў я Вушасціка малаком. Лёг ён на посцілку, вочкі прыжмурыў. Натаміўся, напэўна, цэлы ранак па хаце тупаючы.
Што ж, адпачывай. Пасля ўрокаў сустрэнемся.
Я апрануўся, узяў партфель, дзверы адчыніў. Відаць, здагадаўся Вушасцік, што ў школу іду. Выскачыў у калідор і ў крык:
— Мя-а-а-а…
Маўляў, не пакідай мяне, мне будзе сумна аднаму. Я адапхнуў яго рукою, а ён усё роўна да мяне лезе.
— Мне ў школу трэба ісці,— тлумачу Вушасціку. — Зразумей…
А ён зусім не хоча нічога разумець, крычыць:
— Мя-а-а-а…
Шкада яго стала. Накрычыцца адзін у хаце, ахрыпне. Невядома, ці мама з магазіна вернецца, каб пакарміць. Хіба ў школу не пайсці, дома з Вушасцікам застацца? Застацца… Але ж мама даведаецца… Не, няма як дома заставацца. А калі Вушасціка ў школу ўзяць? Ягня ў школе… Не, такога ў нашай школе яшчэ ніколі не было, за гэта мяне па галоўцы не пагладзяць. Дык што ж рабіць? Можа, да нашай школьнай тэхнічкі цёткі Надзі занесці? Цётка Надзя блізка ад школы жыве. Падбягу на перапынку, сам Вушасціка малаком напаю. Цётка Надзя павінна Вушасціка ўзяць, я яе моцна-моцна папрашу. Дый хіба шкада ёй, калі Вушасцік крыху па хаце патупае?..
Так, занясу Вушасціка да цёткі Надзі. Але ж як занесці яго? Убачаць нашы школьнікі, пазбягаюцца, прычэпяцца: «Дай пагладзіць… Дай патрымаць…» Замучаць яны майго Вушасціка. Як жа занесці, каб не ўбачылі? А калі ў рукзаку? У рукзаку, у рукзаку… Задыхнецца без паветра. Што ж прыдумаць? Ага, можна дзірку ў рукзаку выразаць, каб свежае паветра паступала. Так і зраблю…
Я наліў у бутэльку малака, паклаў у партфель (малако было яшчэ цёплае, не так даўно мама грэла). Потым узяў рукзак, які тата купіў мне для паходаў, збоку нажніцамі выразаў невялікую дзірку, і ў гэты рукзак пасадзіў Вушасціка. Я думаў, што Вушасцік пабаіцца лезці ў рукзак, пачне вырывацца, але ён не вырываўся і аніразу не закрычаў.
Узяўшы ў адну руку рукзак, а ў другую партфель, я няспешна пакрочыў да цёткі Надзі. Па дарозе разы тры спыняўся, развязваў рукзак, каб праверыць, ці дыхае мой Вушасцік. А ён сядзеў і даверліва глядзеў на мяне сваімі чорнымі вачыма-бусінамі. І я супакоіўся.
Мінуўшы школу, я падышоў да хаты, у якой жыла цётка Надзя. На дзвярах у яе вісеў замок. Я падумаў, што цётка Надзя дзяжурыць у школе. Трэба было паклікаць яе, папрасіць, каб занесла Вушасціка ў хату. Паклікаць, вядома, проста. Ды як пакінеш Вушасціка аднаго? Што, калі які прыблуда-сабака прыбяжыць і схопіць Вушасціка, выцягне з рукзака? Мне нават страшна стала, калі ўявіў гэткае. Што было рабіць? Я панёс яго ў школу, вырашыў там аддаць цётцы Надзі. А каля дзвярэй школы стаіць Косця.
— Талерка, ты з рукзаком?!
Хоць Косця і сябар, але я не прызнаўся, што нясу Вушасціка: возьме раззвоніць на ўсю школу…
— Не, з чамаданам, — знарок абыякава адказаў я, імкнучыся хутчэй зайсці ў калідор.
Косця дагнаў мяне.
— Што здарылася? Чаму ты рукзак узяў?
— Спартыўную форму прынёс. Сёння фізкультура ў нас.
— У рукзаку?
— Не фізкультура ў рукзаку, а спартыўная форма. Я хутчэй ходу… А Косця ідзе следам, не адстае.
Відаць, здагадаўся, што нейкая таямніца ёсць. Пэўна, на гэта асаблівы нюх у яго. Я зайшоў у калідор, глянуў У адзін бок, у другі. Дзе цётка Надзя? На калідоры не відаць… Звычайна заўсёды са шчоткай ходзіць, падлогу падмятае, а цяпер…