Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

— Дарма стараемся. Тут такія сабраліся, што не даклічашся і не дагукаешся, — кажу Петрусю.

— Ёсць ідэя! — усклікнуў Пятрусь. — Скажы, што сала будзем даваць. Збяруцца, калі пачуюць.

Някепска ён прыдумаў. Сала — добрая заманка. Калі збяруцца, выступім перад імі.

— Гэй, людзі! — гукнуў я на ўсю вуліцу. — Ідзіце за горад, да ручая. Там сала будзем даваць.

— Хто першы прыбяжыць, таму больш дастанецца, — падхапіў Пятрусь.

Немаведама адкуль на вуліцу гарохам высыпалі людзі.

— Знюхаў кот каўбасу, — засмяяўся Пятрусь.

— Давай за горад, пакуль тут на нас не наваліліся, — кажу яму.

Мы павярнуліся і пайшлі да ручая.

— Сала! Будзем даваць сала! — гукнуў Пятрусь.

Я азірнуўся. Чэшуць людзі за намі, адзін аднаго апярэдзіць стараюцца. Мы подбегам. І яны подбегам. Калі б хто збоку паглядзеў, то падумаў бы, што вядзём іх варожую крэпасць прыступам браць.

Мяне проста распірала ад радасці. Самі сабою неслі ногі. Калі б падскочыў, то, напэўна, угору ўзляцеў бы, як надзіманы шарык.

Узмакрэлыя, успацелыя, мы прыбеглі да ручая. Сталі навідавоку, на пагорку. А людзі тут як тут. Піхаюцца, пхнуцца наперад. З пагорка яшчэ падыходзяць, некаторыя з мяшкамі.

Пятрусь, вітаючы гараджан, памахаў рукою.

А ў натоўпе, як у вуллі, загулі:

— Сала! Сала!

— Давай сала!

— Дзе сала?

У мяне мурашкі прабеглі па спіне. Што з імі? Няўжо такія галодныя? Няўжо сала раз у год ядуць?

— Пачынай, — кажу Петрусю.

— Людзі! — крыкнуў ён. — Мы не тутэйшыя. Мы здалёку. Ужо другі дзень у вашым горадзе. Ходзім і дзівімся. І баран бы касіў, калі б хто касу насіў. А вы… у вас хутка ўсё да ручкі даб'ецца. Хіба так можна жыць?

Млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе. Так і тут. Узбурыўся натоўп.

— Сала!

— Дзе схавалі?

— Давай сала!

У мяне язык да зубоў прымёрз. Што ж будзе? Няўжо накінуцца? Яны ж як апантаныя.

— Нядаўна кураня тапілася, а многія з вас стаялі і глядзелі. Дзе ваша сумленне? — стараўся перакрычаць Пятрусь.

Натоўп пачаў насоўвацца на нас. Павольна-павольна. Суцэльнаю сцяною.

— Пра куранят расказвае!

— Абяцалі!

— Дурыць галаву!

— Сала схавалі!

— Дзе сала?

З натоўпу вылезла бабуля, якая дала нам бульбу. «Яна за нас заступіцца. Яна добрая», — падумаў я.

— Яны ў мяне бульбу ўкралі. Паўкаша выграблі,— нечакана накінулася на нас бабуля.

Называецца, заступілася. Чаму ж так? Сама дазволіла, каб з каша ўзялі. Галавою кіўнула.

— Дзе мая бульба? Дзе?

Я ледзь не крыкнуў: «У нас у жываце». Ды стрымаўся. Цяпер лепей прамаўчаць.

— Бульбу ўкралі. Сала давай! Пятрусь развёў рукамі.

— Няма ў нас сала.

У натоўпе засвісталі, затупацелі. Пятрусь схапіў мяне за рукаў.

— Ігнат, уцякайма. Яны зараз нас замест сала з'ядуць.

Мы пераскочылі праз ручай і наўцёкі. А натоўп адным голасам: «Гу-у-у…»

У мяне перахапіла дыханне, але я ляцеў, свету перад сабою не бачачы. Нарэшце, зняможаны, упаў на зямлю. І Пятрусь кулём зваліўся каля мяне.

Мы ляжалі, часта-часта дыхаючы, і глядзелі адзін на аднаго. Не верылася, што выратаваліся.

— Вось дык намітынгавалі! — падаў голас Пятрусь. — Калі б з імі яшчэ дзень пабылі, то і самі такія ж сталі б. Нездарма на слупе напісана.

— Тая бабуля, пэўна, глухая, — прамовіў я. — Пэўна, не чула, што просім, каб бульбы дала.

— Ігнат, глянь! Вунь тая дарога, па якой сюды ішлі,— усклікнуў Пятрусь.

Я падняў галаву. І праўда, тая. Вядзе праз жыта, паўз яе бярозкі растуць.

— Ігнат, да ведзьмака патэпаем.

Да ведзьмака… Да Казіміра Міронавіча… Каб здзекаваўся. Вядзьмарству пачне вучыць.

— З глузду з'ехаў? Сябра сабе знайшоў? — накінуўся я на Петруся.

— Ігнат, ён ведае, як нам дамоў дабрацца. Магчыма, скажа. Нешта прыдумаем, каб сказаў.

Я задумаўся. Назад не вернешся. Відаць, па ўсім горадзе раззванілі, што мы бульбу ўкралі, што сала схавалі. Ісці куды вочы глядзяць? Можна цэлы год бадзяцца. Трэба неяк выкручвацца. Не будзеш тут век векаваць. Я ўстаў.

— Хадзем, Пятрусь.

Той глянуў на мяне. Вочы сумныя-сумныя. Не страх, не адчай, а сум у вачах. Такіх я ніколі не бачыў.

За сталом з Казімірам Міронавічам

Казімір Міронавіч ужо чакаў нас на раздарожжы, седзячы за сталом, каля якога стаялі тры крэслы. На стале чаго толькі не было! І вараная бульба, і хлеб, і агуркі, і каўбаса, і малако ў гліняным збанку, і суп у талерках.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: