Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Цяпер можна, — усміхнулася Вольга Пятроўна.

На калідоры наша школьная тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу.

— Добра цябе папарылі,— сустрэла яна мяне. — Вунь як упацеў. Ды асабліва не бядуй. Вазьмі сябе ў рукі. Мурашка невялікая, а горы капае.

Я хацеў расказаць цётцы Надзі, што хутка буду звеннявым, але стрымаўся: трэба яшчэ дзень самакіравання перажыць. Ну а потым… Потым мой фотаздымак цётка Надзя ўбачыць на Дошцы гонару. Правільна яна сказала: мурашка невялікая, а горы капае.

Сем раз адмерай — адзін раз адрэж

Дома я адразу дастаў падручнікі і сеў за ўрокі. Тры гадзіны сядзеў. Так зачытаўся, што нават не пачуў, калі тата і мама прыйшлі.

Заглянуў тата ў мой пакой, заглянула мама — абое пасталі і стаяць у дзвярах. Моцна я іх здзівіў. Не ведаю, колькі яны стаялі б там, калі б я не запрасіў:

— Вы праходзьце, не бойцеся. Я ўжо ўсе ўрокі вывучыў.

Не паверыў мне тата:

— Пакажы, што напісаў.

— Калі ласка, — падсунуў я да таты стос сшыткаў.— У гэтым задача па алгебры, а ў гэтым практыкаванне па белмове. А гэта контурная карта. Горы я замаляваў. Магу і вусна адказаць.

Праверыў тата мае сшыткі, і контурную карту праверыў, да мамы павярнуўся.

— Глядзі ты — усё зрабіў! Аказваецца, у яго і галава на плячах ёсць…

— А гэта не ўчарашняе? — запытала мама.

— У дзённіку паглядзіце. Там усё запісана… Тата ўзяў мой дзённік, пагартаў.

— Сённяшняе заданне ён выканаў. Трэба яго часцей на пасяджэнне выклікаць.

Цікава, ад каго яны пра сённяшняе пасяджэнне даведаліся? Але не дзіва. Усё-ткі вёска. У адным баку чыхнуў, а ў другім чуваць. Але што яны скажуць, калі Даведаюцца, што я звеннявым буду?

— Што табе казалі там? — запытаў тата.

— Дзе там? — прыкінуўся я, што не разумею.

— Ты дурнем не прыкідвайся, — строга сказаў тата. — Напэўна, вымову далі?

— Ды не. Звеннявым выбралі,— знарок абыякава адказаў я.

— Максім, ты не смейся. Недарэчныя смешкі,— прамовіла мама.

— Я зараз выведу ягоныя смешкі,— узлаваўся тата. — Вось толькі папругу вазьму.

Спалохаўся я. Як даказаць, што буду звеннявым?

— Нам у школу трусоў прывязуць. Будзем іх гадаваць, — кажу. — Жывёлагадоўчае звяно ў школе арганізоўваюць. А я — звеннявы…

— Гм… — гмыкнуў тата, — заслужыў.

Гэтае «заслужыў» быццам са здзекам ён прамовіў. А я далей расказваю:

— Тата, мы ў суботу дзень самакіравання праводзім.

— Дзень самакіравання? — прыжмурыўся тата.

— Але, дзень самакіравання. Я праўду кажу. Настаўнікі хочуць, каб мы былі актыўнымі…

— Актыўнасці ў цябе хапае, — перапыніў тата.

Я на хвілінку разгубіўся, потым пачаў зноў даказваць:

— У нас вучні і ўрокі будуць праводзіць.

— Урокі праводзіць? — здзівілася мама.

— Будуць, мама! Усё-ўсё самі будуць рабіць. Іх хочуць да самастойнасці прывучыць.

— Іх? — запытаў тата. — А цябе, мабыць, не?

— Мабыць, і мяне, — апусціў я галаву. Тата з мамай пераглянуліся.

— Цяпер мне зразумела, чаму ты без нас урокі вучыш.

«Чым яшчэ здзівіць тату? — думаю. — Пахвалюся… Хіба ён даведаецца, што схлусіў?»

— Тата, я таксама ў суботу ўрок праводжу.

— Ты-ы?! — здзівіўся тата. Я нават і вокам не міргнуў.

— Даверылі мне.

— Нарэшце выправіўся наш Максім, — усміхнулася мама.

Я таксама ўсміхнуўся. А тата сказаў:

— У суботу ў мяне вольны дзень. А Вольга Пятроўна даўно ў школу запрашае. Вось і прыйду ў суботу. Пасяджу на тваім уроку, паслухаю.

Я аж у крэсла ўціснуўся, як пачуў гэта.

— Тата, не трэба. Я засаромлюся.

— Не бойся, Максім. Усё будзе добра, — абнадзеіў мяне тата і пайшоў на кухню. А я застаўся сядзець як У здранцвенні.

І хто мяне за язык пацягнуў? Не раз казала мама: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.

Адклад не ідзе ў лад

Я вырашыў схадзіць да Косці, параіцца з ім. Убачыўшы мяне, Косця вельмі ўзрадаваўся.

— Прывітанне, Макс, сто гадоў цябе не бачыў! Гуляеш?

— Гуляю, — уздыхнуў я. — А ты што робіш? Косця пачухаў патыліцу.

— Правілы зубру. Чуў? Дзень самакіравання прыдумалі. Злавіла мяне пасля ўрокаў Валянціна Іванаўна, сказала, каб у суботу правёў урок роднай мовы. А тэма — ты паслухай: «Лексіка. Паўтарэнне і замацаванне». Я гэту лексіку амаль не памятаю. Сінонімы, амонімы, антонімы яшчэ летась з галавы вылецелі. Макс, хадзем на балкон. Там я клетку для нутрый майструю. Праўда, мама сварыцца, крычыць: «Я твае клеткі з трэцяга паверха павыкідаю!» Цяжка з дарослымі дамовіцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: