Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Не ўзбунтуюцца. Прыціснем.
— Трэба прыціснуць. Сёння ж трэба. Выпусці з турмы разбойнікаў. Няхай крыху паказычуць людзям нервы. Няхай паглядзяць людзі, што можа з імі стацца, калі ўлада не заступіцца, не абароніць іх.
Разбойнікаў на волю выпускае. Яны ж немаведама чаго наробяць! Што ж у яго ў галаве? А-а, хоча на людзей страх нагнаць. А яны і так як у ваду апушчаныя.
— Бяда, — шапнуў я на вуха Петрусю.
— Бяда, — кіўнуў ён галавою. — Трэба неяк паведаміць людзям, што разбойнікаў выпусцяць.
— Што з хлопчыкамі рабіць? — устаў з крэсла пан Катовіч.
— Няхай тут пабудуць. Вельмі ж яны ганарыстыя. Няхай паглядзяць, як іншыя робяць. Можа, чаму-небудзь навучацца. А калі не навучацца, то прыйдзецца ламаць. У нас ламы добрыя. Усё-усё даведаюся пра іх. Ідзі, пан Катовіч. Выпускай разбойнікаў.
Пан Катовіч прасунуўся ў дзверы. Калі праходзіў каля нас, то я пачуў, як ён шапнуў пану Бадзею: «Цёплае месцейка табе сасватаў. Вечарам прынясеш торбу золата».
Паэт Карней
Народны цар Іванка пазяхнуў і гучна сказаў:
— Запрашаю нашага паэта Карнея!
Я, як пачуў, дык пра ўсё на свеце забыўся. Не дзіва. Ні разу не бачыў, як кажуць, жывога паэта. «Які ён? Відаць, разумны. Відаць, на гэтых не падобны», — падумалася мне.
У залу імкліва ўляцеў (ледзь з ног мяне не збіў) губаты мужчына. Нават не зірнуўшы на нас, ён стаў каля стала і пратарабаніў:
Ура! Ура! Ура! Няма жыць як без цара. Хто свайму цару дагодзіць, Таго ён і ўзнагародзіць. Будзе хлеб і будзе квас, Пакаштуем і каўбас. Будзе радасць, весялосць, Будзеш жыць заўжды, як госць.Народны цар Іванка ўзняў руку.
— Вітаю. Вітаю цябе, паэт Карней. Новы верш напісаў?
— Новенькі, ваша вялікасць. Стос сшыткаў спісаў, пакуль напісаў. Сядзеў, пацеў, марнеў.
Вось які ён, паэт Карней. Не відаць, што змарнеў. Тоўсты, як шафа. Калі б дзверы былі вузейшыя, то не пралез бы. Пэўна, каўбасы кожны дзень есць. І па поўніцы.
— Добры верш ты напісаў,— пахваліў паэта Карнея народны цар Іванка. — Як там у цябе? «Хто свайму цару дагодзіць…»
— «Таго ён і ўзнагародзіць».
— Цудоўныя словы. Дагадзіў. Чым жа цябе ўзнагародзіць?
Паэт Карней апусціў галаву.
— Сэрца сохне. Жыць не магу.
У народнага цара Іванкі бровы прыўзняліся ўгору.
— Не разумею.
Паэт Карней выняў хусцінку, выцер узмакрэлы лоб.
— Выпішыце мне з заморскай казкі прыгажуню Васілісу. Большай узнагароды не трэба.
Я аж рот разявіў. Думаў, што паэт Карней торбу золата папросіць. А яму давай прыгажуню. Ды не мясцовую, а з-за мора. Дадумаўся, вершы складаючы.
— Мы табе нядаўна выпісалі прыгажуню Васілісу, — пачухаў патыліцу народны цар Іванка.
Паэт Карней памахаў галавою, быццам хлопчык, якога моцна пакрыўдзілі.
— Трэба другую. З гэтаю характарамі не сышліся. Ёй даспадобы музыка, а мне паэзія.
Народны цар Іванка памахаў пальцам.
— Ну! Ну! Трэба, каб сыходзіліся. Што заморскаму цару напішу?
— Ваша вялікасць! Змарнею, ссівею.
Бядуе, што ссівее. І так сівы як голуб. Няўжо думае, што ніхто не бачыць?
Народны цар Іванка пырснуў у далоню.
— Так і быць. Выпішу табе яшчэ адну прыгажуню Васілісу. Цар з царом заўжды дамовяцца.
Паэт Карней узняў галаву.
— Ваша вялікасць! Яшчэ адзін верш напісаўся, крышку ўдаўся. Дазвольце прачытаць.
— Чытай. Хм… Яшчэ адну прыгажуню… Пацешыў. Чытай.
— Гэты верш я прысвячаю вашаму палацу.
Царскаму палацу прысвячае! Няўжо пасля прачытае вершы, якія прысвяціў царскім коням ці царскім астрыжаным сабакам? Пра сабак было б цікава паслухаць.
— Чаму майму палацу, а не мне? — запытаў народны цар Іванка.
— Ваша вялікасць, палац ваш. Выходзіць, і вам заадно прысвячаю.
— Твая праўда. Чытай.
Паэт Карней адну нагу паставіў уперад, рукі заклаў за спіну і пачаў чытаць нараспеў:
Тут ціш і лагода, Вясна і свабода. Няхай жыве цар — Наш валадар.Я зірнуў на народнага цара Іванку. Жмурыцца, як кот на печцы. Даспадобы яму і пра вясну, і пра свабоду. А свайго галоўнага міністра паслаў з мядзведзем барукацца. Хіба забыўся? Памяць кароткая, калі так. Няўжо паэт Карней пра ягоныя фокусы не ведае? Не. Ведае. Чытае, а мабыць, новая прыгажуня ў галаве.