Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Выступі, Максім. Няхай ведаюць нашых.
Я ступіў на сярэдзіну калідора. Вунь колькі вачэй свідруе мяне! Усе вучні свае, знаёмыя, з кожным мо па дзесяць разоў на дзень сустракаешся, а тут, на лінейцы» У горле перасохла. Пра што ім сказаць? Якога слова яны чакаюць ад мяне? Я чамусьці зірнуў на Косцю і ўспомніў, як хацелася яму выйграць нутрыю, каб зарабіць грошай, каб за тыя грошы брату кніжак купіць. Не выйшла ў яго… А што, калі…
І я сказаў:
— Заўтра ў нас суботнік. Мы збяром макулатуру. Думаю, што нямала збяром. За макулатуру нам заплацяць грошы.
Пасля гэтых слоў усе чамусьці засмяяліся. Але я ўсё роўна гаварыў. Я не мог маўчаць. Мне абавязкова трэба было сказаць пра Косцевага брата.
— У нашай бібліятэцы многа кніжак.
Зноў усе засмяяліся. Ужо мацней. Няўжо яны не зразумеюць мяне?
— Мы можам узяць любую кнігу ў бібліятэцы. А вось у Косці Цітова брат працуе на поўдні. Яны ў пустыні ваду шукаюць. У іх няма бібліятэкі. Яны ў вагончыках жывуць. Нядаўна Косцеў брат пісаў, што хочацца цікавую кнігу пачытаць.
У горле ў мяне зусім перасохла. Я на хвілінку спыніўся. У калідоры было ціха-ціха.
— За заробленыя грошы трэба кніжак купіць і паслаць Косцеваму брату. Каб ведаў, што мы не забыліся пра яго. Вось так.
Я ўбачыў, як рукі нашых вучняў устрапянуліся, быццам па камандзе падняліся ўгору, і звонкі пошчак панёсся па калідоры, выліваючыся праз адчыненыя дзверы на двор. Доўга гучалі апладысменты, і ўсе чамусьці віншавалі не мяне, а Косцю. Быццам гэта ён так выдатна выступіў.
А пасля Пеця папрасіў выступіць нашага дырэктара Мікалая Аляксандравіча. Я думаў, што Мікалай Аляксандравіч, як і Пеця, будзе гаварыць пра вучобу, пра дысцыпліну, але ён пачаў нечакана:
— Я зараз прачытаю верш Янкі Купалы «Арлянятам».
Я ні разу не чуў, каб Мікалай Аляксандравіч вершы чытаў. Сёння, мабыць, незвычайны дзень. Мы затаілі дыханне.
— Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі,—моцна гучаў голас Мікалая Аляксандравіча. Мы стаялі не варухнуўшыся.
— Каб здабытую свабоду Зналі, шанавалі І у цяжкую прыгоду Ўсталі грознай хваляй.Гучна, прыгожа чытаў Мікалай Аляксандравіч. Вось ён абвёў усіх нас позіркам і закончыў:
— Каб рунела зерне тое Весела, яскрава Побач з нашай маладою Сакалінай славай.Доўга мы яму апладзіравалі. А потым да мяне падышоў Косця, папракнуў:
— Навошта ты пра брата і кніжкі сказаў? Грошы я сам зарабіў бы.
Я адказаў яму:
— А ў нас які дэвіз? Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.
На мядзведзя ўсе шышкі валяцца
І вось ужо прайшло тры ўрокі, як пачаўся дзень самакіравання. Трэцім урокам у нас была геаметрыя. Геаметрыю праводзіла Рая. Яны выклікала мяне да дошкі. Тэарэму даказваць. Крыху памыліўся, але чацвёрку паставіла. У другі раз я, напэўна, абурыўся б, стаў бы даказваць, што няправільна адзнаку паставіла, але сёння мне было не да гэтага. Я сядзеў як на гарачых вуголлях. Раз-пораз падскокваў, пазіраў у акно, думаў: вось-вось мой і Косцеў таты з'явяцца, саджанцы прынясуць…
Пасля трэцяга ўрока я не вытрываў, на перапынку падышоў да Косці, ціха запытаў:
— Як ты думаеш, нашы хутка прыйдуць?
— Пасля абеду чакай, — сказаў Косця. — Гэта не ў магазіне: прыйшоў і купіў. Ім трэба знайсці старшыню, брыгадзіра, з бухгалтэрыяй дамовіцца. Так што асабліва не хвалюйся. Цяпер урок у мяне. Пабягу да Валянціны Іванаўны. Казала, каб у настаўніцкую прыйшоў.
Косця пайшоў у настаўніцкую, а я застаўся на калідоры.
«Урок у Косці,— разважаю. — Вунь як ён бегае. Пра ўсё забыўся. Цікава: выкліча ён мяне ці не выкліча? І чаму я не папярэдзіў яго? Можна было б цвёрда дамовіцца».
Стаю, гэтак разважаю, і тут мяне як токам працяла. Толькі цяпер я ўспомніў, што дамашняе практыкаванне па роднай мове не напісаў. Зусім забыўся… Спачатку з мамай спрачаліся, каму штаны прасаваць, затым з Косцем пісьмо складалі, пасля на лінейцы выступаў, а яшчэ ў акно глядзеў, майго і Косцевага татаў пільнаваў. Навалілася на мяне турботаў. Хіба ўспомніш пра нейкае практыкаванне? А Косця, відаць, выкліча мяне да дошкі: думае, што я некалькі дзён да ўрокаў рыхтаваўся. Трэба папярэдзіць, каб не выклікаў.