Шрифт:
1 там, і тут на юнакоў, што засланялі сабою дарагія народу муры, пусцілі бульдозеры. I там, і тут з воляю народу не палічыліся, будынкі паламалі. I там, і тут удзельнікаў мужнай, але, на жаль, бясплённай абароны ўлады абвінавацілі ў парушэнні савецкага заканадаўства (!).
Ёсць, аднак, і істотная розніца ў гэтых дзвюх падобных гісторыях: мінскіх адваж- ных патрыётаў дадаткова да ўсяго назвалі яшчэ і беларускімі нацыяналістамі і ўзялі на адпаведны ўлік, чаго не дапусцілі ў адносінах да іх ленінградскіх калегаў.
Заўважым, што такім абвінавачваннем закончваюцца любыя нашыя па- трыятычныя акцыі. Можна толькі пазайздросціць сімпатычным нам рускім на- цыяналістам, якія змагаюцца за сваю культуру, не баючыся палітычнага крыміналу. А нас пабралі на ўлік у КДБ.
P. S. Фасадная сцяна разбуранага мінскага будынку была аздобленая цікавым балконам, на кратах якога, здаецца, красавалася з шэсць прыгожа выкутых Пагоняў. Дзе яны? Няўжо выкінулі, як “нацыянальную атрыбутыку”?!
29 сакавіка 1987 году. Нядзеля, пасля дванаццаці гадзінаў. Працую над Распуцінскім “Пажарам” і скрозь адчыненыя дзверы ў суседні, наш агульны пакой адным вухам чую нейкую фальклорную тэлеперадачу. Чую словы таго, хто вядзе:
– У апошні час узнікла і паспяхова развіваецца новая цікавая з’ява ў мастацкай самадзейнасці - сямейныя ансамблі. Зараз мы вам пакажам адзін такі калектыў
з Літоўскай ССР.
– Ты паказаў бы з Кемераўскай вобласці!
– кажу не без іроніі я, выходзячы, каб зірнуць на экран.
Убачыў з задавальненнем добра зладжаны музычны ансамбль і зусім быў ура- жаны вялізным танцавальным гуртам - сямейным. Гэта ўсё адна разгалінаваная сям’я - і музыкі, і танцоры. Мабыць, дзяды, бабкі, дзеці, унукі. Ды дваюрадныя, траюрадныя гэтай жа лініі. Ды мужы, жонкі, свёкры і свякрухі, цешчы і цесці. Дый іх сваякі! Бо гурт быў у сапраўднасці на добры дзесятак нармальных сем’яў.
Але ж не сам гэты факт нарадзіў гэты запіс. Яго, напэўна ж, не было б, каб не назойлівае прыставанне журналісткі да старой літоўкі з той “самадзейнасці”.
– А скажыце, калі было лепш спяваць, - цяпер ці раней, - дапытваецца не зусім разумная тэлежурналістка, пад “раней” маючы на ўвазе Літву самастойную, дасавецкую.
Кабета, яўна неўпапад, сказала, што “вядома, раней”. Гэта абразіла “журналістку”
– яна чакала (!?) пачуць ухвалу савецкаму рэжыму. I як толькі яна не касабочыла сваё правакацыйнае пытанне! I колькі прыкрых “збояў” мела, аж нарэшце нешта нібы “аптымістычнае” пачула ад беднай “падследнай” і пакінула яе.
Гэтую перадачу змяніла праграма “Мир и молодость”. Рэзалі слых грубыя, на мяжы “нецэнзуршчыны” словы, што зрываліся з экрану і напаўнялі кватэру. Давялося шчыльней прыкрыць дзверы.
2 красавіка 1987 году. Папа Рымскі Ян Павел II зноў у Лацінскай Амерыцы. Сёння ён - у Чылі! Піначэт, як вынікае з замежнай інфармацыі, падрыхтаваўся моцна, каб не дапусціць да непажаданых свайму рэжыму эксцэсаў. Што датычыцца усяленскага Архіпастыра, то ўвесь свет добра ведае яго намаганні ўнесці магутны ўклад у справу якраз разбурэння гэтага дэспатычнага рэжыму.
Каталіцкая Царква Чылі ўвесь час, як вядома, знаходзіцца ў апазіцыі да крывавай піначэтаўскай дыктатуры. У апошні час гэтыя адносіны яшчэ больш абвастрыліся. Ян Павел II ужо некалькі разоў недвухсэнсоўна падтрымаў антыпіначэтаўска настроены Чылійскі Епіскап.
Я шчыра ўздыхаю да Усявышняга ў інтэнцыі шчаслівага завяршэння гэтага небяспечнага Святога Паломніцтва. Божа, захавай на доўгія гады прысвечанае па- шырэнню Тваёй славы падзвіжніцкае жыццё святога Пантыфіката Яна Паўла II.
Газета “Известия” дае трывожную інфармацыю пра становішча ў Сант’яга на ўчарашні дзень, гэта значыць, напярэдадні візіту. Там адбываюцца антыпіначэтаўскія дэманстрацыі, мітынгі бяздомных. Сям-там успыхваюць сутычкі паміж паліцыяй і дэманстрантамі. Поўна арыштаваных! Карацей, атмасфера накаляецца.
3 красавіка 1987 году. Асноўная мая ўвага засяроджаная цяпер на Чылі.
Учора вечарам Цэнтральнае тэлебачанне паказала некалькі кадраў аб прыездзе
Свяцейшага ў сталіцу няшчаснай краіны і яго афіцыйнай (!) сустрэчы. Выгляд у Папы стомлены. А можа, Яго раздражняе Піначэт?
Сёння “Известия” далі ўжо значна большую інфармацыю пра гэту выдатную падзею. Прыкладна 1800 знакаў, альбо машынапісную старонку. Прытым змясцілі на першай паласе пад падвойнай рубрыкай - “Паведамленні з-за мяжы” і дадат- ковая - “Прэс-служба “Известий”.
Дарэчы, учора “з тэлетайпнай залы “Известий” надрукавалі ўсяго толькі да сарака словаў пад назваю “Дэманстрацыя бяздомных”.
У гэтай краіне, значыцца, Ян Павел II прабудзе аж шэсць дзён. Як паведам- ляюць, сустрэча яго “вылілася ў масавую антыдыктатурскую дэманстрацыю... як толькі Папа апынуўся ў саборы, на чылійцаў абрынулі ўсю магутнасць вадамётных гарматаў, быў прыменены слёзатачывы газ. Пачаліся арышты людзей...”
Гэта ж толькі пачатак! Наперадзе яшчэ цэлых пяць даўжэзных небяспечных дзён. Хачу быць там! Хачу быць побач! Хачу прадухіліць любую прыкрасць Вялікаму. Вачыма сваёй душы я ўжо выразна бачу гэтую спакутаваную краіну, тыя дарогі, дзе ён будзе, тыя храмы, якія яго прымуць. Бачу натоўпы, што яго акружаюць. Вось сярод іх я растваруся і буду ўсюды ў гэтым натоўпе, спераду і з бакоў яго! Буду над ім! Я стану на гэты час мільёнавокім вартавым!