Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Яны стаялі так каля гадзіны, упарта чакаючы цягнікоў, якія не
пойдудь. І яна гаварыла, гаварыла, верачы ў магію слоў, якія ўжо нічога не маглі змяніць. І словы яе гучалі ў яго вушах пад жалобны, нечалавечы голас з рэпрадуктара:
– Грамадзяне пасажыры... грамадзяне пасажыры... раім скарыстадь гэту магчымасць... раім скарыстадь...
І раптам ён сказаў, гледзячы ёй проста ў вочы:
– А ты мне не верыш. Ты думаеш, я проста не кахаю цябе пасля таго, што было.
Яна пільна паглядзела на яго:
– Не... цяпер веру.
– Грамадзяне пасажыры, - бразгацеў голас у рэпрадуктары.
І тут хлопец паглядзеў на дзяўчыну, быццам упершыню заўважыўшы яе. Убачыў, як яна ўся дрыжыць ад холаду. І востры, ні з чым не параўнальны жаль разануў яго па сэрцы.
– Едзем да мяне. Мы сёння не дачакаемся цягніка. Пераначуеш у мяне.
І амаль бягом павёў яе да прыпынку таксі, прэч ад перона.
Калі яны ўвайшлі ў пакой, дзяўчына бяссільна апусцілася ў крэсла. Ён пстрыкнуў выключальнікам - і за акном адразу ўвесь свет агарнуўся змрокам і непрытульна падямнелі ствалы напалову голых дрэў.
Яна дрыжала, седзячы ў крэсле. А хлопец замкнуў дзверы, спехам уключыў рэфлектар - у пакоі было халаднавата, таму што яшчэ не пачыналі палідь, - і выцягнуў з шафы ваўняны пуловер.
– Прэч гэта, - сказаў ён, стаючы перад ёй на калені.
Ён адкінуў туфлі ўбок і захутаў яе ногі, з пакутлівым шкадаваннем адчуваючы, якія яны халодныя.
Потым спешна наліў ёй шклянку віна, адчыніў пісьмовы стол. У пакоі адразу разліўся добры, зусім хатні водар саду. Ён выцягнуў усю шуфляду, напоўненую зеленавата-васковымі моцнымі яблыкамі, і паставіў перад ёю.
– Выпі. Еж, - сказаў ён.
Яны моўчкі пілі. У непрытульным змроку за акном, за шумнай цемрай парку дрыжалі гарадскія агні.
І абаім здавалася, што гэта не той няўтульны і любы і пагражальны горад глядзіць у іх пакой, а проста закінуты хутар недзе на краі зямлі, і гарыць печ, і сумуе ў садзе закінуты шалаш вартаўніка, і моцны водар яблык, што аддае віном, поўніць усё вакол. Гэты прывід шчасця, немагчымага цяпер для іх, быў такі пакутлівы, што яна сказала:
– Пакажы мне свае работы.
Ён нават з нейкай радасцю адшмаргнуў шторы.
І яна міжвольна падалася назад: з палатна, што стаяла перад ёю, лілося такое трывожнае чырвонае святло, што хацелася закрыць вочы.
Яна зразумела, што гэты водбліск пагрознага не мог быць звычайнай зарой.
Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу. Рабілася шкода чагосьці, нешта пагражала, нараджалася ў сэрцы няўмольная любоў.
– Гэта называецца “радзіма”, - сказаў ён.
– Так яшчэ ніхто не рабіў, - сказала яна.
– А вось яшчэ.
Яна ўбачыла пакрыўлены рог дома, акно, з якога, як сцяг, вырывалася фіранка, - відаць, па пакоях гуляла пройма - і двух сабак, якія пілі ваду пад дзіраваю рынай. Убаку трэці пёс, пужліва азіраючыся, капаў сабе ў зямлі нару.
– Гэта называецца “вайна”?
– спытала дзяўчына.
– Так.
Потым была бязмежная роўнядзь вады, сусветны патоп, а над ёю юнак, што ўздымаў на руках непрытомную дзяўчыну. Вада ўсё прыбывала, і на твары юнака можна было чытаць:
“Любая, дыхай, пакуль мае вусны не зніклі пад вадой”. І яшчэ нібы чыталася: “Я не баюся цябе, бог! Таму што я чалавек. Нават перад смерцю”.
Яны глядзелі далей. Перад дзяўчынай праходзілі людзі - людзі са спрацаванымі рукамі, людзі шахт, людзі непалітых ніў, маладыя альбо старыя, добрыя ці благія, але ўсе чалавечныя.
– Я ненавіджу смерць, - сказаў ён, - я ненавіджу яе.
– А як ты змагаешся з ёю?
– Глядзі.
На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй стычцы два коннікі.
Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драмагызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.
Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара.
Дзяўчына ўздыхнула:
– Ты ведаеш, што ты геній?
– У мяне няма часу на тое, каб стаць ім.
І, апусціўшы штору, быццам адрэзаў:
– Спі.
– Пачакай, я яшчэ пабуду з табою... Трошкі. Я не хачу спаць.
– Добра, - у яго загарэліся вочы.
– І я таксама.
Яны яшчэ каля гадзіны гаварылі. І гэта былі ўспаміны, словы аб мінулым каханні, аб тым, што кожны з іх перажыў потым.